Тры беларускія нячысцікі, пра якіх вы маглі не ведаць

Хапун — гэта не толькі тое, што можа адбывацца часам не беларускіх вуліцах, а яшчэ і адзін цікавы беларускі нячысцік? Ці вы ведалі пра яго? А ці ведалі пра Хіхітуна, які водзіцца на Мядзельшчыне? А пра Пякельнікаў — вельмі няшчасных нячысцікаў, якія трапілі ў пекла, але вельмі не хочуць там быць? PALATNO расказвае пра трох беларускіх нячысцікаў, пра якіх многія маглі не чуць.

Хапун

Chapun
Хапун. Выява зроблена штучным інтэлектам

Адна з міфічных беларускіх істот, якой страшылі маленькіх дзяцей, — гэта Хапун. Хапуна бачылі як невялічкага скурчанага дзядка з доўгай сівой барадой і з вялікай торбай.

Хапун лётае па паветры і шукае капрызлівых дзяцей, якія не слухаюцца старэйшых. Ён падпільноўваў такое дзіця, калі яно адыходзіла далёка ад дому, а потым хапала яго і саджала ў торбу. З торбы плачу дзяцей ніхто не чуў, а Хапун знікаў так жа хутка, як і з’яўляўся.

Ад Хапуна немагчыма схавацца ці ўцячы, бо ён нябачны. Яго можна пабачыць толькі тады, калі ён развязвае торбу, а робіць ён гэта толькі ў сябе ў доме. Хапун жыве за цёмным лесам пасярод балот у нары пад карчом. Туды ж носіць непаслухмяных дзяцей, там здзекуецца з іх і сячэ крапівой. Дайсці да жытла гэтага нячысціка немагчыма, а дзеці адтуль збегчы не могуць: калі дзеці вырастаюць там, то самі робяцца Хапунамі.

Пра Хапуна часцей за ўсё ўзгадвалі на Вілейшчыне.

Хіхітун

Chichitun
Хіхітун. Выява зроблена штучным інтэлектам

Яшчэ пра аднаго нячысціка згадвалі на Мядзельшчыне. Яго завуць Хіхітун.

Хіхітун звычайна знаходзіцца ў чалавека за спінай. Калі з гэтым чалавекам ці з блізкімі яму людзьмі можа здарыцца штосьці нядобрае, то Хіхітун абавязкова пачынае гэтаму радавацца, а пра гэтым пачынае смяяцца. Калі ў гэты момант рэзка абярнуцца, то можна ўбачыць маленькае стварэнне.

Гэта стварэнне падобнае да малпачкі, але з невялікімі рагамі на макаўцы.

Калі ўспрыняць смех Хіхітуна як перасцярогу, то нярэдка можна прадухіліць бяду.

Пякельнікі

Piakieĺnik
Пякельнік. Выява зроблена штучным інтэлектам

Гэтыя нячысцікі жывуць выключна ў пекле. Там яны займаюцца падтрыманнем агню для мучэння грэшнікаў. Аднак яны незаўсёды жылі ў пекле: раней яны былі вольнымі нячысцікамі, але з-за старасці, калецтва ці дуркаватасці іх туды саслалі. Раней у Пякельнікаў была поўсць, а замест капытаў былі кіпцюры.

Пякельнікі мелі напалову сабачы, напалову казіны выгляд. У іх была тонкая скура, доўгі хвост і рогі з тоўстым слоем сажы. У іх былі белыя вочы, белыя зубы. Язык для іх быў інструментам, бо ім яны раз-пораз аблівалі свае ахвяры ў пекле расплаўленай смалой і серай.

Пякельнікі займаюцца ў пекле аднастайнай працай, а яшчэ не могуць выбрацца на волю, таму ў іх асаблівая жорсткасць да ахвяр.

Цікава, што калі б Пякельнікі ведалі, што з імі адбудзецца ў пекле, то прыклалі б усе намаганні, каб туды не трапіць.