Урачыстае адкрыццё помніка на магіле бабулі Уладзіміра Караткевіча Людмілы Барысевіч прайшло 19 снежня ў Рагачове.
Помнік атрымаўся ладны і дыхтоўны – літаральна цудам удалося адшукаць фотаздымак бабулі ў рагачоўскіх сваякоў пісьменьніка. Дагэтуль лічылася, што выявы бабулі няма.
Грошы на помнік былі сабраныя сярод прыхільнікаў класіка пасля закліка ў інтэрнэце.
На адкрыцці помніка прамаўляў сябар Караткевіча паэт Сяргей Панізьнік, які літаральна перад паездкай напісаў экспромт пра гэтую падзею.
Пасля ўрачыстага адкрыцця ў рагачоўскім Музеі народнай славы ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася прэзентацыя дыска “Галасы” з запісамі галасоў Караткевіча, Геніюш і Барадуліна, якія ў 1968 годзе выканаў Сяргей Панізьнік.
На прэзентацыі, сярод іншых, прысутнічалі і школьнікі 8-11 гадоў. Зала весела ўспрыняла акалічнасць, калі дзеткі змаглі адказаць, хто такі Караткевіч, але не знайшліся, што сказаць, хто такі Ленін. Кожны дзіцёнак атрымаў у падарунак майку ад “Будзьмы”, а кожны прысутны – паштоўкі і календарыкі.
Фота Глеба Лабадзенкі.