У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве 6–7 сакавіка праходзіць сустрэча спецыялістаў у галіне музейнай справы і блізкіх дысцыплін. На ёй абмяркоўваюць стварэнне музейнай лабараторыі — аб’яднання прафесіяналаў, а, магчыма, і аматараў, якое злучыць беларусаў у Беларусі і ў эміграцыі.
Наталля Задзяркоўская. Архіўнае фота: Polskie Radio
Па словах дырэктаркі Музеі Вольнай Беларусі Наталлі Задзяркоўскай, музейная лабараторыя плануецца як аб’яднанне музейшчыкаў, даследчыкаў, культуролагаў, якія займаюцца захаваннем культурнай спадчыны і культурай памяці. У назве «лабараторыя» закладзена практычная скіраванасць гэтай прафесийнай супольнасці.
Падчас дыскусіі агучваліся думкі, што да працы лабараторыі варта далучаць таксама студэнтаў, якія змогуць вучыцца ад прафесіяналаў, прапаноўваць новыя ідэі, і аматараў музейнай справы, якія могуць шмат у чым дапамагчы. Да таго ж, шырокае ўзаемадзеянне з аўдыторыяй падвышае распазнавальнасць і прывабнасць музея для публікі. Прагучаў прыклад стварэння Нямецкага гістарычнага музея ў Берліне — у распрацоўцы яго канцэпцыі, асноўных наратываў, грамадская супольнасць удзельнічала нароўні з прафесіяналамі.
Музейныя лабараторыі ёсць пры шмат якіх установах у розных краінах. Звычайна яны маюць пэўную спецыялізацыю ў сваёй дзейнасці. Напрыклад, лабараторыя музея Метраполітан у Нью-Ёрку распрацоўвае палітыку працы з медыя. Музейная лабараторыя ў Пітсургу займаецца эксперыментальнымі выставачнымі праектамі. Ёсць музейныя лабараторыі, якія становяцца цэнтрам даследаванняў і нэтворкінгу. Такім чынам, ініцыятыва Музея Вольнай Беларусі ўпісваецца ў агульнасусветны трэнд.
Пасяджэнне, прысвечанае стварэнню музейнай лабараторыі. Фота: Reform.news.
Адной з місій музеяў у выгнанні прафесійная супольнасць бачыць культурнае прадстаўніцтва Беларусі, інфармаванне пра яе свету. Прагучаў прыклад Інстытутаў Гётэ як прадстаўнікоў Германіі ў розных краінах і нават выраз «культурная амбасада». Да пасяджэння далучыўся анлайн адзін з апекуноў Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане Павел Шаўцоў. Ён падкрэсліў, што цяпер варта ўлічваць вопыт папярэдніх хваляў эміграцыі. Пасля Другой сусветнай вайны распавядаць у вольным свеце пра Беларусь і Украіну, якія ўспрымаліся як часткі Расіі, было нашмат цяжэй, але ў беларусаў атрымалася. Павел Шаўцоў лічыць, што беларускія музеі ў выгнанні павінны трымацца пэўнай спецыялізацыі і ў сваёй дзейнасці, і ў зборах: калі ў лонданскай Скарынаўцы можна даведацца пра паваенную эміграцыю, то ў Музеі Вольнай Беларусі — пра падзеі 2020 г. і пазнейшыя.
Сталая экспазіцыя Музея Вольнай Беларусі. Студзень 2025 г.
Прагучала таксама думка, што ў адрозненні ад тых, хто пакінуў Беларусь у сярэдзіне ХХ ст., у цяперашняй хвалі эміграцыі ёсць не толькі аматары, а вельмі шмат прафесіяналаў. Таму большасць прысутных на сустрэчы бачаць музейную лабараторыю менавіта як прафесійнае аб’яднанне. Аднак, яно не павінна замыкацца толькі на музейшчыках у эміграцыі:
«Ніводная ініцыятыва беларусаў за мяжой не можа лічыцца паўнавартаснай, калі да яе не далучаюцца людзі знутры Беларусі — заўважыў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. — Ёсць вялікая спакуса бурбалізавацца, утульнай кампаніяй сваіх сяброў і знаёмых за чэскім ці польскім півам прыдумаць нейкую ідэю, знайсці грант ці мецэната і спакойна рабіць. Я бачу гэтую тэндэнцыю ўсё больш і больш і таму вельмі хацелася б нейкім чынам на яе паўплываць і ўсё ж такі матываваць людзей трымаць у галаве думку, што мы працуем на змены ў Беларусі».
Сталая экспазіцыя Музея Вольнай Беларусі. Студзень 2025 г.
На сустрэчы падкрэслівалася, што ўдзел у працы музейнай лабараторыі калег з Беларусі будзе арганізаваны з улікам усіх магчымых пратаколаў бяспекі. У той жа час, зразумела, што некаторыя з праектаў, якія цяпер рэалізуюцца беларусамі ў эміграцыі, немагчыма ажыццявіць у Беларусі.
Алена Ляшкевіч, budzma.org