Карты для гульні з фабрыкі Лапіных, якая працавала ў 1920-я – 1940-я ў Гродне, былі папулярнымі па ўсёй Еўропе. Сёння гарадзенскую “фішку” вырашылі вярнуць з небыцця мастакі і дызайнеры, стваральнікі гульні “Паўстанцы”.
Антось і Наста Янкоўскія займаюцца распрацоўкай і продажам настольных гульняў. За іх плячыма такія вядомыя ўжо праекты гульняў як “Паўстанцы”, “Мова”. Да пары далучылася купка сяброў-дызайнераў, у выніку чаго паўстала сапраўднае творчае аб’яднанне з вялікімі планамі.
“Калі мы прачыталі, што падчас рэканструкцыі аднаго з гістарычных будынкаў былі знойдзеныя карты Лапіных, мы былі ўражаныя, – тлумачыць Антось. – Гэта ж вельмі файная пераемнасць пакаленняў: некалі ў Гродне выдавалі карты для гульні, папулярныя па ўсёй Еўропе, а цяпер мы ствараем настольныя гульні. Так і вырашылі перавыдаць”.
Ад “каралеўскіх” картаў да савецкіх агітплакатаў
Сапраўды, у 1923 годзе браты Аляксандр і Абрам Лапіны атрымалі ліцэнзію на выраб картаў для гульні ў Гродне. Бізнес пайшоў паспяхова: калоды разыходзіліся далёка па-за межамі тагачаснай Польшчы. Лёс братоў губляецца ў часы ваеннага ліхалецця, а сама фабрыка была нацыяналізаваная ў 1944 годзе і пачала друкаваць агітплакаты для савецкіх працоўных.
Сярод розных тыпаў калодаў, якія выдавалі Лапіны, была і патрыятычная. Месцы каралёў у ёй займаюць Стэфан Баторый, Ян Сабескі, Казімір Вялікі, Жыгімонт Аўгуст. Валеты і дамы зробленыя паводле стылістыкі часу, да якога належыць манарх. То бок даму з часоў Казіміра цяжка пераблытаць з дамай часоў Баторыя.
Неразрэзаны ліст картаў акурат гэтай калоды некалькі гадоў таму знайшоў на паддашку фабрыкі журналіст мясцовага сайта і перадаў у музей. Кардон захаваўся даволі дрэнна, фарба дзе-нідзе злезла, але аднавіць выявы цалкам магчыма. Рэліквія (іншых падобных картаў у музеі проста няма) і стала прататыпам для працы мастачкі Насты Янкоўскай.
“Хочацца зрабіць якасна”
“Цяпер мы перамалёўваем выявы, бо хочацца зрабіць якасна, – працягвае Антось. – То бок не “выцягваем з дапамогай “фаташопу” старыя выявы, але малюем па новай, з нуля, карыстаючыся арыгіналамі. Тым больш што арыгіналы, на жаль, у вельмі дрэнным стане: яны праляжалі на сырым паддашшы не адзін год. Дарэчы, мы будзем выкарыстоўваць і арыгінальны лагатып Лапіных, каб усё было па-сапраўднаму”.
Янкоўскі перакананы, што такі набор будзе добрым падарункам як для беларусаў, так і для замежнікаў. Унутры кожнага набору будзе брашурка па-беларуску, па-польску і па-ангельску. Улічваючы, што горад над Нёманам у гэтым сезоне сапраўды наведвае шмат замежнікаў, нехта з іх на зваротным шляху зможа згуляць гістарычнымі картамі ўжо ў аўтобусе альбо цягніку. Такі вось практычны сувенір.
“Пілотную” калоду прэзентуюць на Ноч музеяў
Каштаваць калода будзе каля 6-7 рублёў. На сайце Talaka.by можна будзе замовіць нават танней – за 4-5 рублёў. Будзе яшчэ невялікі наклад карт у скураных скрынках – яго можна будзе прыдбаць выключна праз “Талаку”. Аўтары плануюць наклад у 2000 набораў. Калі справа пойдзе, ёсць перспектыва дадрукаваць яшчэ.
Зрабіць замову на сайце Talaka.by можна будзе з 11 траўня прыкладна цягам месяца. 20 траўня Янкоўскія плануюць прэзентаваць “пілотны асобнік” калоды падчас Ночы музеяў у Гродне, а ўжо ў пачатку чэрвеня спадзяюцца на выхад з друку ўсяго запланаванага накладу.
Алесь Кіркевіч