24 кастрычніка ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адбылося адкрыццё выставы нумізматыкі і баністыкі “Скарбы маёй краіны”. Яна будзе дзейнічаць прыблізна да студзеня, а далей, магчыма, адкрыецца і ў Валожынскім краязнаўчым музеі.
На адкрыцці выставы гучала музыка Сярэднявечча ў выкананні Касі Радзівілавай і калектыва старадаўняй музыкі “Рарог” Івянецкай дзяцячай школы мастацтваў, а таксама беларускія народныя песні артыстаў народнага калектыва “Гаcцінец” з Ракава.
Як расказаў Край.бай арганізатар выставы краязнаўца Валерый Мазура, усе прадстаўленыя экзэмпляры сабралі на Валожыншчыне:
– Вывучаць гісторыю сваёй краіны можно літаральна “ў тварах”. На абароце шматлікіх манет выбіты выявы князёў ВКЛ і правіцеляў Рэчы Паспалітай. Ці пярсцёнкі-пячаткі (сігнеты) з гербамі ўладальнікаў. Усе яны датуюцца XVI стагоддзем і пазней.
Краязнаўца Валерый Мазура (у цэнтры)
Асабістую цікавасць выклікаюць манеты XVII стагоддзя з прабітымі дзюркамі.
– Такім спосабам выводзілі з абароту фальшыўкі. Такая манета станавілася несапраўднай і ёй ужо нельга было расплаціцца, – паясніў Валерый Мазура.
Сярод артэфктаў вайны 1812 г. выдзяляюцца гузікі салдат напалеонаўскай арміі.
– Выбітыя на іх лічбы пазначаюць нумар палка ці падраздзялення. А вось гузікі з выявай арла належалі салдату асабістай арміі ахоўнікаў Напалеона.
Як адзначыў Валерый Мазура, жадаючых наведаць выставу нямала, прыязжаюць нават з Мінску.
Выставачная зала Івянецкага музея традыцыйнай культуры працуе з 9.00 да 18.00 кожны дзень, акрамя панядзелка.
Алена Козіна
Фота прадастаўлены Валерыем Мазурам, Край.бай