Пасля заявы міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі на Пятым з’ездзе беларусаў свету аб тым, што ён зробіць усё магчымае, каб перавесці сваё міністэрства на беларускую мову, адзін з дэлегатаў гэтага з’езду, гомельскі актывіст Ігар Случак, вырашыў яму дапамагчы ў справе беларусізацыі.
У звароце, разасланым у некалькі дзесяткаў міністэрстваў і ведамстваў краіны, было прапанавана перавесці справаводства на беларускую мову, а таксама ўжываць яе ў паўсядзённым працоўным жыцці.
За гэты час было атрымана 25 адказаў, пераважная большасць з якіх, дарэчы, дадзеная на беларускай мове. Рускамоўнымі аказаліся толькі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства гандлю, Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчавання і Міністэрства прамысловасці.
У цэлым адказы даволі станоўчыя і вытрыманыя. Ёсць нават пазітыўна-эмацыйныя, як, напрыклад, з Міністэрства адукацыі: “Выказваем Вам словы падзякі за клопат наконт карыстання роднай мовай у дзяржаўных установах рэспублікі”. Ці з Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчавання: “Благодарим Вас за гражданскую позицию в отношении возрождения духовности и сохранения национальности в Беларуси”. Добра пачынаецца адказ і з Вышэйшай атэстацыйнай камісіі: “Нам імпануе Ваша занепакоенасць развіццём і ўмацаваннем беларускай культуры і беларускай мовы, у прыватнасці ў нашай паўсядзённай рэчаіснасці”.
Але ёсць і сухія адпіскі кшталту: “Разгледзелі.., паведамляем…, немэтазгодна…” альбо “Закон РБ “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” прадугледжвае права на выкарыстанне рускай мовы…” і г.д. Прыкладна такія адказы прыйшлі з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства гандлю, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства інфармацыі, а таксама з Гомельскага абласнога і гарадскога саветаў.
У некалькіх выпадках даецца дэталёвае абгрунтаванне, чаму менавіта сёння немажліва перавесці справаводства на беларускую мову: “Перавод справаводства ў органах унутраных спраў на беларускую мову патрабуе значных фінансавых сродкаў на замену штампаў, пячатак, бланкаў друкаванай прадукцыі, выдаткаў на пераклад і выданне на беларускай мове дзеючых пастаноў, загадаў, распараджэнняў, іншай службовай дакументацыі. З улікам таго, што органы ўнутраных спраў у сваёй дзейнасці цесна ўзаемадзейнічаюць з іншымі праваахоўнымі органамі, судамі, органамі ўлады і кіравання, перавод справаводства на беларускую мову толькі ў Міністэрстве ўнутраных спраў без правядзення аналагічнай працы ў сістэме справаводства іншых дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь немэтазгодны”. Ці, напрыклад, такім чынам: “Министерство промышленности Республики Беларусь с пониманием относится к идее дальнейшего расширения использования белорусского языка в нашей стране как государственного языка. В то же время мы полагаем, что данный процесс должен иметь постепенный характер и последовательно осуществляться на государственном уровне, например, через соответствующую программу”.
У большасці адказаў прасочваецца нават жаданне прадэманстраваць свае дасягненні ў выкарыстанні беларускай мовы: “Дзеля забеспячэння ўжывання дзвюх моваў Міністэрства фінансаў рыхтуе праекты пастаноў Урада па шэрагу пытанняў выключна на беларускай мове. Таксама Міністэрства фінансаў выкарыстоўвае беларускую мову, калі адказвае на лісты грамадзян і арганізацый, якія звярнуліся на беларускай мове”; “…падрыхтоўка органамі дзяржаўнай статыстыкі зводнай статыстычнай інфармацыі ажыццяўляецца як на рускай, так і на беларускай мове. Прыклад таму – работа Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці, якое ўжо на працягу многіх гадоў выпускае штомесячны даклад аб сацыяльна-эканамічным становішчы Гродзенскай вобласці на беларускай мове…”; “…рашэнні Канстытуцыйнага Суда публікуюцца ў часопісе “Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь” на рускай і беларускай мовах”.
Прысутнічаюць і аптымістычныя запэўненні кшталту: “…процесс перехода на белорусский язык в стране, где 81% населения – этнические белорусы, неизбежен”(Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання); “Улічваючы ўсё гэта, Белстат працягне паслядоўную работу па распаўсюджванні ў дзейнасці органаў дзяржаўнай статыстыкі беларускай мовы з улікам норм Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і захавання правоў і свабод грамадзянаў”.
Аналізуючы ўсе гэтыя адказы, можна зрабіць выснову, што пакуль праблема “беларусізацыі” сур’ёзна на дзяржаўным узроўні не абмяркоўваецца. Але пры гэтым чынавенства адчувае пэўныя змены ў стаўленні да нацыянальнага пытання, таму і такія асцярожныя адказы. Ініцыятывы Паўла Латушкі і магілёўскага губернатара Пятра Рудніка, які вырашыў прапагандаваць выкарыстанне беларускай мовы ў рэгіёне і нават стварыў адмысловую камісію, з’яўляюцца толькі першымі ластаўкамі і ў большай ступені асабістымі ідэямі. Тым не менш, яны знаходзяцца ў рэчышчы сённяшніх інтарэсаў і патрэбаў беларускага рэжыму, таму што, па-першае, гэта будзе вітацца Захадам, па-другое, адцягне ўвагу грамадства ад сацыяльна-эканамічных праблемаў і, па-трэцяе, выб’е адзін з казыроў апазіцыі.
Гэта, аднак, не азначае, што ўжо заўтра ўлада пачне павальную беларусізацыю. Такі працэс хутчэй за ўсё будзе ў большай ступені імітацыйным з невялічкімі крокамі па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы. Але альтэрнатывы развіццю нацыянальнай культуры і мовы ў сучаснай нацыянальнай дзяржаве папросту не існуе, і гэта немажліва не ўлічваць.