У Кобрыне прадаюць адну з найбуйнейшых сінагог Беларусі. Як дайшло да таго, што яе выставілі на аўкцыён?

Сінагога, якая з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, прадаецца за даўгі скандальна вядомага мінскага забудоўшчыка, піша «Брэсцкая газета».

У Кобрыне на аўкцыён выставілі адну з найбуйнейшых сінагог Беларусі. Яна знаходзіцца на вуліцы Першамайскай, 40. Электронныя таргі прызначаны на 15 траўня. Пачатковы кошт аб’екта складае 612 тысяч рублёў (прыкладна 200 тысяч даляраў). Яе выставілі на пляцоўцы па продажы маёмасці «БелЮрЗабеспячэнне».

Sinahoha ŭ Kobrynie Сінагога ў Кобрыне. Фота: e-auction.by

Чаму сінагогу выставілі на аўкцыён

Сінагога прадаецца за даўгі ТАА «Жылбудкамплект». Гэта забудоўшчык, які не дабудаваў жылы комплекс «Грушаўскі пасад» у Мінску. 430 дольшчыкаў перадалі кампаніі больш за 58 млн рублёў, але кватэры так і не атрымалі. У выніку дзяржаўны забудоўшчык завяршыў будаўніцтва, а кіраўнікоў «Жылбудкамплекта» судзілі.

Гэтая гісторыя з «Жылбудкамплектам» накладвае на новага ўладальніка гістарычнага помніка шэраг абцяжаранняў: аб’ект знаходзіцца пад арыштам, на яго распаўсюджваецца забарона на рэгістрацыйныя дзеянні.

Разам з будынкам прадаецца і зямельны ўчастак плошчай 57 сотак, які перадаецца на праве сталага карыстання. Зямлю можна выкарыстоўваць выключна для размяшчэння аб’ектаў рэлігійнага (культавага) прызначэння.

Агульная плошча сінагогі складае 1068 квадратных метраў. Пры гэтым будынак мае статус помніка гісторыка-культурнай спадчыны.

Sinahoha ŭ Kobrynie
Сінагога ў Кобрыне. Фота: e-auction.by

Гісторыя сінагогі ў Кобрыне

Цяперашняя каменная сінагога была ўзведзена ў сярэдзіне XIX стагоддзя, па некаторых звестках — у 1840-х гадах. Сінагогу пабудавалі на вялікім участку паміж ракой Кобрынкай, Пінскай вуліцай, гарадскімі лазнямі і ўчасткам Франкоўскага. Па архітэктурнай кампазіцыі гэта базілікальны храм без веж, з двухсхільным дахам, арыентаваны з захаду на ўсход.

Sinahoha ŭ Kobrynie
Сінагога ў Кобрыне. Фота: e-auction.by


У спісе за 1853 г. яна пазначана як «незавершаная будаўніцтвам», а побач з ёй дзейнічалі яшчэ дзевяць малітоўных школ. Да 1913 года сінагога функцыянавала. Пазнейшыя дакументы аб яе працы адсутнічаюць.

Sinahoha ŭ Kobrynie
Унутры сінагогі ў Кобрыне. Фота: e-auction.by

У пачатку XX стагоддзя ў Кобрыне дзейнічала больш за сем сінагог, але пасля Другой сусветнай ацалела толькі гэтая. Падчас ВАВ будынак стаў цэнтрам гета, куды нацысты сагналі яўрэйскае насельніцтва з усёй акругі. Пасля вайны сінагога ўжо не выкарыстоўвалася як рэлігійны аб’ект: каштоўныя рэчы былі вывезены, будынак прыстасавалі пад вытворчыя патрэбы.

Sinahoha ŭ Kobrynie
Унутры сінагогі ў Кобрыне. Фота: e-auction.by

У 1980-х гадах тут размяшчаўся цэх па вытворчасці піва і безалкагольных напояў Кобрынскага кансервавага завода. У 1990-я гады будынак пачаў прыходзіць у заняпад.

Sinahoha ŭ Kobrynie
Унутры сінагогі ў Кобрыне. Фота: e-auction.by

Планы аднавіць сінагогу як культурны цэнтр яўрэйства Заходняй Беларусі і музей гісторыі і этнаграфіі яўрэяў Брэстчыны не былі рэалізаваны.