На малой радзіме пісьменьніка з 24 па 30 лістапада праходзіць традыцыйны Тыдзень памяці, прысьвечаны 84-м угодкам Уладзімера Караткевіча.
Цягам тыдня, на які прыпадае дзень народзінаў пісьменьніка-земляка (26 лістапада), у горадзе ладзяцца розныя імпрэзы, прысьвечаныя гэтай падзеі. Значная іх частка падрыхтаваная музэем Уладзімера Караткевіча. І ідэя трансьляваць вершы знакамітага аршанца для пасажыраў грамадзкага транспарту таксама належыць музэйным супрацоўнікам.
«Калі Тыдзень памяці Ўладзімера Караткевіча праводзіўся летась, мы перадавалі ў гарадзкі аўтапарк раздрукаваныя вершы, каб іх разьмясьцілі ў салёнах аўтобусаў — на месцах, прызначаных для рэклямы і аб’яваў. Сёлета мы зрабілі і гэта таксама, і пайшлі далей: перадалі ў аўтапарк аўдыёзапісы з аўдыёкнігі „Быў. Ёсьць. Буду“, выдадзенай колькі год таму выдавецтвам „Мастацкая літаратура“. Так што цяпер пасажыры аршанскіх аўтобусаў маюць магчымасьць паслухаць вершы Ўладзімера Караткевіча ў выкананьні прафэсійных чытальнікаў, а таксама адзін верш, які чытае сам аўтар. Апрача гэтага, у аўтобусах можна паслухаць і песьні на вершы Ўладзімера Караткевіча ў выкананьні беларускіх бардаў, напрыклад, Алеся Камоцкага», — апавяла Вольга Пашковіч, супрацоўніца музэю Ўладзімера Караткевіча.
Яна падкрэсьліла, што гарадзкі аўтапарк спрыяе ўшанаваньню памяці пісьменьніка-земляка абсалютна бясплатна: ня просіць грошай за гукавую трансьляцыю і за разьмяшчэньне друкаваных матэрыялаў як за рэкляму.
26 лістапада, у дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча, у Воршы пройдзе традыцыйнае ўскладаньне кветак да помніка пісьменьніку, усталяванага ў парку на ўзьбярэжжы Дняпра, тут пройдуць і традыцыйныя літаратурныя чытаньні «І не зьнікаць паэтам вечна!» з удзелам літаратараў, бібліятэчных і музэйных работнікаў, творчай інтэлігенцыі і школьнікаў. Да канца гэтага тыдня будуць арганізаваныя і іншыя імпрэзы — сустрэча з паэтам Анатолем Прохаравым, аўтарам вершаў для дзяцей, пройдзе літаратурна-музычная гасьцёўня «Ты ёсьць… Ты будзеш…» з удзелам літаратараў Аршанскага рэгіёну, адбудзецца музычны вечар «Чароўная кветка народнай душы» з удзелам камэрнага жаночага хору «Глёрыя» дзіцячай школы мастацтваў № 1. На працягу ўсяго тыдня для школьнікаў арганізаваныя экскурсіі па мясьцінах, зьвязаных зь біяграфіяйКараткевіча, а ў эфіры аршанскага радыё гучаць адмысловыя літаратурныя перадачы, прысьвечаныя знакамітаму пісьменьніку-аршанцу.