Зацікаўленых запрашаюць да ўдзелу ў Асавецкай археалагічнай экспедыцыі

З 28 ліпеня па 10 жніўня Інстытут гісторыі НАН Беларусі  ладзіць археалагічныя  раскопкі на тарфяніковым паселішчы перыяду неаліту - бронзавага веку «Асавец 2». Зацікаўленых у археалогіі і краязнаўстве арганізатары запрашаюць далучыцца да экспедыцыі.

Archiealahičnyja raskopki

Каб прыняць удзел у археалагічных даследваннях неабходна запоўніць форму па спасылцы.

Асноўная задача даследаванняў на Крывінскім тарфяніку — вывучэнне паселішчаў усвяцкай і паўночнабеларускай культур Асавец 2 і Асавец 7 дзеля рэканструкцыі гістарычных працэсаў, якія мелі месца ў гэтым мікрарэгіёне ў 3-м — 2-м тысячагоддзях да нашай эры.

Што будзе пад час экспедыцыі?

  • уласна раскопкі паселішча Асавец 2 (праца з рыдлёўкай, са шпатэльком, з зубачысткай, з пэнзлікам, з сеткай, з лінейкай, з нівелірам, з паперай, з мілімітроўкай, з ноўтбукам і шмат-шмат іншага, у тым ліку і абсалютна нечаканага);
  • палявая апрацоўка і падлік калекцыі (мыццё, чыстка, сушка, шыфроўка, пакетаванне);
  • мінілекцыі па археалогіі ўвогуле і археалогіі Крывінскага тарфяніка з «рэчавымі доказамі», здабытымі ўласнымі рукамі!
  • спевы з гітарай, урачысты «прыём у археолагі», гульні ды забавы.

Крывінскі тарфянік размешчаны ў паўднёвай частцы Беларускага Паазер’я, на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Тут знаходзяцца 12 археалагічных помнікаў 4-га — 2-га тыс. да н.э: Асавец 1, Асавец 2, Асавец 3, Асавец 4, Асавец 5, Асавец 6, Асавец 7, Крывіна 1, Крывіна 2, Крывіна 3, Крывіна 4, Крывіна 5 (апошнія два помнікі выяўленыя ў 2020 і 2022 гг.). Усе яны або храналагічна наследуюць адзін аднаго, або суіснуюць у часе. У выніку ў рэгіёне магчыма стварэнне непарыўнай культурна-храналагічнай рэканструкцыі працягласцю каля 2-х з паловай тысяч гадоў.

За гэты час у рэгіёне мяняюцца 3 культуры — нарвенская, усвяцкая, паўночнабеларуская. Найбольш адметным момантам, які вылучае дадзены археалагічны комплекс ад іншых на тэрыторыі Беларусі, з’яўляецца тое, што дзесяць з дванаццаці вядомых тут помнікаў з’яўляюцца тарфяніковымі. Як вынік, культурны слой паселішчаў утрымлівае не толькі керамічныя і крамянёвыя артэфакты, звычайныя для іншых помнікаў гэтага часу, але і артэфакты з косткі, рогу, дрэва, кары, бурштыну. А гэта дае вельмі шмат дадатковых магчымасцяў для рэканструявання духоўнай і матэрыяльнай культуры, побыту старажытных жыхароў паўночнай Беларусі.

Археалагічнае даследаванне помнікаў Крывінскага тарфяніка пачалося ў 1934 годзе. З 1966 года ў рэгіёне працуе Міхал М. Чарняўскі, які выявіў паселішчы Асавец 2 — 7. З 1999 года да даследаванняў далучыўся Максім М. Чарняўскі. З гэтага ж часу вядзецца адлік валанцёрскай экспедыцыі «Асавец», якая даследуе паселішчы Крывінскага тарфяніка.

Археалагічныя даследаванні праводзяцца экспедыцяй Інстытута гісторыі НАН Беларусі і маюць рэгулярны штогадовы характар.

Падрабязней пра экспедыцыю тут.