Беларусу-дамаседу і замежніку, што завітвае да мяне, я заўжды стараюся паказаць Камайскі касьцёл. Касьцёл Нараджэньня Сьв. Яна Хрысьцiцеля мае багатую гісторыю; унікальныя алтары, фрэскі, іконы і арган; сваіх выбітных людзей, чый лёс быў звязаны з ім (К.Сваяк, Бр.Руткоўскі, А.Ромэр); шчырых парафіянаў і выдатнага ксяндза Я.Гутмана.
На першым фотаздымку — Камайскі касьцёл.
Камайскі касьцёл – памятнік абароннага дойлідства. Збудаваны у 1603—1606 гадах па фундацыі Наваградскага кашталяна Яна Рудаміны-Дусяцкага.
Камайскі касьцёл – белакрылы птах,
Камайскі касьцёл – ты слаўны ў вяках.
(з верша камайскіх парафіянаў)
Урачыстая імша
На нядзельную імшу 30 жніўня 2009 прыпала ажно тры урачыстасьці:
Першая – гэта сьвята ушанаваньня іконы Маці Божай Чанстахоўскай. Да гэтага тыпу іконы адносіцца галоўная ікона касьцёла. У наступным годзе ёй споўніцца 400 год. (На першам фотаздымку бачым перад касьцёлам узьняты у гонар гэтай падзеі сьцяг Маці Божай)
Другая – гэта сьвяткаванне “Дажынак” – Ускладанне падзякі Богу за сабраны ураджай. Падчас імшы старшыня СПК “Камайскі” прынёс да алтара маленькую зьвязку пшаніцы.
Трэцяя – самая незвычайная. У сярэдзіне лета падчас пошукаў падземнага хода, які па легендзе вядзе з касцёла на могілкі, міністранты касцёла знайшлі пад алтаром яшчэ адну крыпту з трунамі і прахам (у касцёле ужо маецца адна крыпта, у якой пахаваны маршалкі Ашмянскага павета Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, яна была дабудаваная да касьцёла пазьней, у 18 стагодзьдзі). Знойдзеная крыпта, верагодна, была пабудаваная адначасова з касьцёлам, і пахаваныя людзі, хутчэй за ўсё, мелі нейкае дачаненьне да фундацыі касцёла. Той факт, што яны былі пахаваныя менавіта пад алтаром, сьведчаць аб тым, што ім была выказаная найбольшая пашана. Але крыпта была знойдзеная разрабаванай.
Ксёндз Я. Гутман прыклаў вялікія намаганьні да спарадкаваньня крыпты: былі зробленыя шкляны саркафаг для праха, уваход у крыпту перад алтаром (бачны на фотаздымку), адноўленая сама крыпта. І вось 30 жніўня 2009 года адбылося перазахаваньне людзей, чые імёны яшчэ належыць высьвятліць, але якім першымі парафіянамі змураванага на пачатку 17 стагодзьдзя камайскага касьцёла была выказаная такая вялікая пашана. На урачыстую імшу быў запрошаны ксёндз доктар Аляксандр Рагіня (на фотаздымку).