4 лістапада (па новым стылі) нарадзіўся пісьменнік і паэт, грамадскі дзеяч Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч) — чалавек з цікавым і страшным лёсам, адзін з тых, хто безумоўна пакінуў свой след у гісторыі Беларусі, піша Ігнат Кустаў у «Новым Часе».
Сімвалічны крыж Цішкі Гартнага ў Курапатах. Фота «НЧ»
Вельмі лёгка падзяліць жыццё на «чорнае» і «белае», асабліва калі выбіраць нейкі бок патрэбна не табе. Куды цяжэй паднапружыцца і ўбачыць адценні, акалічнасці і тое, чаго няма на паверхні, — матывы.
Усе любяць герояў ― за тое, што яны героі; мала каму падабаюцца злачынцы і здраднікі. Але статыстычна гэта заўсёды адзінкі. Найбольшая колькасць — тыя, хто паміж імі, у якіх «не ўсё так адназначна».
Цішка Гартны — якраз з апошніх. У яго жыцці ніколі не было адназначнасці, ён сам — як сума немагчымасцей, розных асоб ці, як сёння прынята гаварыць, ідэнтычнасцей: выхадзец з галечы, але апранаўся як барын; шчыры беларус, але да мозгу касцей адданы Саветам; паэт (са складанымі адносінамі з паэзіяй) і, адначасова, партыйны дзеяч, функцыянер; адны хвалілі яго за дапамогу простым людзям, другія скардзіліся на яго крыўдлівасць і злапомнасць. І нават лёс Гартнага ўражвае сваё гэтай радыкальнай дваістасцю: менавіта Зміцер Жылуновіч (такое сапраўднае імя нашага сённяшняга героя) быў тым чалавекам, які дабіўся заснавання савецкай «Белорусіі», — і яго ж праз 17 гадоў пасля гэтай падзеі няспынна катавалі за «контррэвалюцыйнасць», давёўшы да вар’яцтва і самагубства.
Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны). Фота: wikipedia.commons
Разглядаючы яго здымкі, я бачу перш за ўсё чалавека. На партрэтах — таго самага, які крыўдзіўся на ўсіх і ўся і пісаў не вельмі прыемныя рэцэнзіі на творчасць калег. На здымках з сям’ёй — таго, хто мог паклапаціцца (і клапаціўся) не толькі пра сваю будучыню, каго любілі (а значыць, было за што) і ў каго верылі. Жылуновіч-франт, Жылуновіч-чыноўнік — такім ён застанецца як вобраз самога сябе. І гэта той самы выпадак, калі адсутнасць позніх, апошніх здымкаў — безумоўна станоўчы момант. Якое б стаўленне ні выклікала ў нас фігура Змітра Жылуновіча і яго альтэр-эга Цішкі Гартнага, чыста па-чалавечы лепш не заставацца ў памяці прыкладам жахлівых сталінскіх катаванняў.
Яго дзейнасць ад самага пачатку была для Беларусі і пра Беларусь. Мы не жылі ў тых рэаліях, а таму наўрад ці можам сабе ўявіць, якія варыянты будучыні малявалі сабе тагачасныя «лідары меркаванняў», так што, можа быць, шлях, які выбраў для сваёй краіны Жылуновіч, на той момант здаваўся ім адзіна магчымым. У любым разе, гэта ён быў тым самым чалавекам, які не збаяўся зачапіць Сталіна і ўпікнуць яго ў непавазе да іншых народаў: «Весь час, са дню расейскай рэвалюцыі, беларускае пытаньне нядбайна прапушчаецца між пальцаў. Нашы таварышы, трымаючыя ўладу, павінны кінуць сваю нядбаласьць да цэлага народу і ясна паставіць пытаньне аб долі Беларусі».
Зміцер Жылуновіч, яго жонка Надзея і дзеці — Галіна і Андрэй. Крыніца фота: «Сельская газета»
Катэгарычна не прыняўшы БНР, якую бачыў васалам Польшчы і Германіі, ён тым не менш гатовы быў узяць на сябе адказнасць за першы крок да незалежнасці сваёй краіны — але ў складзе СССР. Савецкая ўтопія кружляла галовы абяцаннямі роўнасці і дабрабыту, яшчэ не бачанымі па старых часах, і многія рызыкнулі паставіць на новае.
Дзіця рэвалюцыі, наўрад ці ён мог інакш, і след тых падзей, удзельнікам і сведкам якіх быў Жылуновіч, знайшлі адлюстраванне ў творчасці Гартнага — першага «пралетарскага» паэта Беларусі.
Будаванне
То не вецер у пушчы гудзе,
То не хвалі на моры бушуюць —
То грамады працоўных людзей
Сабе лепшую долю будуюць.
Ўкол руйнуюцца ўціску муры,
Ападаюць жалезныя краты;
Дні прыгонныя цяжкай пары
Адыходзяць у вечныя страты.
А слядамі Камуна ідзе,
Панаванне навекі будуе...
І жыццё, нібы пушча, гудзе,
І жыццё, нібы мора, бушуе.
(1921)
Апяванне яшчэ невядомай, але светлай — якой яна ўяўлялася тады — камуністычнай будучыні, якая абавязкова надыдзе пасля цяжкіх гадоў грамадзянскай вайны, калектывізацыі і ўсіх непрыемных, але абавязковых рэчаў — было адной з асноўных ліній не толькі лірычнай спадчыны творцы, але і празаічнай. Раман-эпапея «Сокі цаліны», адзін з першых беларускіх раманаў, быў менавіта такім: рэвалюцыйны дух, новы час, новы герой — рабочы, будаўнік камунізму, новы антураж — дэманстрацыі і мітынгі, заводы і фабрыкі. Безумоўна, такія творы не застаюцца без увагі, а іх аўтарам складана потым стаць кімсьці яшчэ, як не песнярамі рэвалюцыі (і не тое каб Гартны спрабаваў).
Зміцер Жылуновіч з дзецьмі. Фота: facebook.com
Але, як і ва ўсім астатнім, і ў сваёй творчасці ён таксама бываў іншым — больш летуценным, музычным, пазачасавым. Напрыклад, верш «Беларуска» нават без музычнага суправаджэння вельмі лёгка прачытваецца як песня — і не пралетарскі гімн, а джазавая замалёўка, гуллівая і нават трошкі эратычная:
Беларуска
Як ідзе —
Шнур кладзе
Лёгкае хады.
Роўны стан
Увабран
Стужкаю ўсягды.
Свежы жар
Крые твар —
Свеціцца пагляд.
Валасы
Ў дзве касы
Спушчаны назад.
Паглядзіць —
Адарыць,
Сэрца ўскалыхне.
Падысці
Ў пачуцці
Да яе кожны мкне.
У руках
Рэзвы мах,
Праца, як гульня.
Ці з сярпом,
Ці з цапом —
Ўсё пяе яна.
Ні жуды,
Ні нуды
Ў песнях не чуваць.
Сонца, квет,
Цэлы свет
Рада б абнімаць.
Кожын верць
Паглядзець —
Погін каласоў.
Сіла, рух,
Вольны дух
З поля ды лясоў.
Хто маляр
Яе чар,
Строю, пекнаты?
Край з вякоў
Ніў, лясоў
Беларусь — то ты!
(1923)
Не такая меладычная, але каштоўная, як дзённікавыя запісы, пейзажная лірыка Гартнага. Здавён, як трэба было паказаць настрой героя, аўтары выкарыстоўвалі апісанні прыроды, і гэта спрацоўвала і ў лірыцы, і ў эпасе, і ў драме. Творчасць Гартнага не стала выключэннем. Яго ранняя лірыка — больш шчырая, больш шчодрая на сапраўдныя пачуцці, якія, як мы ведаем, ніколі не могуць быць толькі станоўчымі. Пазнейшыя вершы Гартнага — палымянага камуніста — ужо не могуць дазволіць сабе быць наросхрыст, у іх шчырасць абавязкова прыглушаецца «ідэйным ключом». Вось для прыкладу два вершы на асеннюю тэматыку, напісаныя з розніцай у 14 гадоў, дзе ў больш познім паэт нібы адмаўляе сябе ранейшага:
Восень
З поўначы цёмнае, сіверу дальняга
Нудная восень прыйшла.
З поля убранага, з лугу зялёнага
Жыцце-красу прыняла.
Холадам, сцюжаю разам павеяла,
Смерць за сабой прынясла.
З дрэва прыбранага, лісцем адзетага,
Ўборы сарвала, страсла.
Птушак міленькіх з краю радзімага
Ў вырай загнала ад нас;
Песні іх мілыя, дзіўна пяяныя
Ветрам заглушыла ўраз.
Ветрам, навеяным з дальняга сівера,
Хмар прынясла за сабой,
Неба высокае, сінекрыштальнае
Ўсё спавіло туманом.
Восень ты нудная, восень дажджлівая,
Ты немінуча ўсягды.
Ў сэрца балючае, ў душу сіротную
Многа ліеш ты нуды.
(1910)
Восеннае
Мне кажуць: нудзіць лес згалелы
І вецер песняю сумлівай
Над нівай шэрай, амярцвелай
Жуду пяе над соннай нівай;
Гракі крычаць, як б’юць у труны
Цвякі, каб ўздзець на доннік века.
Жалейка лье нястрымным сумам,
І плача тым жа сумам рэха.
Мне кажуць: гіне ўздым душэўны
Ў тумане слотным, ў хмарах шэрых,
Настрой ападае няпэўны,
Няпэўных думак будзіць шэраг.
Мне кажуць: восенню завецца
Вось гэны вобраз, гэты тэрмін...
А я кажу: то вам здаецца,
То боль у вас сапсутых нерваў.
Бо ў чым нудлівыя калёры,
Што сэрца ваша там сумуюць?
Ў зялёнай руні, што прасторы
Палёў раскінутых ліцуе?
Ў дажджы, што нівы развільжае
Ды глебу поіць жыўным сокам?
У хмарах мяккіх, што зганяе
Іх вецер рэзвы к нам здалёку?
Ці ў шоўку шамкім — ў пухкім лісці,
Што лес раздзеў і дол стаптаны
Старанна ўбраў, гасцінна выслаў,
А сам пяе зіме вітанне?
Ці ў стуку гучным ў поўных гумнах
Цапоў сялянскіх па збажыне,
Ці ў песнях стройных, ў песнях шумных
Вячоркі, дбайнае дзяўчыны?
Мне кажуць: восень — заміранне,
Жуды глыбокай час ўрачысты...
А я кажу: хто глыбей гляне,
Той жыцця ўгледзіць промень, іскры.
(1924)
Такое адмаўленне не дзіўнае: яго патрабаваў сам час. Гэта маладыя ды гарачыя галовы кшталту Уладзіміра Дубоўкі маглі дазволіць сабе пісаць усё, што думаецца і адчуваецца. Цішка Гартны, ужо знаны партыец, сабе такога дазволіць не мог.
Нягледзячы на асцярожнасць і выборлівасць, з якімі Жылуновіч-Гартны падыходзіў да сваёй дзейнасці, яго не абмінула карная машына, якой, па вялікім рахунку, было ўсё адно, чым там на самой справе жыў і гарэў творца і грамадскі дзеяч. Для таго, каб пячы хлеб светлай будучыні, патрэбная была мука, і таму няспынна перамолваліся косткі «вялікіх» і «маленькіх», ворагаў і прыхільнікаў.
Бог яго ведае, з якімі думкамі ў растрывожанай галаве дажываў свае апошнія дні Зміцер Жылуновіч і якая з іх прымусіла яго паставіць кропку. У любым разе, лёс Цішкі Гартнага — яшчэ адзін «пралетарскі» раман, толькі больш шчыры і не такі пафасны. Раман, у якім, нягледзячы на ўсю магчымую тагачасную цэнзуру, канец не стаў «хэпі-эндам» — і быў прысудам усёй сістэме.
Чытайце яшчэ: Цішка Гартны. Быць ва ўсім першым