Дзясятая па ліку і заключная прэзентацыя праходзіла з аншлагам. Заля Віленскага беларускага музею імя Івана Луцкевіча 4 снежня была запоўнена пад завязку прыхільнікамі творчасці выбітнага літаратара сучаснасці.
Цяжкая для вымаўлення назва рамана паходзіць ад габрэйскага наймення апраметнай. Аўтар філасофствуе на тэму таго, што нашае жыццё з ягонымі выклікамі, выпрабаваннямі і выбарам часам не нашмат адрознае ад той апраметнай. Хаця і напісаная ў жанры гістарычнага фэнтэзі кніга шмат у чым аўтабіяграфічная. У ёй пераплецены эпізоды з жыцця класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы і сцэны з брэжнеўскіх часоў. Героі кнігі ставяцца перад цяжкім маральным выбарам і глыбока рэфлексуюць на гэты конт.
Уладзімір Някляеў падчас прэзентацыі ўзгадваў гісторыі свайго жыцця, якія паўплывалі на ягоны прыход у літаратуру, распавядаў пра сваю новую кнігу, чытаў вершы і нават выканаў песню «Васільковае поле». Хаця збольшага песні спяваў выдатны музыка і сябра Уладзіміра Някляева Зміцер Вайцюшкевіч. Ён выканаў нізку сваіх найпапулярнейшых кранальных песень на словы Уладзіміра Пракопавіча. Гучалі песні «Як ты адзін», «Скончылася лета», «Дарога», «Красуня Вясна», чым заслужыў гарачыя апладысменты і ўдзячнасць прысутных.