ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае свой відэапраект — цыкл літаратурных гутарак «Кантэкст». У кожным «Кантэксце» вас чакаюць інтэрв’ю з вядомымі беларускімі літаратарамі, а таксама іх аўтарскія чытанні.
У новым выпуску вядоўцы «Кантэксту» Усевалад Сцебурака і Ціхан Чарнякевіч гутараць з паэткай, перакладчыцай, літаратуразнаўцай Ірынай Багдановіч.
Ірына Эрнстаўна Багдановіч нарадзілася 30.04.1956 г. у горадзе Ліда Гарадзенскай вобласці ў сям’і служачых.
Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1983). Была навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (1983-2002), вядучым навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея Янкі Купалы (2002-2003). З 1996 года — дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры філфака БДУ. Кандыдат філалагічных навук (1985). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1989 года.
Друкуецца з 1973 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Чаравікі маленства» (1985), «Фрэскі» (1989), «Вялікдзень» (1993), «Альбом першакласніцы» (для дзяцей, 2003), «Сармацкі альбом» (2004), «Прыватныя рымляне: Вершы і пераклады» (2006) і інш. Выступае і як крытык, літаратуразнавец. У 1989 г. выйшла манаграфія «Янка Купала і рамантызм», у 2001 г. — «Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння».