Фестываль кветак «Cпадчына мая — старонка родная» прайшоў 17 жніўня ў пасёлку Жалудок на Гарадзеншчыне і стаў сапраўдным падарункам для фларыстаў. Мясцовыя жыхары правялі конкурс кветкавых кампазіцый, букетаў, прэзентацыі дасягненняў садаводаў-аматараў «Традыцыі продкаў і сучасныя фантазіі».
А ў канцы фэсту можна было прадэгуставаць нарыхтоўкі — напоі, варэнні і саленні, паўдзельнічаць у кірмашы народных кулінарных рэцэптаў.
Пра фэст расказвае Генадзь Цывінскі, старшыня Жалудоцкага сельскага выканкама:
— Гісторыя гэтага фэсту пачалася ў 2004 годзе з горада Шчучына. Менавіта тады на адкрыцці Шчучынскай гімназіі адбылася невялікая выстава кветак. На наступны год фэст пачаў паціху развівацца. Пасля Шчучына мы падхапілі гэтую ініцыятыву, і ўжо чацвёрты год ён адбываецца толькі ў нас.
Для Ганны Станіславаўны Хвядзюк, намесніцы старшыні Шчучынскага райвыканкама, гэты фэст стаў брэндам Шчучыншчыны:
— Мне здаецца, што ён робіцца брэндам Шчучынскага краю. Я вельмі спадзяюся,што мы ўсе і гэтым святам у тым ліку ўдзельнічаем у развіцці падзейнага турызму ў нашай краіне.
А дырэктарка Жалудоцкага дома культуры кажа, што ў гэтым свяце ўдзельнічаюць усе арганізацыі Жалудка. Яны прадстаўляюць кветкавыя кампазіцыі, бяруць удзел у розных намінацыях — конкурс дэфіле, кветкавы касцюм. А амаль кожны падворак тут упрыгожаны кветкамі.
Кветкі сталі для гэтага свята не толькі сімвалам. Тут можна было набыць кветкавыя кампазіцыі, саджанцы розных дрэваў. А мясцовыя пчаляры прывезлі шмат мёду. Апроч уласна кветкавай часткі прысутных чакала забаўляльная праграма, а ўвечары — дыскатэка.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі