Вітаем, шаноўныя! Вы таксама заўважылі тэндэнцыю, у якой мы падрабязна асвятляем музыку, так ці інакш звязаную з папулярнымі жанрамі, але нібыта зусім не надаем увагі пераважна інструментальным кампазіцыям? Выпраўляемся! У сённяшнім выпуску «Гітары Мулявіна» пагаворым пра сінтвэйв, хаўс і дадамо сюды крышачку эксперыментаў, без якіх сучасная беларуская музыка проста не мела б развіцця.
Уявіце сабе, што вы не можаце ўключыць і слухаць альбом фонам. Вы не можаце ўспрымаць яго, едучы ў метро, ці проста крочачы па вуліцы ў віры штодзённых справаў. Вам патрэбна вылучыць гадзіну-паўтары, утульна расцягнуўшыся на фатэлі альбо ложку, пажадана, заплюшчыўшы вочы, і максімальна сканцэнтраваць сваю ўвагу на кожнай ноце ці слове.
Музычны альбом як фільм альбо дарагое віно, якое вы будзеце смакаваць да апошняй кроплі. Менавіта такія асацыяцыі выклікае зборнік Zaručyny ад гурта Fantastic Swimmers і беларускай паэткі Алены Банэт.
Усяго тут 5 трэкаў, якія маюць змрокавыя джазавыя матывы, пераплеценыя ў адзін агульны аўдыякалаж. Своеасаблівыя нататкі ад Алены і добра зымправізаваны інструментал ад беларуска-польскіх музыкаў прабіраюць да глыбіні душы і нібыта запаўзаюць у самыя цёмныя куткі падсвядомасці.
Вайб альбома акрэслім як сур’ёзна-метафарычны, у якім кожны меламан падчас праслухоўвання можа адчуць сябе і творцам, і паэтам, і слухачом. Важна толькі знайсці свае сэнсы і, магчыма, зрабіць свае высновы, не думаючы аб тым, што хацеў сказаць аўтар.
Вялікая колькасць людзей любіць жыць мінулым. А што калі сучасны музычны праект адсылае нас да 70-х — 80-х гадоў XX стагоддзя?
Не перажывайце, Савецкі Саюз адраджаецца калектывам ЛЭП толькі на іх ЕР з іранічнай назвай «Жить вечно». А калі быць дакладным — аднаўляецца не толькі характэрны гук тых часоў, але і атмасфера. Цягучая безнадзейнасць і шэрасць, прасякнутыя вінтажным гучаннем сінтэзатараў і наўмысна «бруднай» апрацоўкай кожнай кампазіцыі, выдатна дапаўняюцца такімі радкамі як «стоящие заводы перевыполнили план», «падение звезд поколения космоса», «вклады в валюте — надежды и трепет» і іншымі.
Агульную атмасферу экзістэнцыйнага крызісу падтрымлівае пранізлівы жаночы вакал. Для першага рэлізу няблага, але спадзяемся, што калектыў падтрыхтуе яшчэ больш смелыя эксперыменты ў будучыні і прымусіць нас не толькі сумаваць, але і ўсміхацца.
Мы не мы, калі апроч такіх тытанічна-сумных рэлізаў не ўставім клубняк «на патанчыць»!
Рэліз Sence House System, падрыхтаваны Sence — музычным лэйблам з Маладзечна, які яднае творцаў жанру з усёй Беларусі. Агулам у зборнік увайшлі 9 кампазіцый, і кожная з іх мае свае адметнасці, бо над імі працавалі розныя прадзюсары, якія ўносілі свае фішкі і неспадзяванкі ў кожны з трэкаў.
Гучыць увесь гэты вінегрэт бадзёра і энергічна, і акрамя тусовак можа заляцець і ў плэйлісты адданых прыхільнікаў жанру. Прыемна рухацца пад такую музыку, разумеючы, што яна зроблена «нашымі». Ці не так?
Любіце беларускую музыку, слухайце беларускую музыку, і да наступнай сустрэчы! Будзьма!
Хатні Томпсан, budzma.org