У Івацэвіцкім раёне (Брэсцкая вобласць) 19 верасня адбудзецца ваенна-гістарычны фестываль “Выганашчанскае фартэцыя”, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У вёсцы Выганашчы будуць рэканструяваны падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Агінскага канала ў 1915 годзе. Падчас Першай сусветнай вайны ў гэтых краях вяліся жорсткія баі паміж рускімі і нямецкімі войскамі. У прыватнасці, праз Выганашчы праходзіла лінія фронту. З 1915 па 1917 гады праціўнікі стварылі там цэлы комплекс фартыфікацыйных збудаванняў. Да нашых дзён захавалася каля 60 дотаў і блокгаўзаў. Гэта унікальны аб’ект па сваёй інжынерна-тактычнай арыгінальнасці і гістарычнай каштоўнасці.
У рэканструкцыі падзей стогадовай даўнасці прымуць удзел вайскова-гістарычныя клубы з усёй Беларусі. Будуць паказаны найбольш яркія і значныя эпізоды супрацьстаяння двух варожых войскаў. Так, гледачы ўбачаць адступленне бежанцаў, прарыў кавалерыйскай часткі з нямецкага тылу, газавыя атакі, атаку рускай штурмавой групы на германскі блокгаўз. Рэканструктары не пакінулі без увагі лёс сястры міласэрнасці Рымы Івановай, якая паступіла на фронт у 21 год пад мужчынскім імем. У пераломны момант бою дзяўчына падняла ў атаку роту салдат, падчас якой была смяротна параненая. За сваю адвагу яна ўзнагароджана афіцэрскім ордэнам Святога Георгія.
“Ідэя правядзення такога фестывалю з’явілася ўжо даўно. Мы хочам прыцягнуць увагу да значных і цікавых падзеяў Першай сусветнай вайны. У Выганашчанскім краі захаваліся ўнікальныя збудаванні, там вельмі прыгожая прырода. Калі гледачам спадабаецца фестываль, абяцаем зрабіць яго штогадовым”, – распавёў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА арганізатар мерапрыемства, дырэктар фонду “Фартыфікацыя Брэста” Андрэй Варабей.
На “Выганашчанскай фартэцыі” разгорнецца ваенна-палявой лазарэт, інтэрактыўны ваенны лагер, будзе працаваць выстава уніформы салдат Першай сусветнай вайны. Для гасцей плануецца правесці экскурсію па месцах, дзе захаваліся германскія і рускія палявыя і доўгачасовыя ўмацаванні.
Арганізатарамі ваенна-гістарычнага фестывалю з’яўляюцца Івацэвіцкі райвыканкам, фонд “Фартыфікацыя Брэста”, Палескі аграрна-экалагічны інстытут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Аляўціна Чарнаволава, БелТА