Рэстаўрацыя архітэктурна-паркавага ансамбля ў Лынтупах пачалася напрыканцы 2011 года, калі гэты каштоўны гістарычны аб’ект быў выкуплены расійскім інвестарам. З таго часу тут не спыняюцца будаўнічыя работы. Іх кошт ужо склаў больш за шэсцьсот тысяч долараў.
Гэту лічбу агучыў пастаўчанін Аляксандр Марушка — дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Глорыя 777”, якое рэалізуе інвестыцыйны праект. А таксама расказаў пра першыя вынікі аднаўленчых работ і падзяліўся планамі па развіцці турызму на Лынтупшчыне.
Планы — “напалеонаўскія”
Галоўны інвестар маштабнай будоўлі — маскоўскі бізнесмен Дзмітрый Панамарэнка. Яму належыць каля дзясятка комплексаў элітнага адпачынку ў розных гарадах Расійскай Федэрацыі — Маскве, Санкт-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе… Па ўзгадненні з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь адзін з такіх комплексаў будзе створаны ў Лынтупах.
Сёння на аб’екце працуюць два дзясяткі будаўнікоў — мясцовых і з райцэнтра. Яны ўжо цалкам завяршылі супрацьаварыйныя і дахавыя работы, пачалі аднаўляць фасады палаца. У будучай гасцініцы зроблена ўцяпленне, устаўлены вокны, гатовы перагародкі пад нумары, якіх запланавана стварыць каля дваццаці. У кожным будуць санвузел, спадарожнікавае тэлебачанне, інтэрнэт.
Чатыры гасцінічныя нумары, толькі ўжо VIP-узроўню, зоймуць увесь другі паверх палаца Бішэўскага, тры з іх — з выхадам на тэрасы. Плошча кожнага складзе больш за сто квадратных метраў. На першым паверсе размесцяцца банкетная зала, разлічаная на 70 чалавек, невялікае кафэ, адміністрацыйныя пакоі. У скляпеннях плануецца стварыць карцінную галерэю і музей.
“Напалеонаўскія” планы і наконт прылеглай тэрыторыі.
— Побач з архітэктурным комплексам ёсць адкрытае поле, і ў нас шмат задум па выкарыстанні гэтай тэрыторыі, — распавёў Аляксандр Марушка. — Там будуць пабудаваны тэнісныя корты, магчыма, басейн, СПА-цэнтр, невялікі амфітэатр. Таксама ёсць задума адкрыць праваслаўную царкву, дзе можна было б праводзіць абрады хрышчэння, шлюбу.
У перспектыўным плане і ачыстка ставоў, якія абгінаюць сядзібу. Ужо ёсць дамоўленасць з пастаўскім ПМС наконт правядзення гэтых работ.
У вячэрні час і выхадныя дні ўваход на будаўнічую пляцоўку забаронены. Гэта выклікала скаргі з боку некаторых лынтупчан, якім даводзіцца губляць час, абыходзячы сядзібу. А. Марушка растлумачыў, што па заканадаўстве Рэспублікі Беларусь кожная такая будоўля па тэхніцы бяспекі павінна быць закрытай. Такім чынам вырашаецца і пытанне з непажаданымі “гасцямі”, якія “не супраць” украсці будаўнічыя матэрыялы.
Не толькі бізнес, але і адказнасць
Да пачатку рэстаўрацыі інвестар падпісаў ахоўныя абавязацельствы і такім чынам узяў на сябе адказнасць захаваць “твар” унікальнага архітэктурнага комплексу, які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Таму разам з будаўнікамі на аб’ектах працуюць і навукоўцы. Іх работай кіруе сталічны архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік.
Ён расказаў, што работа над праектам лынтупскага палаца Бішэўскага ўжо вялася ў 90-ыя гады, калі мясцовая ўлада рабіла захады па яго адраджэнні. Але з-за недастатковага фінансавання планы так і засталіся планамі.
За два дзясяткі гадоў штосьці ў будынку разбурылася, штосьці прыйшло ў непрыгоднасць, і многія навуковыя экспертызы прыйшлося паўтарыць. Былі зноў праведзены фізіка-хімічныя даследаванні па вывучэнні будматэрыялаў, прадоўжылася праца ў гістарычных архівах. Зроблена падрабязная фотафіксацыя аб’ектаў.
— Наша задача — не толькі захаваць знешні выгляд панскай сядзібы, але і яе ўнутраны стыль, — патлумачыў Вадзім Гліннік. — Таму ў праект інвестараў былі ўнесены некаторыя карэкціроўкі. Яны ўлічылі ўсе рэкамендацыі. Наогул, супрацоўнічаць з “Глорыяй 777” — адно задавальненне: у фірме сапраўдныя прафесіяналы.
Даследаванні па палацы ўжо завершаны, цяпер увага накіравана на больш дробныя аб’екты комплексу. Але яны маюць не меншую гістарычную вартасць. Лынтупшчына — унікальны край, дзе сканцэнтравана неверагодная колькасць славутасцей. Магчымасцей для развіцця турызму тут безліч! Адных толькі музеяў можна было б стварыць дзясятак. Лынтупчане сядзяць на “залатым мяшку”, і ў іх сілах эфектыўна выкарыстаць падораныя гісторыяй магчымасці.
На думку спецыялістаў, захаваць для нашчадкаў палац без удзелу інвестараў амаль немагчыма. Гэта патрабуе вялікіх фінансавых затрат.
Адпачыць у Каптарунах? Станавіцеся ў чаргу!
Інвестары ўпэўнены: ахвотных адпачыць па-панску будзе шмат. Пра гэта ў многім сведчыць вялікі інтарэс турыстаў (у першую чаргу расійскіх) да паляўнічых домікаў у раёне вёскі Каптаруны.Турыстаў вабяць дзікая прырода (для многіх з іх гэта сапраўдная экзотыка!), стылізаваныя пад даўніну і разам з тым па-сучаснаму абсталяваныя сядзібы.
Адзін з паляўнічых домікаў знаходзіцца на бліжэйшым ад вёскі хутары. Сустрэць тут кагосьці, акрамя дзікоў, а часам ласёў і аленяў, вельмі складана. І гэта якраз тое, што патрэбна стомленым ад мітусні гараджанам.
У распараджэнні турыстаў дом, у якім можа размясціцца кампанія да 10 чалавек, пабудаваная з натуральнай ліпы лазня, невялікі крыты басейн з відам на маляўнічае наваколле, гульнявая пляцоўка для дзяцей, квадрацыклы, снегаходы і веласіпеды (у залежнасці ад сезона).
Уся мэбля ў сядзібе ручной работы, выраблена выключна з натуральнага дрэва. Дом абсталяваны санвузламі, у кожным пакоі ёсць плазменны тэлевізар са спадарожнікавым тэлебачаннем, закуплена магутная акустычная сістэма. На кухні — найноўшая тэхніка і ўвесь неабходны посуд.
Другое месца адпачынку — “Рыбацкая хата” — знаходзіцца на беразе возера Каптаруны. Акрамя камфортнага дома з усімі выгодамі, тут пабудаваны прасторная лазня і банкетная зала на 18 чалавек.
Каптаруны прымуць гасцей ужо ў сакавіку, а вось пра тэрміны здачы гасцініцы і палаца ў Лынтупах пакуль гаварыць рана. Хутчэй за ўсё, гэта будзе 2017 год.