На ёй можна ўбачыць елачкі, кветкі, кампазіцыі з кветак, фігуркі анёлаў, домікаў.
Арыгамі – гэта і навука, і творчасць, і гульня
Такое вызначэнне дае Іна Занкевіч, настаўніца па арыгамі Вілейскага цэнтра эстэтычнага выхавання.
– У арыгамі задзейнічаныя геаметрычныя паняцці, фігуры, – распавядае жанчына. – Таму яно цесна звязанае з геаметрыяй. Творчы пачатак у тым, што кожны чалавек можа самастойна прыдумаць пэўную кампазіцыю, фігуру, вобраз, які існуе менавіта ў яго ўяўленні. Ёсць і гульнёвасць, бо чалавек стварае пэўныя фігуры для свайго задавальнення. З імі пасля могуць гуляць дзеці.
Важна навучыцца адчуваць паперу
Дырэктар Вілейскага цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч заўважае, што дзецям неабавязкова адразу складаць паперу, рабіць з яе фігуры. Важна, каб дзіця навучылася адчуваць паперу. Для гэтага дастаткова спачатку яе проста скамячыць ці складаць з яе што заўгодна.
Заняткі арыгамі спрыяюць развіццю маторыкі рук, уяўленню, канцэнтрацыі ўвагі, логікі, мыслення.
– Дзеці робяць пэўныя геаметрычныя фігуры, а настаўнікі тлумачаць ім геаметрычныя паняцці, – расказвае Іна Занкевіч. – Таму той, хто пачынае займацца арыгамі з садка, больш падрыхтаваны да школы.
На занятках большасць хлопцаў
Як тлумачыць Таццяна Захарыч, у хлопцаў больш развітае прасторавае ўяўленне, таму складанне фігур з паперы даецца ім лёгка.
Праз арыгамі можна выказаць свае адносіны да чалавека, пачуцці.
– Аднойчы ў студыі быў выпадак, – узгадвае Іна Занкевіч. – Хлопчык хацеў прызнацца ў каханні да дзяўчынкі. Зрабіў ён гэта неардынарным спосабам – падарыў ёй карзіну з 50 папяровымі ружамі. Ёй гэта было вельмі прыемна. А вось мы, настаўнікі, доўгі час разглядалі гэтыя кветкі са здзіўленнем: як ён змог з паперы ў тры сантыметры скласці ружу?
Папяровы журавель засцеражэ ад няўдач
Настаўніца па арыгамі заўважае, што папяровыя фігуры паступова набылі і сімвалічны сэнс. Белы журавель лічыцца сімвалам надзеі, шчасця. Некаторыя насілі гэту фігурку ў нагруднай кішэні. Лічылі, што ён засцеражэ ад няўдач.
– Калі ведаць сімволіку, – заўважае Іна Занкевіч, – можна нават размаўляць без слоў. На ўсходзе некаторыя дзяўчаты дарылі каханым хлопцам фігуркі жабак. Гэта быў знак таго, што малады чалавек можа спадзявацца на сустрэчу.
Некаторыя фігуры надзялялі нават магічным сэнсам. Напрыклад, у папяровыя кветкі кусудама маглі ўкладаць травы. Лічылі, што гэта засцеражэ ад нячыстай сілы. Для гэтых жа мэтаў кветкі вешалі пры ўваходзе ў дом.