4 снежня літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа адсвяткаваў 65 год з часу свайго заснавання. Гэта месца, дзе жыў славуты пісьменнік з 1945 па 1956 гады, у якім захоўваюцца асабістыя рэчы паэта і яго сям’і, кнігі, рукапісы, дакументы і іншыя каштоўныя экспанаты. Аднак мала хто ведае, што першапачаткова дом Якуба Коласа быў драўляным, а яго гісторыя пачынаецца ў часы нямецкай акупацыі Мінска.
Музей-сядзіба Якуба Коласа ў Мінску з’яўляецца адным з вядучых культурных цэнтраў, дзе зберагаецца гісторыя жыцця і творчасці аднаго са стваральнікаў сучаснай беларускай мовы і літаратуры. На месцы сённяшняга двухпавярховага цаглянага катэджа некалі знаходзілася драўляная хатка, якая з’явілася тут падчас Другой суветнай вайны, і жыў там намеснік начальніка вайсковага шпіталя. У пасляваенны час у яе з’яўляецца новы гаспадар — народны паэт Беларусі Якуб Колас. Менавіта на прыкладзе гісторыі пасляваеннай сядзібы Якуба Коласа ў Мінску можна ўбачыць складанасць і неадназначнасць гістарычных з’яў і працэсаў.
Гісторыя драўлянай сядзібы ў дворыку Акадэміі навук пачынаецца ў час акупацыі Мінска нямецкімі войскамі. Падчас вайны будынак галоўнага корпуса Акадэміі навук пацярпеў, аднак у частцы памяшканняў нямецкая акупацыйная адміністрацыя размясціла шпіталь. Недалёка ад Акадэміі навук знаходзіўся драўляны дом, у якім падчас акупацыі Мінска жыў намеснік нямецкага шпіталя.
Вось што напісана пра сядзібу пісьменніка ў азнаямляльных брашурках Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа: «Невялікі драўляны домік у тры пакоі на вуліцы Пушкінскай, 84 (сённяшняя вуліца Акадэмічная, 5), пабудаваны немцамі ў час вайны, стаў прытулкам паэту і яго сям’і». Цалкам апраўданым з’яўляецца меркаванне, што для службоўцы высокага рангу немцы маглі пабудаваць ці перавезці з іншага месца драўляны дом, у якім у будучыні будзе жыць народны паэт Беларусі Якуб Колас.
Брашурка пра літаратурны музей Якуба Коласа, 1967 год. Крыніца: ay.by
Падшукаць новае месца для жылля ў разбураным вайной Мінску пісьменнік даручыў свайму старэйшаму сыну Данілу Міцкевічу. Момант прыезду ў беларускую сталіцу і засяленне ў новы дом Даніла Канстанцінавіч узгадваў наступным чынам: «У двары Акадэміі навук БССР у час вайны збудавалася хата. Відаць, яна была прывезена з якойсьці вёскі. Жыў тут, казалі, намеснік начальніка нямецкага шпіталя, што размяшчаўся ў клінічным гарадку. З ведама кіраўніцтва акадэміі я пасяліўся тут у свой другі, пасля вызвалення горада, прыезд у Мінск у жніўні 1944 года».
У моцна пашкоджаным горадзе цяжка было знайсці прыстойнае жыллё, таму домік у двары Акадэміі навук стаў на той час добрым вырашэннем жыллёвага пытання. Хата была памерам прыкладна 5×9 метраў, мела тры невялікія пакойчыкі і зусім маленькую кухню — 2×2 метры. Адсутнічала ванная, і наогул водазабеспячэння ў доме не было. Але затое гэта было зручнае месца.
Па-першае, у двары Акадэміі навук, у якой Колас працаваў віцэ-прэзідэнтам з пачатку яе заснавання. Па-другое, вакол раслі сосны — рэшткі былога вялікага загараднага лесу. Блізка знаходзіліся Батанічны сад Акадэміі навук і парк Чалюскінцаў. Паветра было значна чысцейшае, чым у іншых раёнах горада, шмат цішэй. Праўда, у той час тут была самая ўскраіна горада. Сам Якуб Колас згадваў спіплыя ўмовы свайго новага жытла ў лісце да рускай паэткі Святланы Сомавай у снежні 1944 года: «Мой домик небольшой: четыре маленькие комнатки и миниатюрная кухня. Тепло быстро уходит в потолок. Но каждый день я кое-что успеваю сделать для того, чтоб в домике можно было жить удобно... Живу я на окраине. Моя хата стоит в маленьком леске, в окружении сосен».
Драўляная хатка, у якой жыў Якуба Колас. Крыніца: kolasmuseum.by
У першы дзень свайго прыбывання ў Мінску 6 снежня 1944 года Якуб Колас піша ў лісце да жонкі Марыі Дзмітраўны, якая на той час знаходзілася ў маскоўскай бальніцы: «Прыехаў у той дом, дзе зараз сяджу і пішу табе гэта пісьмо. Перада мной слепа гараць свечкі «Гіндзенбургліхт». І пяро, і чарнільніца, і чарнілы дрэнныя. І тым не меней дом падабаецца мне. Учора ў ім было холадна. Сягоння ўладзілі кахлянку. Яна бярэ мала паліва, а цяпла дае многа...».
Свечка Гіндэнбурга (Hindenburglicht) — бляшаны або кардонны каганец дыяметрам 5–8 гл і вышынёй 1–5 см, запоўнены стэарынам і з кнотам у цэнтры. З’явілася падчас Першай сусветнай вайны для асвятлення бліндажоў, бомбасховішчаў і г. д. Названа па імені Паўля фон Гіндэнбурга, генерал-фельдмаршала, галоўнакамандуючага на Усходнім фронце супраць Расіі, пазней рэйхспрэзідэнта Веймарскай Рэспублікі. Свечкі актыўна выкарыстоўваліся таксама падчас Другой сусветнай вайны.
Выгляд свечак Гіндэнбурга. Крыніца: leibstandart.com
Праз некалькі дзён пісьменнік зноўку напіша ўласнай жонцы ліст, у якім згадае выгляд сцен пакояў хаты: «Па доме трэба зрабіць сякі-такі рамонт — насыпаць столь, пашараваць ды памаляваць сцены. Яны аштукатураны на нямецкі лад — аляпавата і брыдка: як струпы, тырчаць у гліне пілавіны. Ды трэба нешта зрабіць з падлогаю». Такім чынам, апісанні паэтам ўнутранага выгляду дома дазваляюць нам канстатваць, што ў доме заставаліся нямала рэчаў, якія належалі немцам, а ўнутры драўлянай пабудовы панаваў нямецкі дух.
Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч згадвае ў сваёй кнізе «Пад бацькоўскім дахам»: «Хата з пячным ацяпленнем патрабавала многа дроў. На першы час разабралі пабудаваны немцамі бункер, там драўніны было шмат. Для яе захавання пабудавалі з дошак хлевушок з добрым склепам і з маленькім пакойчыкам — для мяне на лета».
Крыху пазней на сядзібе Якуба Коласа быў зроблены яшчэ і пограб для захавання агародніны і садавіны, якія пісьменнік планаваў вырошчваць на сваім прысядзібным участку. Пра гэта пісьменнік узгадваў у лісце да свайго малодшана сына Міхася Міцкевіча (які на той час вучыўся ў Маскве) у лістападзе 1945 года: «Пограб скончаны. Туды перанеслі бульбу. Адну кадушку капусты Оля паставіла. Капуста выйшла ўдалая, і мы яе ў нядоўгім часе даканаем. Думаем паставіць яшчэ адну кадушку».
Нямецкая друкарка Standart-12 у асабістым кабінеце Якуба Коласа. Крыніца: belarus-travel.livejournal.com
Ад немцаў у хаце засталіся яшчэ некаторыя цікавыя рэчы. Да прыкладу, дагэтуль у працоўным кабінеце Якуба Коласа экспануецца нямецкая трафейная друкарка Standart-12, на якой пазначаны горад, дзе яна была выраблена — Нюрнберг. Знаходзіцца гэты экпанат у адносна добрым стане і заўсёды прыцягвае ўвагу наведвальнікаў музея, якім так і хочацца націснуць хоць бы на адну клавішу нямецкай друкаркі.
Яшчэ адным трафейным прадметам з’яўляецца нямецкі радыёпрымач Blaupunkt, які дагэтуль экспануецца ў мемарыяльнай частцы другога паверха музея. Гэты радыёпрымач з моцнымі тэхнічнымі параметрамі дазваляў сям’і пісьменніка лавіць забароненыя ў Савецкім Саюзе хвалі «Голасу Амерыкі».
Радыёпрымач Blaupunkt, які экспануецца ў мемарыяльнай частцы музея. Крыніца: belta.by
Колас на фоне нямецкага радыёпрымача, 1946 год. Крыніца: zviazda.by
Пасля асабістай жыццёвай трагедыі (смерці жонкі) Якуб Колас канчаткова пераязджае ў Мінск і пакрысе пачынае атабарвацца ў новым доме.
Пачынаючы з лета 1945 года пісьменнік вырашае крыху ўладкаваць пакоі кватэры, каб было больш утульна. Падрабязна акалічнасці ўладкавання пакояў Якуб Колас апісваў у лісце да Святланы Сомавай ад 26 снежня 1945 года: «Я начинаю понемногу устраивать свою квартиру, а то в ней было очень пусто и неуютно. Впрочем, сам я этого не замечал и не обращал внимания на разную домашнюю чепуху, без которой можно обойтись. Но добрые люди где-то сказали, что у меня чересчур монашеская обстановка. И вот сегодня у меня появились картины на стене, разные постельные и бельевые вещи. Одним словом, помаленечку обуржуиваюсь».
Нездарма, калі ўлетку 1946 года дом песняра наведаў першы сакратар ЦК КПБ і старшыня Савета Міністраў БССР Панцеляймон Панамарэнка, то быў шчыра здзіўлены больш чым сціплым побытам сям’і пісьменніка. Палічыўшы дом няўтульным і непрыдатным для жылля і працы народнага паэта, Панамарэнка прапанаваў Коласу пабудаваць больш прасторны дом. Аднак пісьменнік падзякаваў яму за клопат, але адмовіўся ад прапановы.
На працягу 1945–1946 гадоў на падворку былі пабудаваны драўляны хлеў, гараж, а пазней, праз пару гадоў, прыгрэбнік і лазня. Аднак нягледзячы на тое, што прысядзібная тэрыторыя пакрысе ўпарадкоўвалася, у самой маленькай хатцы жыць было не надта ўтульна, пра што пісаў Якуб Колас у лісце да сваяка Ігната Міцкевіча ў маі 1946 года: «На двары каля хаты трэба прыбраць — папілаваць і пакалоць дровы. Ды трэба нешта рабіць і з хатаю, бо ў такой, як яна ёсць, жыць вельмі нязручна, асабліва зімою».
Драўляны хлеўчык 1945 года пабудовы. Крыніца: belarus-travel.livejournal.com
З лета 1946 года Якуб Колас пачынае займацца пытаннямі жытла, а менавіта будаўніцтвам двухпавярховай цаглянай прыбудовы да драўлянай хаты. На падворку пісьменніка распачынаюцца будаўнічыя работы, якія здзяйсняюцца рукамі палонных нямецкіх салдатаў.
Дом-гібрыд Якуба Коласа з драўлянай і цаглянай часткамі. Крыніца: kolasmuseum.by
Вельмі падрабязна Якуб Колас апісвае працэс будаўніцтва, выгляд прыбудовы і планы па яе ўпарадкаванні ў лісце да Святланы Сомавай ад 21 лістапада 1946 года: «А у меня идёт строительство, расширяю свой крохотный домик, в котором трудно повернуться, ставлю пристройку для кухни, потому что ее у меня почти нет. Пристройка кирпичная, двухэтажная. На втором этаже смастерю себе мирную обитель из двух комнат. И еще строю гараж. Машина у меня прекрасная, а стоит под открытым небом, и заводить ее на холоде очень трудно. Строительство идет медленно, работают немцы, а работа их — все равно, что мокрое горит, хоть, правда, дров моих они сожгли много. Поскорее бы избавиться от них. Мой домик холодный — немцы тоже строили. Я сижу в зимнем кожухе». Як бачым, у лісце Колас абураецца, што будоўля ідзе марудна і работнікі-немцы спалілі шмат дроў. Пісьменнік таксама згадвае, што будуецца гараж для машыны, у той час у Якуба Коласа быў «Опель Алімпія».
Якуб Колас на фоне драўлянай часткі дома, каля клумбы. 1947 год
Працэс будаўніцтва яшчэ будзе ісці доўга, настолькі, што Якуб Колас нават хадзіў з гэтым пытаннем да высокага начальства. Нават у канцы ліпеня 1947 года Якуб Колас не ведаў, калі скончацца будаўнічыя работы, пісаў да Ігната Міцкевіча наступнае: «І маё будаўніцтва яшчэ далёка не скончана. Калі яно будзе даведзена да канца, сказаць цяжка». Праўда, у канцы верасня гэта ж года Якуб Колас яму піша ўжо больш пазітыўны ліст, дзе згадвае: «Я перабраўся ў новае памяшканне, угору. Не ўсё яшчэ скончана і ў мяне. Але зімаваць будзе лепей, як раней». Згадкі Якуба Коласа пра скончанае будаўніцтва пацвярджаюцца і ўспамінамі Данілы Міцкевіча пра тое, што «30 верасня 1947 года адзначылі наваселле ў мураванай прыбудове».
Афіша музея, на якой размешчана пасляваенная сядзіба Коласа рознага выгляду і часу. Крыніца: суполка музея ў Facebook
Такім чынам, на працягу 1946–1947 гадоў была зроблена двухпавярховая цагляная прыбудова памерам 6×6 метраў, дзе размясцілі кухню, туалетны пакой, маленькі пакойчык для хатняй работніцы на першым паверсе, а таксама кабінет і спальню пісьменніка на другім. Бліжэйшыя сем год Якуб Колас з сям’ёй (сам, два сыны, нявестка) будзе жыць у доме-гібрыдзе, раздзеленым на цагляную і драўляную часткі. Толькі да 70-годдзя паэта ўвосень 1952 года з’явіцца ўтульны двухпавярховы цагляны катэдж.
Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org