26 студзеня Лідскі гісторыка-мастацкі музей сустракаў гасцей.
У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” на творчую сустрэчу з работнікамі музея і прадстаўнікамі грамадскасці горада прыехалі археолаг і гісторык, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, кінарэжысёр Ірына Волах, паэт і кінадакументаліст Уладзімір Мароз. Адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма “Лідскі замак” вытворчасці студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, а таксама паэтычнай кнігі У. Мароза “Крыжы на ростанях”.
Прадстаўляючы фільм, дзе ён з’яўляецца аўтарам сцэнарыя, Уладзімір Мароз адзначыў, што летась на студыі “Летапіс” зняты цыкл стужак “Замкі Беларусі” – дзевяць фільмаў, якія прысвечаны нашай гістарычнай і архітэктурнай спадчыне. Пасля прагляду рэжысёр карціны Ірына Волах распавяла аб рабоце над фільмам, падзякавала супрацоўнікам музея і ўсім неабыякавым людзям за спрыянне ў яго стварэнні.
Алег Трусаў, які з’яўляецца кансультантам фільма і яго ўдзельнікам, згадаў свае першыя археалагічныя раскопкі, якія праводзіліся акурат тут, у Лідскім замку Гедзіміна.
Прысутныя прыязна сутрэлі новую кінематаграфічную работу беларускіх кінадакументалістаў і выказвалі надзею, што гэты фільм, як і ўвесь цыкл “Замкі Беларусі”, які мяркуецца выпусціць на адным дыску ў падарункавым варыянце, будзе спрыяць пашырэнню ведаў аб нашай слаўнай мінуўшчыне.
У другой частцы сустрэчы Уладзімір Мароз прадставіў сваю новую паэтычную кнігу “Крыжы на ростанях”, прачытаў некалькі вершаў на гістарычную тэматыку, якіх у яго даволі, як і дакументальных стужак аб беларускай мінуўшчыне, знятых па яго сцэнарыях. Прысутным былі раздадзены сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Беларускія мае стагоддзі
Нам стагоддзі-гады, а для Госпада проста імгненні,
Што лістотаю дрэў адлятаюць штораз у нябыт.
У разгадках загадкі праходзяць чаргой пакаленні,
Толькі кожнаму рупіцца ўласны свой выявіць спрыт.
Што да нас, пасля нас – не такая і важная справа,
Свет пачаўся адсюль, значыць, нам вырашаць: быць – не быць.
Самі будзем ісці хоць улева, а хочам – управа,
І нікому няўцям, што ірвецца жыццёвая ніць.
Так ірвалася часта, а то і зусім незваротна,
Недароды, віхуры, падман затапталі сляды.
На расстайных дарогах скавыш падвывае самотна,
Неспазнасць часоў дадае незваротна бяды.
Каб уведаць, адужаць – душы прыкладзі намаганні,
Бо без роду і племені ты неадпрэчна адзін.
Перамогу здабудзь у суровым надчасным змаганні,
А найперш дык самому дай Бог зразумець, чый ты сын.
За тваімі плячыма шыхтуюцца слынныя продкі,
Што зямлю баранілі, ішлі за свой гонар на бой.
Дым Айчыны бруіцца няспынна-нясцерпна салодкі,
Дзеяў слаўных і чынных працяг валадарыць табой.
Быць уласнаму лёсу па сілах удзячным імкнуся,
Што спазнаць даў хоць трохі гісторыі дух трапяткі.
Вы заўсёды са мною, стагоддзі маёй Беларусі,
Гэтак будзе і сёння, і заўтра, і так на вякі.