Вандроўка па гістарычным месцы Мінску – Татарскай Слабадзе – адбылася 24 траўня. Арганізатарам вандроўкі выступіла моладзевае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка”. На экскурсіі прысутнічалі каля 30 чалавек рознага веку, сярод якіх былі і вельмі сталыя людзі.
Мерапрыемства праводзіў знаўца гісторыі, студэнт БДУ Арсеній Сівіцкі. Ён апавёў удзельнікам вандроўкі пра гісторыю пасялення татараў на тэрыторыі старажытнай Беларусі ды пра гісторыю самой Татарскай Слабады.
Паходжанне Татарскай Слабады адносіцца да пасялення ў гэтай частцы гораду крымскіх татараў, узятых у палон падчас набегаў на беларускія землі ў ХVІ стагоддзі. Раней, да XVI стагоддзя, гэтая частка гораду мела назву Пятніцкі канец. Тэрыторыю паміж Слабадой і суседняй рэчкай Свіслач складалі пераважна балоты, якія тутэйшыя татары займалі пад агароды. Гэтая мясцовасць называлася Татарскімі Агародамі.
Амаль ніводнага будынку Татарскай Слабады не захавалася да нашых дзён.
У гэты ж дзень “Гісторыка” правяла экскурсію і па Брэстчыне. Удзельнікі вандроўкі змаглі пабачыць Ружанскі палац, неагатычны палац Пуслоўскіх у Косава, цудатворную крыніцу ў Жыровічах.
Падчас вандроўкі па Брэстчыне
Экскурсіі прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”