У вялікай харальнай сінагозе ў Гродне знеслі ўнутраную перагародку паміж вестыбюлем і малельнай залай. Пра гэта паведамляе Hrodna.life са спасылкай на чытачоў Facebook-групы «Гродно».
Аркі заклалі цэглай у два пласты і замазалі тынкоўкай у савецкія гады — так з’явіліся пустыя ўнутры перагародкі. Уваходная група сінагогі была замуравана амаль 70 гадоў. Прыбраўшы перагародкі, гэтую частку сінагогі вярнулі да аўтэнтычнага знешняга выгляду — менавіта такім ён быў у арыгінале, пасля апошняй перабудовы будынка ў 1902−1905 гг.
Унутраная перагародка паміж вестыбюлем і малельнай залай. Фота 2019 года, крыніца: «Яндэкс-карты» (злева). Знесеная вясной 2025 года перагародка. Фота: Іна Крайнёва, Facebook-група «Гродна» (справа)
У пасляваенны час у будынку сінагогі размяшчаліся склады. Пазней, з 1960-х па 1991 год, тут працавалі мастацкія майстэрні. Увесь гэты час будынак паступова разбураўся. Выратаваць сінагогу ўдалося дзякуючы даху і ацяпленню — яны забяспечвалі сухасць памяшканняў.
У 1991 годзе сінагогу вярнулі яўрэйскай абшчыне. Па ўспамінах кіраўніка гродзенскай іудзейскай абшчыны Барыса Квяткоўскага, пасля перадачы сінагогі будынак быў у жудасным стане. «Шэсць грузавікоў аднаго толькі смецця вывезлі. Мазаічную падлогу вялікай залы так і не знайшлі. Цяжка было глядзець на гэта ўсё, але мы справіліся і праз гады ў сінагогу прыемна зайсці», — успамінаў Квяткоўскі.
Сінагога ў 90-х гадах ХХ стагоддзя
Пасля перадачы сінагогі першая дапамога на рэстаўрацыю прыйшла з Аўстраліі. Гарвыканкам выдзеліў вялікую суму на дакументацыю і абследаванне. Былы вязень гродзенскага гета Фелікс Зандман на рэстаўрацыю пералічыў $ 10 тыс. Таксама дапамаглі многія гродзенскія прадпрыемствы: у 2010-х у рэстаўрацыю сінагогі актыўна ўключылася група кампаній «ЗОВ».