Гэтыя радкі з верша Анатоля Малюка, прачытанага самім паэтам, выдатна перадавалі атмасферу, якая панавала ў Мазырскай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міжнародны дзень роднай мовы. Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень у вучэбнай установе, якая носіць імя беларускага песняра, і адбыліся Купалаўскія чытанні. Ужо традыцыйныя, бо праходзілі ў чацвёрты раз. Аднак калі раней чытанні абмяжоўваліся Мазыршчынай, то сёлета прыняць удзел у іх запрошаны навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі суседніх Калінкавіцкага, Нараўлянскага, Ельскага і Лельчыцкага раёнаў. Можна толькі вітаць, што колькасць канкурсантаў павялічваецца з году ў год (іх было ўжо больш за 200), што сведчыць пра рост увагі да роднай мовы, літаратуры і культуры.
Цудоўнае слова Купалы… Яно прыходзіць да нас са старонак кніг, з беларускіх песень, з тэатральных падмосткаў. Усё, што адбывалася ў той дзень на імправізаванай сцэне ў гімназіі, таксама прысвячалася Купалу: вершы, песні на яго вершы і нават інтэрвью з паэтам, ролю якога выдатна выканаў дзесяцікласнік Уладзіслаў Кудрыцкі (на здымку). А яшчэ юнак прачытаў верш уласнага сачынення, прысвечаны Купалу.
Але вернемся непасрэдна да самога конкурсу. «Культурная спадчына», «Мой творчы радок», «Святыня народа», «Пейзажы ў творах беларускіх паэтаў і пісьменнікаў» — намінацыі, у якіх былі прадстаўлены работы. Спектр іх таксама шырокі і разнастайны: даследаванні па мовазнаўстве, літаратуры, этнаграфіі, аўтарскія вершы, апавяданні, эсэ, сачыненні, малюнкі… Тэматыка творчых работ мяняецца. Так, у 2012 годзе тэматыка асобных секцый конкурсу прысвячалася 130-годдзю з дня нараджэння Купалы, у 2014 — Году гасціннасці, а сёлета — Году моладзі.
Мазырскія гімназісты, акрамя ўсяго, яшчэ і вядомыя ў краіне інтэлектуалы: нядаўна выйгралі турнір Вялікага кубка Беларусі сярод школьнікаў і сталі ўладальнікамі галоўнага прыза — кубка «Альпійскіх гульняў». Так што эксперыментальная намінацыя «Інтэлектуальная гульня» на тэму творчасці і біяграфіі паэта, беларускай літаратуры і мовы толькі дадала цікавасці чытанням.