1 лістапада ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”, арганізаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла прэзентацыя інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет” і двух апошніх выданняў з серыі “PostScriptum” — зборніка апавяданняў “Нататкі пра Шэрлака Холмса” Артура Конана Дойла і кнігі, што ўлучае аповесць Хораса Ўолпала “Замак Отранта” і раман “Франкенштайн, ці Сучасны Праметэй”, а таксама прэзентацыя кампаніі “Пяцісотгоднасць”. Прэзентацыю праводзілі перакладчыкі Ганна Янкута і Ігар Крэбс.
Перакладчыкі пачалі з таго, што прадставілі кампанію “Пяцісотгоднасць” — 500-гадовы юбілей беларускага кнігадруку, — нагадаўшы прысутным, што ўсе сучасныя перакладчыкі і выдаўцы (якія б яны ні выдавалі кнігі, папяровыя ці электронныя, як гэта робіць часопіс “ПрайдзіСвет”) — гэта паслядоўнікі Францыска Скарыны. Прысутныя ўспомнілі пра значныя дасягненні беларускага першадрукара, згадалі, з якой менавіта кнігі Бібліі пачалася гісторыя беларускага кнігавыдавецтва, і пасля гэта перакладчыкі пачалі сваю прэзентацыю інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет”.
Спачатку яны расказалі гісторыю з’яўлення часопіса, коратка пералічылі ўсе нумары і апісалі структуру сайта, засяродзіўшыся на тым, што гэты сайт — гэта таксама бібліятэка, толькі электронная. Перакладчыкі расказалі, як гэтай бібліятэкай можна карыстацца, і супрацоўнікі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы адразу ж прапанавалі рабіць разам сумесныя праекты. Асабліва іх зацікавіў раздзел тэставанак і гульняў, спасылку на які можна будзе даць на інтэрнэт-старонцы дзіцячага аддзелу. Пасля гэтага перакладчыкі правялі сярод прысутных віктарыну на веданне складанасцяў беларускай мовы, пераможца якой атрымала ў падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” кнігу Алеся Пашкевіча “Рух”, а іншыя актыўныя ўдзельнікі — паштоўкі “Не маўчы па-беларуску!” і нумары часопіса “Дзеяслоў”.
Пасля Ганна Янкута расказала пра кніжную серыю часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”, засяродзіўшыся на двух апошніх выданнях — зборніку апавяданняў “Нататкі пра Шэрлака Холмса” Дойла і самай свежай, некалькі месяцаў таму надрукаванай кнізе, што ўлучае “Замак Отранта” Ўолпала і “Франкенштайна” Шэлі. Ігар Крэбс расказаў пра тое, як перакладчыкам удалося назбіраць грошай на выданне гісторыяў пра Холмса дзякуючы краўдфандынгавай кампаніі, а пасля пачытаў некалькі сваіх перакладаў з нямецкай паэзіі — вершы Г. Гайнэ і Г. Гайма. Ганна Янкута прачытала верш Дж. Кітса “Ода восені”. Пасля гэтага перакладчыкі запрасілі ўсіх прысутных карыстацца сайтам часопіса “ПрайдзіСвет”, не забываць пра вялікі юбілей беларускага кнігавыдання і падарылі бібліятэцы плакаты кампаніі “Пяцісотгоднасць” і кнігі пра Шэрлака Холмса і Франкенштайна, каб лідчане маглі чытаць замежную класіку па-беларуску.