У львоўскай кнігарні “Є” адкрыецца “Беларуская палічка”

17.05.2010 Замежжа

У львоўскай кнігарні “Є” 23 траўня адбудзецца адкрыцьцё “Беларускай палічкі”.

“Беларуская палічка” – сумесны праект Беларускага ПЭН-цэнтра, выдавецтва «Логвінаў» і сеткі кніжных крам «Є» у рамках фестывалю “Беларуская вясна 2010».

Як паведамляе kultura.lviv.ua, мэта праекту – наладзіць рэалізацыю кніг незалежных беларускіх выдавецтваў, якія займаюцца выданнем сучаснай літаратуры на беларускай мове, даць магчымасць ўкраінскаму чытачу азнаёміцца з найбольш цікавымі і паспяховымі творамі беларускіх аўтараў апошніх гадоў. Наведвальнікі крам «Є» змогуць пабачыць, пагартаць і набыць мастацкія і публіцыстычныя выданьні, што выйшлі з друку у 2008-2010 гадах у незалежных выдавецтвах “Логвінаў”, “Галіяфы”, “Медысонт”.

Сярод прадстаўленых у праекце аўтараў – вядомыя ня толькі ў Беларусі філосаф Валянцін Акудовіч, пісьменнікі Альгерд Бахарэвіч, Зьміцер Вишнёў, Адам Глобус, Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў. Акрамя таго, на «Беларускую палічку» патрапіць мастак Артур Клінау са сваім канцэптуальным альбомам-даведнікам па Менску “Горад Сонца” – праектам, які ўжо паспеў стаць культавым.

Прэзентаваць «Беларускую палічку» ў Львове будуць вядомыя беларускія літаратары Вольга Бабкова, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч. У рамках прэзентацыі адбудзецца дыскусія “Актуальны стан беларускай літаратуры» з удзелам Барыса Пятровіча ды Андрэя Хадановіча.

“Беларуская палічка” прэзентуецца на праспекце Свабоды, 7.

Тэгі: