У Любліне ў выдавецтве «Варштаты культуры» выйшла кніга Уладзіміра Арлова ў перакладзе на польскую мову. Гэта зборнік баладаў «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Кнігу пераклаў вядомы перакладчык і паэт Багдан Задура.
Кажа Уладзімір Арлоў: — Польская версія, дакладней яна польска-беларуская, двухмоўная, не паўтарае беларускую кнігу «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Яна істотна большая. Туды ўвайшлі тры мае новыя балады: «Каралева пінгвінаў», «Цвіў скрыпень» і «Апоўначы ў лонданскім доме». Кніга вельмі прыгожа выдадзеная. І гэты дадатак — на іншай паперы, што таксама надае нейкі шарм кнізе.
Гэта ўжо чацвёртая кніга Уладзіміра Арлова, якая выйшла ў Польшчы. Папярэдняя кніга «Паром праз Ла-Манш», якую выдалі ў Гданьску ў 2009 годзе, атрымала літаратурную прэмію «Еўрапейскі паэт свабоды».