Дмітрый ДРАГУН, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рэчыцкага райвыканкама:
Альтэрнатыўная музыка — неад’емная частка сучаснага мастацтва.
— У тым, што такі канцэрт патрэбны, я пераканаўся яшчэ тады, калі кіраваў аддзелам па справах моладзі. Альтэрнатыўная музыка — неад’емная частка сучаснага мастацтва. Ці ж можна ігнараваць яе развіццё? А яшчэ наш рок-канцэрт спрыяе падтрымцы маладзёжных грамадска значных ініцыятыў, пашырэнню міжнародных культурных стасункаў.
Згодны, арганізаваць і правесці рок-мерапрыемства няпроста. Але такія дзеі, як правіла, — самаакупныя. І спонсары гэта цудоўна разумеюць. Таму праблем з дзяржаўна-прыватным супрацоўніцтвам у нас няма. Дый кіраўніцтва райвыканкама падтрымлівае кожны наш крок.
Асноўная затратная частка — арэнда гукаўзмацняльнай апаратуры. Аднак гэта не замінае і развіццю мерапрыемства. Раней канцэрт праходзіў у зале комплексу “Надзея”, сёння — на самім стадыёне, ды яшчэ на дзвюх сцэнах. Артысты жывуць у палатачным лагеры, слухачы — у танных хостэлах, памяшканні пад якія прадастаўляюць установы райцэнтра.
Лішне казаць, што цягам канцэрта на стадыёне працуюць усе райвыканкамаўскія і раённыя службы: міліцыя, гандаль, спецыялісты па надзвычайных сітуацыях, медыкі, раённыя электрычныя сеткі… Словам, два дні працуем у рэжыме павышанай адказнасці. Але вынік апраўдвае сродкі!..
Уладзімір ВААКС, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клічаўскага райвыканкама:
Цудоўна разумею: тое, што патрэбна моладзі, не павінна палохаць работнікаў ідэалогіі ды культуры
— Гады два таму мы спрабавалі наладзіць невялікі вулічны рок-фестываль. Прымалі ў ім удзел мясцовыя каманды, пару калектываў з Магілёва… Цудоўна разумею: тое, што патрэбна моладзі, не павінна палохаць работнікаў ідэалогіі ды культуры. І прафесійная музыка, няхай сабе і альтэрнатыўная, заўжды прываблівае слухача… Фестываль адбыўся, а я для сябе цудоўна зразумеў яго асноўную арганізацыйную праблему. Па-першае, рок-гурты ў райдарах патрабавалі вельмі дарагой гукаўзмацняльнай апаратуры (ад 10 тысяч долараў). Па-другое, спонсараў для арэнды такога “апарата” ў нашым раёне проста няма.
Аднак гэта зусім не азначае, што пытанне будзе адсунута на другі план. Нам патрэбны яркія брэнды. Дый практыка пераконвае, што сённяшні клуб не абыдзецца толькі самадзейнасцю. Днямі ў адным з СДК мы прапанавалі польскім гасцям праграму, першая частка якой была фальклорнай, а другая стала маладзёжнай дзякуючы этнадыскатэцы.
У самай бліжэйшай перспектыве мы будзем рэгулярна ладзіць рок-фэсты з выкарыстаннем менавіта этнаінструментаў. Няхай у Рэчыцы буяе “метал”, а ў нас “прарасце” этна-рок!.