Разгорнуты матар’ял пра фільм Уладзіслава Бубена і Анастасіі Лабады Totalitarian Shapes выйдзе ў часопісе Peripheral ARTeries. Авангардны музычны фільм спалучае відэашэраг з аўтарскімі прадуманымі відэа-выявамі таталітарнай архітэктуры. Гукавы складнік кіно – запіс жывога выступа гурта “Князь Мышкін” і Уладзіслава Бубена ў адным з узораў таталітарнай архітэктуры – Палацы Прафсаюзаў.
Італьянскі інтэрнэт-часопіс Peripheral ARTeries публікуе артыкулы пра некамерцыйнае, немасавае мастацтва, пра што сведчыць назва выдання. Мастацтва, пра якое піша часопіс, параўноўваецца з перыферычнымі (не цэнтральнымі) артэрыямі цела чалавека, якія, аднак, таксама важныя для жыццядзейнасці, як і мастацтва такога кшталту для грамадства.
Як адзначылі прадстаўнікі журы, фільм Totalitarian Shapes арыгінальным чынам даследуе канцэпцыю неататалітарызму і чымсьці нагадвае творчасць нямецкага рэжысэра Крыстафа Шлінгензіфа (Cristoph Schlingensief). Бубен і Лабада больш падрабязна раскажуць пра сваю дзейнасць і ў прыватнасці пра фільм на 14ці старонках часопіса, якія будуць уключаць інтэрв’ю творчай пары, фатаграфіі і крытычны аналіз мастацтвазнаўцаў.
Чытаць нумар цалкам – http://issuu.com/artpress/docs/peripheral_arteries_art_review_-_ja
Cачыць за творчасцю Бубена можна ў афіцыйнай старонцы фэйсбук.