У Дзятлава прадаецца былы палац Радзівілаў. Аўкцыён па продажы палаца адбудзецца 15 ліпеня ў Гродна, арганізатарам выступае Гродзенскі абласны тэрытарыяльны фонд дзяржаўнай маёмасці. Пачатковы кошт лота — каля Br1,8 млрд.
Як перадае БелТА, комплекс будынкаў і збудаванняў былога палаца знаходзіцца ў райцэнтры на вуліцы Перамогі.
У цяперашні час будынак належыць Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, у ім з 1938-га і амаль да 2010 года размяшчалася гарадская стаматалогія. Палац уяўляе сабой двухпавярховы цагляны будынак агульнай плошчай больш за 1,5 тыс. квадратных метраў, мае ўсе інжынерныя камунікацыі.
Палац з’яўляецца помнікам архітэктуры другой катэгорыі, таму інвестару прапануюць набыць будынак на ўмовах падпісання ахоўнага абавязацельства. Акрамя таго, інвестар будзе абавязаны выканаць рамонт фасада і даху палаца.
Палац звязаны з сям’ёй вядомага пісьменніка, паэта і гісторыка, дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Ульрыка Крыштафа Радзівіла, ураджэнца Дзятлава.
Менавіта яго бацька Мікалай Фаустына Радзівіл за ўласныя сродкі пачаў будаўніцтва палаца ў Дзятлаве, якое было скончана ў 1751 годзе.
Першапачаткова палац уяўляў сабой значны комплекс, у які ўваходзілі таксама малыя архітэктурныя формы (павільёны, масткі, скульптуры), размешчаныя ў пейзажным парку ля ракі Дзятлаўкі. Уздоўж палацавага ансамбля месціўся ланцуг сажалак, створаных ракой, ля адной з іх і размяшчаецца палац.
З гадамі знешняе аблічча палаца моцна спрасцілася, сёння ён мае плоскі дах. Між тым, на малюнку Напалеона Орды, датаваным 1860-1870 гадамі, палац мае дзве бакавыя трох’ярусныя вежкі з шатровымі завяршэннямі і высокі вальмавы дах.
Фасады палаца і дагэтуль захавалі дэкаратыўныя элементы позняга барока і ракако, яны багата ўпрыгожаны сандрыкамі, гірляндамі, медальёнамі, раслінным арнаментам, геральдычнымі знакамі.
Будынак патрабуе рэканструкцыі. Раней была ідэя размясціць у палацы гісторыка-краязнаўчы музей, з гэтай мэтай нават пачыналіся праектныя працы. Планавалася аднавіць у некалькіх памяшканнях інтэр’еры XVIII стагоддзя, адкрыць кафэ, а ў падвалах размясціць рэстаўрацыйна-мастацкія майстэрні і фонды музея.
Ад ідэі ўлады адмовіліся з-за недахопу фінансавання.