Зялёны востраў у цэнтры горада: чым адметны дом-музей Якуба Коласа ў Мінску

У гэтым годзе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа будзе адзначаць 65 год з часу свайго заснавання. Нядаўна супрацоўнікі музея запусцілі конкурс творчых работ «Музей 65.0», каб распрацаваць фірмовы стыль, прысвечаны юбілею ўстановы. Але давайце разбяромся, чым так адметная сядзіба-музей і ці з’яўляецца яна славутасцю беларускай сталіцы.


Дом і сад Коласа

Музей Якуба Коласа — знакавае месца ў гарадской прасторы сённяшняга Мінска. Захаваўся сам дом, дзе жыў класік, што быў перабудаваны ў 1952 годзе па праекце архітэктара Георгія Заборскага. Двухпавярховы дом і прылеглы да яго сад плошчай 0,4 га размешчаны на тэрыторыі Акадэміі навук.

Шмат эмоцый, асабліва школьнікаў, выклікае мемарыяльная частка другога паверха музея, дзе можна ўбачыць рэчы, што належалі сям’і Міцкевічаў. Асабліва ўражвае працоўны кабінет пісьменніка, абстаноўка ў якім захавалася такая ж, як пры жыцці самога Коласа. У ім знаходзяцца шмат асабістых рэчаў, праз якія можна даведацца пра пісьменніка як простага чалавека, са сваімі звычкамі і поглядамі на жыццё.

Pracoŭny kabiniet Jakuba Kolasa
Працоўны кабінет Якуба Коласа. Крыніца: www.holiday.by

На прысядзібным участку музея захаваліся гаспадарчыя пабудовы, сярод якіх драўляны хлеў 1945 года, дзе на сене любіў адпачываць паэт, а таксама гараж 1946 года. У ім знаходзіцца стацыянарная экспазіцыя «У хвалях няспыннага руху», што знаёміць з паўсядзённым жыццём і знакавымі падзеямі ў жыцці Якуба Коласа ў перыяд 1936–1956 гг. праз прызму службовых і ўласнага аўтамабіляў.

Сядзіба пісьменніка з’яўляецца маленькай паркавай зонай практычна ў цэнтры горада. Нездарма сюды ў час працы музея, цёплымі месяцамі, завітваюць, каб адпачыць, людзі сталага веку, маладыя пары і маці з дзецьмі.

Улюбёны вяз Коласа

На Коласавай сядзібе захавалася частка саду, улюбёны вяз класіка, ля якога размешчана драўляная лаўка.

Максім Лужанін у кнізе «Колас расказвае пра сябе» пісаў на розных старонках сваёй аповесці-эсэ: «Зайшоўшы ў двор, я, як і ўсе, хто ведаў гаспадаровы звычкі, адразу ж кіраваўся да лаўкі пад вязам. Цёплаю парою, калі не было нягоды, Канстанцін Міхайлавіч заўсёды сядзеў там».

Ці вось яшчэ практычна дзённікавы запіс аўтара, што ўвайшоў у тэкст кнігі: «6 чэрвеня 1956. Прыехаўшы з Нарачы, першым чынам званю да Канстанціна Міхайлавіча. Адказваюць: дома, тупае па садзе, прасіў прыязджаць. Застаю яго на звычайным месцы, пад вязам».

Старэйшы сын Коласа Даніла Міцкевіч у кнізе «Любіць і помніць» таксама прыгадваў акалічнасці, звязаныя з улюбёным дрэвам бацькі: «Яшчэ ў красавіку 1945 года пасадзілі многа дэкаратыўных дрэў, сярод іх — любімы Коласаў вяз, пасаджаны каля хлеўчука. На лаўцы, якая стаіць пад вялізным цяпер дрэвам, часта адпачываў, гутарыў з сябрамі гаспадар сядзібы».

Ekspazicyja «U chvaliach niaspynnaha ruchu», razmieščanaja ŭ adnym z haražoŭ, kalia jakoha rascie liubimy kolasaŭski viaz
 Экспазіцыя «У хвалях няспыннага руху», размешчаная ў адным з гаражоў, каля якога расце любімы коласаўскі вяз. Крыніца: https://topgid.net

Дрэвы, набытыя Якубам Коласам

Нямала дрэў Якуб Колас садзіў сам на ўласнай сядзібе. У фондах музея захавалася некалькі накладных, дзе класік беларускай літаратуры за свае грошы набываў дрэвы для азелянення саду.

Так, па накладной са штампам і рахунку з пячаткай Дзяржаўнага плода-дэкаратыўнага пітомніка Міністэрства лясной гаспадаркі БССР Якуб Колас набыў на суму 1035 рублёў пятнаццаць туй і шэсць блакітных елак. На апошнім дакуменце пастаўлены дадатковы шмамп «Оплачено наличными».

Ёсць яшчэ адна накладная, дзе без пазначэння назваў раслін выпісана з Батанічнага саду дрэваў і кустоў на суму 1210 рублёў у колькасці 93 штукі. Гэта выпіска была зроблена праз сябра Данілы Міцкевіча хіміка Фелікса (Хвядоса) Лагуту. Прычым падставай для выпіскі з’явілася распараджэнне дырэктара Батанічнага саду з яго ўласным подпісам. А дырэктарам саду на той час быў Аляксей Міраненка, які ўжо тады стаў кандыдатам біялагічных навук, а ў далейшым атрымаў прафесарскую ступень.

Усе згаданыя дакументы датуюцца маем 1949 года, што сведчаць пра актыўнае азеляненне тэрыторыі Коласам у гэты час. Звычайныя накладныя, што сталі музейнымі экспанатамі, дапамагаюць разабрацца і прасачыць, як фарміравалася сённяшняя тэрыторыя музея, і ўявіць, як выглядала сядзіба пры Коласе.

Да сённяшняга часу на тэрыторыі можна ўбачыць парачку блакітных елак, што былі сведкамі жыцця класіка. Ля ўваходу на тэрыторыю музея і на самой сядзібе знаходзяцца некалькі туй, як напамінак пра ўпрыгажэнне і азеляненне Коласам уласнага дома.

Rachunak, jaki sviedčyć ab atrymanni Kolasam šasci blakitnych jelak i paŭtara dziasiatka tujaŭ
Рахунак, які сведчыць аб атрыманні Коласам шасці блакітных елак і паўтара дзясятка туяў. Крыніца: музей Якуба Коласа

На Коласавай сядзібе з дзясяткі тры высачэзных сосен. Яны настолькі высокія, што каб убачыць іх верхавіны, трэба ўгару задраць галаву. Наогул жа сосны знаходзяцца не толькі на тэрыторыі сённяшняга музея, але і дзяцячага садка № 62, а таксама стаяць у дварах некаторых дамоў па вуліцы Акадэмічнай.

Старэйшы сын Коласа Даніла Міцкевіч так апісвае сядзібу: «Навакол раслі (і цяпер растуць) сосны — рэшткі былога вялікага загараднага лесу. Блізка знаходзяцца Батанічны сад Акадэміі навук і парк Чалюскінцаў. Паветра значна чысцейшае, чым у іншых раёнах горада, шмат цішэй. У той час тут была ўскраіна горада... Травы на сядзібе расло шмат. Летнім днём бацька любіў паспаць на сене пасля абеду, пасядзець з сябрамі. Ну зусім як у вёсцы! А як прыемна было яму пасядзець на лаўцы або паляжаць у гамаку пад соснамі, паслухаць птушыны спеў! І хоць не так было многа гэтых сосен, але ўсё ж яны нагадвалі мілыя з далёкіх часоў дзяцінства лясы Наднямоння, нагадвалі любыя сэрцу Вусце і Балачанку».

Ahuĺny vyhliad doma-siadziby Jakuba Kolasa
 Агульны выгляд дома-сядзібы Якуба Коласа ў акружэнні хваёвых дрэў. Крыніца: kolasmuseum.by

Сёння на тэрыторыі музея растуць акрамя хвойных дрэваў яшчэ і пладовыя: яблыні, грушы, вішня і сліва. Растуць таксама кусты агрэсту, парэчак, маліны. Дагэтуль захавалася яблыня, якая родзіць, пасаджаная самім Коласам. Нездарма Даніла Міцкевіч прыгадваў, што «ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада 1945 года пасадзілі з дзясятак яблыняў каля хаткі».

У вершы «З майго летапісу», што быў напісаны ў маі 1947 года, аўтар піша:

Хаджу ад дубкоў я ад яблынек кволых,
Што летась саджаў яшчэ з ранняй вясны,—
Гібеюць, нябогі, і я невясёлы,
Успомню і мары былыя і сны.

Растуць таксама акацыі, каштаны, клёны, бярозы, ліпы. Нават граб пасяліўся на Коласавай сядзібе, разраслося кустоўе чубушніку і арэшніку па ўсёй музейнай сядзібе. Многія з дрэваў, даволі вялікія і высокія, былі сведкамі розных падзей у жыцці музея і маюць ужо немалады ўзрост. Прычым старэйшых дрэваў дакладна не менш, а мабыць і больш, чым маладзейшых, якія таксама добра ўпісваюцца ў прыродныя краявіды сядзібы.

Падчас здымак фільма «Народны паэт» (рэжысёр — Юры Тарыч) захаваліся цікавыя кадры, дзе ў пачатку дакументальнай стужкі Якуб Колас сам палівае свой сад. Гэты фільм быў зняты на 70-годдзе народнага паэта і з’яўляецца першай у гісторыі беларускага кіно гісторыка-біяграфічнай стужкай. Да канца жыцця сам народны паэт даглядаў малады сад, які ўласнаручна пасадзіў на сваёй сядзібе, давяраў народным прыкметам і клапаціўся аб добрым ураджаі.

Jakub Kolas palivaje ŭlasny sad i aharod
Якуб Колас палівае ўласны сад і агарод. Кадры з фільма «Народны паэт», 1952 год

Дубкі і бярозка ў гонар сям’і

У гонар сваёй сям’і са Колас пасадзіў тры дубкі і бярозку. Па словах Данілы Міцкевіча, «калі ж згасла надзея, што вернецца з вайны сярэдні сын Юрка, бацька з Міхасём прынеслі з Батанічнага саду дубок і пасадзілі яго ў памяць Юркі. Было гэта 23 красавіка 1947 года».

Biarozka i try duby ŭ pačatku 1990-ch hh.
 Бярозка і тры дубы ў пачатку 1990-х гг. Крыніца: музей Якуба Коласа

На сёння сімвалічна, што самае разгалінаванае дрэба — дуб-Колас, самы тонкі — дуб-Міхась, як малодшы сын пісьменніка. А самы вялікі — дуб-Юрка, можа, з-за таго, што той любіў займацца спортам і, як кажуць палякі, быў «выспартаваны». 

Нездарма ўкраінскі паэт Максім Рыльскі, што цесна сябраваў з Коласам, напісаў верш-прысвячэнне яго сыну Данілу Міцкевічу, які назваў проста «Дуб Данила»:

Стоїть там дуб, могутній, як земля.
Яке величчя і незламна сила!
Як впевнено він віти розкриля!
Поет новий, що доля охрестила,
Так само гайового короля
Назвав у славу сина: дуб Данила.

У акружэнні дубоў расла і бярозка — памяць аб пяшчотнай маці і спадарожніцы жыцця беларускага творцы, якая памерла 21 мая 1945 года ў Маскве.

Šyĺda
Шыльда, якая абазначае дрэвы, пасаджаныя народным паэтам Я. Коласам у гонар сваёй сям’і. Фота аўтара

На сёння сядзіба класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа з’яўляецца ўнікальнай рекрэацыйнай зонай, якую ствараў сам гаспадар і яго сямейнікі.

Хведар Прылёпаўскі, budzma.org