У Залесскай школе — цудоўныя настаўнікі і дзеці. Цудоўныя настаўнікі імкнуцца цудоўна навучаць, а цудоўныя вучні — цудоўна выконваць іх заданні. І вось аднаго разу настаўніца беларускай мовы і літаратуры спн. Святлана Ізафатава, даўшы заданне напісаць рэфераты па жыцці і творчасці любімых беларускіх пісьменнікаў, атрымала ад адной дзяўчынкі-старшакласніцы працу на шмат старонак, з рознымі цікавосткамі і падрабязнасцямі і пра жыццё, і пра творчы шлях аднаго з творцаў. “І толькі даты смерці яго я не знайшла, як ні старалася,” — скрушліва ўздыхнула выдатніца.
— Не дзіва, бо творца жывы, ён — наш сучаснік! — усклікнула настаўніца і крэпка задумалася, як змагацца з перакананнем, што і да Залесся дабралася — нібыта беларускіх пісьменнікаў днём з агнём жывых не знойдзеш.Пастанавілі — трэба ладзіць сустрэчы! І вось быў у Залессі часопіс “Верасень”, а следам за “Вераснем” пашчасціла з’ездзіць у Залессе мне, Алене Масла, і выступіць у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
19 траўня гэтага года вучні пабачылі яшчэ жывую пісьменніцу, а пісьменніца — вельмі жывых і жвавых вучняў, якія шмат пыталіся, усміхаліся, рухаліся і шапталіся (за што атрымалі прачуханца ад настаўнікаў), а мне было радасна бачыць гэтыя жывасць і няўседлівасць. Значыць, дзеці здаровыя, калі энергіі ў іх шмат!Апроч добрага настрою ў Залессі мне падаравалі дрэва пажаданняў, мех шчасця, буклеты па маіх казках і насценгазету! Наказалі пісаць яшчэ!Так што буду жыць!