Прагуляцца басанож па паверхні з прыродных кампанентаў змогуць мінчане і госці горада, калі апынуцца на новай экасцежцы ў Партызанскім раёне. Яе плануюць адкрыць 1 верасня. Пра гэта ў эфіры «Радыё-Мінск» распавёў намеснік кіраўніка адміністрацыі раёна Уладзімір Лебедзь, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Экасцежка «Лясное царства», якую павінны здаць да 1 верасня, знаходзіцца ў раёне вуліц Ваўшасава і Солтыса, яе працягласць — 828 м. Там створаць умовы для заняткаў спортам і адпачынку: усталююць адну пляцоўку з антывандальнымі трэнажорамі і дзве дзіцячыя пляцоўкі, разлічаныя асобна на гульні малышоў і на забаўкі старэйшых дзяцей.
Таксама на тэрыторыі экасцежкі будзе спецыяльная зона даўжынёй 100 метраў для прагулак басанож. На гэтым участку паверхня будзе складацца з розных прыродных кампанентаў — ад шышак і драўнянай кары да травы, хада па якіх паляпшае самаадчуванне і масажуе пэўныя зоны на ступнях. Уздоўж сцежкі паставяць поручні, каб ёю маглі карыстацца і людзі з абмежаванымі магчымасцямі па зроку.
У Партызанскім раёне гэта ўжо другая экасцежка. Першая — «Сасновы бор» у раёне вуліц Паркавай і Філімонава, яе працягласць — 1,1 км.
Чытайце яшчэ:
Мінск зялёны: самыя незвычайныя і малавядомыя зялёныя зоны сталіцы