У Лідскім раёне на працягу некалькіх месяцаў (з ліпеня 2013-га па люты 2014-га) праходзілі этнаграфічныя экспедыцыі рабочай групы праекта “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах” у рамках трансмежавага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Літвой і Беларуссю пры міжнароднай тэхнічнай дапамозе Еўрапейскага саюза, паведамляе “Лiдская газета”.
За больш чым паўгадовы тэрмін было зроблена вельмі шмат: у лічбавым фармаце запісаны вусныя апавяданні аб вытворчасці тканін, вырошчванні льну, традыцыйных стравах, беларускіх абрадах, прайшлі майстар-класы па ганчарстве, разьбе па дрэве, маркетры, ткацтву, традыцыйнай апрацоўцы льна і вырабе кужалю, прадэманстраваны абрад “Падаванне вянка”.
Асабліва паспяхова прайшлі экспедыцыі ў вёскі Ігнаткаўцы, Панямонцы, Навіцкія. Так, ад старэйшых жыхароў вёскі Ігнаткаўцы Голдаўскага сельсавета сабраны багаты фальклорны танцавальны матэрыял. Экспедыцыйнай групай зафіксавана дзесяць побытавых танцаў: “Полька дробна”, “Акуліна”, “Кракавяк”, “Падэспань”, “На рэчаньку”, “Каробачка”, “Лысы”, “Вальс”, “Руская полька”, “Факстрот”. Цікавым момантам у Ігнаткаўцах стала выпечка каравая – зафіксаваны ўвесь працэс, ад замесу цеста да ўпрыгожвання каравая. А жыхарка вёскі Навіцкія Траццякоўскага сельсавета Данута Жыдзіс (на здымку злева)падзялілася тонкасцямі прыгатавання бульбяной, мясной і тварожнай мачанак, пераняла яна гэтыя рэцэпты ад сваёй свекрыві.
Этнаграфічна абследаваны былі і аграгарадкі Лідскага раёна (Дворышча, Бердаўка, Тарнова, Мажэйкава і інш.), у іх зафіксаваны помнікі гісторыка-культурнай спадчыны.
Падчас экспедыцый рабочай групай трансмежавага праекта “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах” былі наведаны 22 населеныя пункты і прыблізна каля 70-ці мясцовых жыхароў-інфарматараў.
Аб унікальнасці і каштоўнасці экспедыцый сведчыць і той факт, што ўвесь напрацаваны матэрыял захаваецца ў архівах, далейшае іх выкарыстанне плануецца ў клубнай і адукацыйнай рабоце. Мэта экспедыцый выкананая цалкам – па вусным апісанні інфарматараў і зробленым фатаграфічным матэрыяле можна скласці ўяўленне аб матэрыяльнай культуры і побыце мясцовага насельніцтва. Сабраны матэрыял ляжа ў аснову буклетаў і DVD, якія будуць мець доўгатэрміновую культурную каштоўнасць для народаў трох краін-суседак.