У Мінску упершыню пройдзе тэатральнае свята казкі для ўсёй сям’і “Казачны джэм”

09.09.2015 Тэатр

“Казачны джэм” – незвычайнае свята казкі для ўсёй сям’і – пройдзе 26 верасня ў Цэнтры сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3). У свяце прымуць удзел 12 калектываў, сярод якіх вядомы бэбі-тэатр “Бусы”, творчая майстэрня Ганны і Паўла Харланчук-Южаковых “Горад сяброў”, “Лямцавая батлейка” В.Фаміной, лялечны тэатр “БуСемаПа” і многія іншыя.

Генеральны партнер мерапрыемства – кампанія velcom.

У Цэнтры будзе арганізавана некалькі пляцовак, дзе адначасова будуць праходзіць тэатральныя паказы, чытанні і майстар-класы, якія перанясуць дзетак і іх бацькоў у цудоўны свет казак. Маленькія гледачы змогуць пазнаёміцца з тэатрам, паслухаць старадаўнія казкі, жывую музыку, прыняць удзел у шматлікіх майстар-класах! Падзеі разлічаны як на самую малодшую (1-5 гадоў), так і на сярэднюю аўдыторыю (6-10 гадоў), а дарослыя ўбачаць, якімі цікавымі сумеснымі забавамі можна захапіць сваіх дзетак.

У рамках падрыхтоўкі да мерапрыемтсва пройдуць майстар-класы для прафесійныхакцёраў і рэжысёраў. Іх правядуць Святлана Бень (“Срэбранае вяселле”) і таксама актрыса і выкладчыца тэатральнага майстэрства для дзяцей з ПольшчыАгнешка Хакізімана (пры падтрымцы Інстытута Адама Міцкевіча і платформы culture.pl).

Арганізатар “Казачнага джэму”, супрацоўніца Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Наталля Ляванава адзначае:

“Нам хацелася даць магчымасць бацькам і дзецям паглядзець, якія калектывы ў Мінску робяць тэатр для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Нам атрымалася сабраць у адной праграме вельмі разнастайныя тэатральныя праекты, майстар-класы, гульні. Праграма арганізавана такім чынам, каб дзеці і бацькі маглі “пасмакаваць”як мага больш спектакляў, і выбраць тое, што ім даспадобы.

Праект задуманы з мэтай дапамагчы дзецям і бацькам знайсці агульныя інтарэсы ў тым, што звязана з апавяданнем гісторый і казак, далучыцца да багатых нацыянальных культурных традыцый, звязаць паміж сабой розныя пакаленні”.

«Свята казкі ў такім фармаце – унікальнае для Беларусі мерапрыемства, –адзначае кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў. – У гэтым годзе мы рэалзізуем адразу некалькі праектаў ў галіне карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, накіраваных на дапамогу і развіццё дзяцей. Мы вельмі рады, што арганізатары «Казачнага джэму» прынялі рашэнне падтрымаць нашу праграму дапамогі “Беларускаму дзіцячаму хоспісу” і перадаць прыбытак ад продажу квіткоў на дабудоўку новага хоспіса»

У свяце таксама возьмуць удзел тэатр “Люди и куклы”, гурт “Горынь”, хатні тэатр “Калейдаскоп”, “Цыбулькавы тэатр”, тэатр “Троллейбус в лесу “, тэатр лялек, святла і цені“Дом сонца”,  гурт «LumiereTales»,гурт Vuraj і іншыя.

У тыдзень перад фестывалем будуць арганізаваны спецыяльныя мерапрыемствы не толькі для прафесійных артыстаў і рэжысёраў, але і для бацькоў.Пры падтрымцы праекта “ЗаЧтение” з 22 па 25 верасня можна будзе праслухаць даклады экспертаў па такіх тэмах, як казкатэрапія, казкі на беларускай мове, складаныя тэмы ў дзіцячай літаратуры і закрануць нават такое пытанне,як дарыць кнігі.

Падрабязная праграма ТУТ.

У сувязі са спецыфікай мерапрыемства, каб усім было зручна і камфортна вядзецца папярэдні запіс на спектаклі.

Папярэдні запіс і даведкі па тэлефонах: (029) 163 75 49; (029) 703 12 89.