У мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы прайшоў канцэрт-прэзентацыя твора «Спевы да святой Імшы» кампазітара Фларыяна Міладоўскага (1819–1889), паведамляе Catholic.by
Святлана Шэйпа. Фота: Аляксандра Шпілеўская, Сatholic.by
Першае выкананне страчанага твора малавядомага шырокай публіцы беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя стала заключнай часткай і адмысловай музычнай «разынкай» праграмы III Фестывалю хрысціянскай культуры, які праходзіў 10 верасня на Залатой Горцы пад дэвізам «Адна культура — адно багацце».
На прэм’еру быў запрошаны акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі, дырыжорам якога з’яўляецца Андрэй Саўрыцкі. Арганную партыю выканаў кампазітар Віктар Кісцень.
Выкананне стала вынікам музычнай рэстаўрацыі страчанай партытуры ХІХ стагодзя аўтарства кампазітара Фларыяна Міладоўскага.
Адзіны знойдзены на сёння яго рэлігійны твор «Спевы да святой Імшы» знаходзіцца ў Варшаўскім музычным таварыстве імя Станіслава Манюшкі.
Навуковую распрацоўку выдання зрабіла кандыдат мастацтвазнаўства Святлана Шэйпа. Аўтар музычнай рэдакцыі, кампазітар Віктар Кісцень аднавіў незахаваныя старонкі арганнай партыі і некаторых духавых інструментаў. Карпатлівую працу па перакладзе вершаў беларускага польскамоўнага паэта Уладзіслава Сыракомлі зрабіла паэтка Юлія Шэдзько.
Адшуканне і рэстаўрацыя
Фрагменты рукапісу твора выявіла Святлана Шэйпа. Знайсці ноты сачынення атрымалася не як звычайна, па прозвішчы кампазітара, а толькі дзякуючы Божаму Провіду і асабістай уважлівасці даследчыцы, бо праца захоўвалася пад прозвішчам першага выканаўцы твора, сябра і паплечніка Міладоўскага — Станіслава Манюшкі.
Шчаслівая знаходка трапіла ў рукі кіраўніцы хора залагорскай парафіі, на першы погляд, выпадкова, але насамрэч гэта падзея глыбока звязана з асабістай гісторыяй Святланы.
«У часы вучобы ў кансерваторыі я трапіла ў касцёл. Спачатку проста шукала працу, але ў Бога свае шляхі — такім чынам Ён прывёў мяне да Сябе. Я зацікавілася беларускай музыкай і беларускай касцёльнай традыцыяй. Калі скончыла кансерваторыю, ужо ведала, што буду далей займацца навукай у аспірантуры пры Акадэміі музыкі. Я стала паглыбляцца ў гісторыю і адчула, што шмат „белых плям“ ёсць у беларускай музычнай культуры. Я склала для сябе спіс айчынных кампазітараў, якія працавалі ў перыяд з XIX — да першай паловы XX стагоддзя. Убачыла, што твораў гэтага аўтара няма, твораў таго аўтара няма… Склаўшы спіс, пачала працаваць у розных архівах Беларусі, Літвы, Польшчы, шмат твораў адшукала.
Святлана Шэйпа. Фота: Аляксандра Шпілеўская, Сatholic.by
Сярод дакументаў я знайшла жыццяпіс Міладоўскага, які падрыхтаваў сын Аляксандра Валіцкага — першага біёграфа Станіслава Манюшкі. Гэты жыццяпіс павінен быў легчы ў аснову біяграфіі Міладоўскага, якую напіша Валіцкі старэйшы.
Я зрабіла пераклад з польскай мовы гэтага вялікага дакумента, з якога даведалася наконт твораў, пра якія не было напісана ў энцыклапедычных выданнях ХIХ стагоддзя. Я пачала шукаць, шукаць, шукаць… і выпадкова трапіла на Імшу Міладоўскага.
Цікава, што ў каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Польшы ў Варшаве была картка з гэтай інфармацыяй, але ніхто з навукоўцаў не звярнуў увагі, таму што яна была ўся са спасылкамі на Манюшку. Я думаю, што даследчыкаў менавіта гэты факт заблытаў»,
— падзялілася Святлана Шэйпа.
Працяглы час твор Міладоўскага захоўваўся пад прозвішчам Станіслава Манюшкі. У бібліяграфічным апісанні да першага сшытка імя Міладоўскага сціпла значыцца ў канцы: «Станіслаў Манюшка. Спевы да св. Імшы для чатырох галасоў з суправаджэннем аргана (словы Уладзіслава Сыракомлі), музыка Фларыяна Міладоўскага». У каталагічных вопісах другога і трэцяга сшыткаў ён не ўзгадваецца ўвогуле. Блытаніна адбылася таму, што Імша зафіксавана ўласнай рукой Станіслава Манюшкі, які быў і ёсць надзвычай паважанай асобай у польскай культуры. Архіварыюсы Варшаўскага музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі старанна збіралі ўсе матэрыялы, звязаныя з ім. З аднаго боку, такая акалічнасць нябачна ахоўвала рукапіс ад занядбання, а з іншага — прадвызначыла лёс дакумента: доўга знаходзіцца ў небыцці.
«Мне не ўдалося нават патрымаць рукапіс ў руках, бо ён у вельмі кепскім стане, даступны толькі ў выглядзе мікрафільма. Дакумент складае вялікую колькасць аркушаў.
Мая праца была ў тым, каб гэта ўсё звесці ў адну партытуру, харавую, аркестравую. Гэта заняла ў мяне больш за год»,
— распавяла Святлана Шэйпа.
Твор Станіслава Міладоўскага захаваўся цудам. Да пачатку другой чвэрці ХХ стагоддзя ў фондзе Варшаўскага музычнага таварыства зберагаліся каля 30 тыс. музычных рукапісаў і бясцэнныя асабістыя рэчы кампазітараў. Падчас нямецкай акупацыі рукапісныя матэрыялы бібліятэкі сталі часткай «Staatsbibliothek Warschau» і былі перавезены ў снежні 1944 года ў Адэлін (Ніжняя Сілезія) Калі ў жніўні наступнага года іх знайшлі варшаўскія бібліятэкары, то аказалася, што загінула каля 40% даваеннага фонду: амаль уся калекцыі нотных старадрукаў і значная колькасць незакаталагізаваных рукапісаў.
Час моцна пашкодзіў твор Міладоўскага. Аўтарам музычнай рэдакцыі знойдзенага твору стаў кампазітар Віктар Кісцень, які аднавіў незахаваныя часткі арганнай партыі і некаторых духавых інструментаў.
Віктар Кісцень.Фота: Фота: Аляксандра Шпілеўская, Сatholic.by
«Я сутыкнуўся з такой праблемай што, напрыклад, пашкоджана старонка, у якой адсутнічае некалькі тактаў. Напрыклад, на старонцы застаецца адзін такт. Магчыма там павінна быць шэсць тактаў і паўза — трэба было сабраць гэта ўсё, як пазл.
Тое, што немагчыма было аднавіць, прыходзілася дадумваць, ужывацца ў вобраз Міладоўскага і ў гэтай стылістыцы дапісваць партыі»,
— падзяліўся сваімі ўраджаннямі ад працы Віктар Кісцень.
У дакуменце выцвілі разлінееныя нотныя радкі, пабляк атрамант, былі забруджаны аркушы — усё гэта разам перашкаджала прачытанню музычнага тэксту. Значна пагаршаюць стан рукапісу і надарваныя старонкі. Пашкоджаны партыя І валторны ў частках Імшы «Gloria», «Graduale», «Credo», «Offertorium», «Agnus Dei», «Benedictio»; у частках «Graduale», «Credo», «Offertorium», «Sanctus», «Benedictio» — партыя II валторны; у партыі трамбона адсутнічаюць фрагменты «Graduale», «Credo», «Sanctus» і «Benedictus». Заражаныя цвіллю і залітыя вадой урыўкі вакальна-інструментальных партый Імшы. Дакумент захаваўся не цалкам — не хапае чатырох частак з дзевяці.
Біяграфія Фларыяна Міладоўскага
Будучы кампазітар нарадзіўся ў Мінску ў 1819 годзе ў сям'і калісьці багатай навагрудскай шляхты. Яго продкі пераехалі на Міншчыну пасля страты маёнтка ў пошуках сродкаў для існавання. Тут Фларыян даволі паспяхова вучыўся музыцы і лічыўся маладым віртуозам. Актыўная сольная канцэртная дзейнасць хлопчыка-віртуоза ў Мінску, Слуцку і Вільні працягвалася да 1834 гада. Усе важныя імпрэзы ў Вільне з удзелам знакамітых выканаўцаў не абыходзіліся без Фларыяна, шматгранны талент якога выявіўся ў ансамблевым музіцыраванні і акампаніятарскім майстэрстве.
Фларыян Міладоўскі. Архіўнае фота
Паўстанне 1863–1864 года падзяляла жыццё і творчасць Міладоўскага на дзве часткі. Цудам пазбегшы пакарання за ўдзел у ім, ён быў вымушаны эміграваць у Францыю. Міладоўскія пераехалі ў Страсбург, пасля ў Мец, дзе на працягу пяці гадоў выкладаў фартэпіяна. Яго педагагічную дзейнасць абарвала захворванне вачэй, у выніку якога ў пачатку 1870 года ён страціў зрок. Паспяхова праведзеная аперацыя дазволіла Фларыяну займацца напісаннем музыкі, але актыўна працаваць ён ужо не мог. У апошнія гады Міладоўскі жыў у Бардо, дзе памёр 8 ліпеня 1889 года.
Галоўным пакліканнем Фларыяна Міладоўскага стала кампазітарская творчасць. Нягледзячы на прызнанне яго таленту Фэліксам Мендэльсонам, Станіславам Манюшкам, Міхалам Ельскім, уся вялікая спадчына Міладоўскага — вакальна-інструментальныя і камерна-інструментальныя кампазіцыі — сёння вядома нам толькі па назвах. На жаль, большасць твораў засталася толькі ў рукапісах, месцазнаходжанне якіх пакуль не выяўлена.
Гісторыя твора «Спевы да святой Імшы»
Напісанне твора «Спевы да святой Імшы», або музыкі да нязменных частак святой Імшы, было прымеркавана да інаўгурацыі Таварыства святой Цэцыліі, арганізаванага Станіславам Манюшкам і Фларыянам Міладоўскім у Вільні. У паперах Станіслава Манюшкі захаваўся сшытак з актам заснавання аб’яднання і нататкамі, што датычыліся збораў, рэпетыцый і фінансавых спраў — так званай хронікай Таварыства святой Цэцыліі, дзе акурат узгадваецца твор Фларыяна Міладоўскага: «Віленскія музыкі і аматары з мэтай пашырэння добрай і сур’ёзнай музыкі пажадалі аб’яднацца ў хор, каб спяваць падчас набажэнства найлепшыя творы замежных і мясцовых кампазітараў <…>. На ўрачыстасць святой Цэцыліі, што прыпадае на 22 лістапада, пан Міладоўскі напісаў Імшу, якую выканаюць усе віленскія аматары і артысты добрай волі».
Асновай для «Спеваў да святой Імшы» Фларыяна Міладоўскага сталі спецыяльна напісаныя Уладзіславам Сыракомляй вершы.
Другое жыццё Імша набыла ў нашыя дні. Прэм’ера асобных нумароў «Спеваў да святой Імшы» адбылася ў студзені 2016 года з удзелам Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Андрэя Саўрыцкага на фестывалі «Калядныя вечары на Залатой горцы».
Канцэрт у касцёле Святога Роха. Фота: Аляксандра Шпілеўская, Сatholic.by
Тэкст: Аляксандра Шпілеўская, Catholic.by