«Можна сказаць, што беларуская літаратура знаходзіцца ў больш-менш заўважным стане, таму што актараў вельмі шмат, кніг выходзіць не адна, не сем і не дзесяць. У той жа час, калі глядзець на магчымасці прыватных выдавецтваў Літвы, Польшчы, Эстоніі, Латвіі, то, канечне, нашы нібыта файныя лічбы глядзяцца досыць сумна ў параўнанні», — заўважае літаратуразнаўца, галоўны рэдактар сайту bellit.info Ціхан Чарнякевіч.
Ціхан Чарнякевіч. Фота прадастаўлена БРК
На падвядзенні вынікаў 2024 года, якое зладзіла Беларуская Рада культуры, Ціхан Чарнякевіч паведаміў, што сёлета bellit.info адсачыў каля 140 выданняў «у розных праявах, жанрах і спецыфіках», што з’явіліся ў Беларусі і па-за межамі краіны.
Пераклады
«Найбольшая частка гэтых кніг — пераклады, што натуральна, бо гэта — сусветная тэндэнцыя, перакладаў выходзіць больш, чым арыгінальнай літаратуры. 35-40 кніг выйшла ў перакладзе на беларускую, яны сёлета маюць такі цікавы ўхіл у знакавыя кнігі эпасу, які ніколі яшчэ не перакладаўся на нашу мову. Гэта «Іліяда» Гамера, «Эпас пра Гільгамеша», эпас майя «Попаль-Вух: Кніга Супольнасці і Роду» (абодва пераклады Лявона Баршчэўскага), гэта скандынаўскія балады (пераклад Яўгена Папакуля). Бачым арыентацыю на знакавыя імёны: Стывен Кінг, Джон Р.Р. Толкін, Агата Крысці, тут і наклады большыя. Найбольшая частка перакладаў — з англійскай мовы, нямецкай, польскай, некалькі кніг з літоўскай, што вельмі файна — у мінулым годзе была толькі адна. Рыхтуюцца яшчэ чатыры выданні літоўскіх кніг на наступны год», — распавёў Ціхан Чарнякевіч.
Фота: Pradmova
Цікавасць да літоўскай літаратуры Ціхан Чарнякевіч называе «абсалютна натуральнай», суседняй літоўскай літаратуры ў Беларусі перакладалася вельмі мала, «я думаю, што гэта яшчэ такі скарб, які да канца незразумелы многім беларусам». У 2024 годзе выйшаў раман «Туўла» Юргіса Кунчынаса ў перакладзе Сяргея Шупы, адзін з самых яскравых твораў літоўскай літаратуры ХХ стагоддзя, а ў выдавецтве «Пфляўмбаўм» выйшаў раман Віргініі Кульвінскайце «Як я была малалеткай» у перакладзе Сюзанны Паўкштэлы.
Суадносіны прозы і паэзіі
Паводле Ціхана Чарнякевіча, прозы (15 кніг) і ў мінулым годзе, і сёлета было менш за паэзію (20 кніг).
«Вялікія жанры патрабуюць большай самаатдачы ад аўтараў. І мы бачым пэўны крызіс у гэтым плане, бо ў Беларусі падтрымка прозы не вельмі высокая, дзяржаўныя выдавецтвы збольшага перадрукоўваюць класіку, новыя кнігі выходзяць вельмі рэдка, у тым ліку таму, што прыватных выдавецтваў засталося вельмі мала. Можна гэта і пабачыць на прыкладзе прэміі Ежы Гедройця, было калісьці 50-60 кніг, што падаваліся на ўдзел, цяпер гэтая лічба не вышэй за 15 кніг трэці год запар. Гэта крызіс, канечне», — зазначыў літаратуразнаўца.
Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Дубавец і Вінцэсь Мудроў выдалі па дзве кнігі кожны. У паэзіі заўважным заставалася выдавецтва Дзмітрыя Строцава hochroth Minsk у Берліне, з іх выданняў Чарнякевіч вылучае кнігу Сяргея Прылуцкага «Нічога нястрашнага», аўтара, які да пачатку вайны жыў у той самай Бучы.
Уласна беларускія выданні
«Калі браць уласна беларускія выданні, то чвэрць паэзіі выйшла ў Беларусі. У прозе — траціна. Пераклады — 50 на 50. Навукова-папулярных і нон-фікшн выданняў крыху больш выходзіць у Беларусі — 12 з 22 кніг.
Тлумачыцца тым, што навука, гуманітарыстыка ў тым ліку, мае інстытуцыі, якія працуюць у Беларусі, яны маюць выдавецкія планы, навукоўцы і нон-фікшн аўтары яшчэ ёсць у Беларусі. Яны зараз бяруць тэмы, якія не будуць прыцягваць увагу кампетэнтных органаў, больш-менш дазволеныя тэмы, якія могуць прапусціць і дзяржаўная, і друкарская (а ёсць ужо пры кожнай друкарні адмысловы чытач) цэнзура.
Найбольш яркія выданні
Сярод найбольш яркіх выданняў, якія пабачылі свет у Беларусі, Ціхан Чарнякевіч называе кнігу мемуараў пра Алеся Разанава — «Праз сябе — да Сусвету», што выйшла ў «Тэхналогіі», кнігу Ганны Севярынец «Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота».
З замежных выданняў літатуразнаўца адзначае альбом пахаванняў беларусаў у свеце «Кніга могілак» Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча, што выйшаў у беластоцкім «Камунікаце», фотаальбом этнаграфічнай экспедыцыі Вацлава Ластоўскага на Случчыну і Мазыршчыну ў 1928 годзе, які падрыхтавалі сумесна выдавецтва Czabor Publishing і Skaryna Press.
Шматмоўная літаратура
Літаратуразнаўца таксама звяртае ўвагу на ўсплёск выданняў шматмоўнай літаратуры Беларусі: выйшла кніга на палескай гаворцы, на ідыш, выдавецтва «Мяне няма» заняло нішу рускамоўнай літаратуры ў Беларусі, там выйшла ўжо 7 кніг, напісаных рускамоўнымі беларускімі аўтарамі, выйшлі пераклады рускамоўнага пісьменніка Сашы Філіпенкі.
Дзіцячая літаратура
А вось з дзіцячай літаратурай справы не вельмі. Няшмат выйшла кніг — 14 арыгінальных і 7 перакладных.
«Бачна, што пераклады неяк сталі менш падтрымлівацца. У прыватных выдавецтвах іх выходзіць вельмі мала. І гэта таксама крызісная з’ява, таму што дарагая папера, дарагое выданне, плюс дасяжнасць дзіцячай кнігі для тых жа мігрантаў павінна быць таксама не на апошнім месцы, — кажа Ціхан Чарнякевіч. — Ёсць яшчэ што тут падтрымліваць, спадзяюся, у наступным годзе сітуацыя зменіцца бо тут яўны недахоп, 14 кніг сваіх і 7 перакладных — гэта вельмі мала. Для дзяцей відавочна трэба больш. Дзіцячая літаратура ў вялікім крызісе».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Сяргей Будкін: «Беларускую культуру «не замяцеш пад плінтус, не забароніш, ёй не пакіруеш з аніякага боку»