Навучэнцы аршанскіх каледжаў, маладыя землякі слыннага беларускага пісьменніка 2 чэрвеня прыйшлі ў музей У.С. Караткевіча на творчую сустрэчу з беларускім паэтам, пісьменнікам, сцэнарыстам і рэжысёрам Уладзімірам Марозам, аўтарам дакументальнага фільма “Свет Караткевіча”.
Выступае Уладзімір Мароз
Імпрэза ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Пачалася яна дэманстрацыяй фрагментаў фільма і расповедам У. Мароза аб працы над кінастужкай. Здымачная група ў свой час упершыню сярод прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлігенцыі пабывала ў вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці, дзе малады выпускнік Кіеўскага універсітэта два гады працаваў у мясцовай школе і дзе дасёння яго памятаюць былыя вучні. Цяпер на будынку гэтай невялікай школкі вісіць памятная дошка.
Гаворка вялася аб творчасці класіка, аб сённяшнім стане нацыянальнай самасвядомасці і беларускай мовы. Далей Уладзімір Мароз прадставіў свае апошнія паэтычныя кнігі “Шляхцянка-восень” і “Крыжы на ростанях”. У выкананні аўтара прагучалі духоўныя, патрыятычныя і лірычныя вершы. Яны знайшлі водгук у маладых слухачоў, аб чым сведчылі шматлікія пытанні госцю. Па заканчэнні сустрэчы яе ўдзельнікі сфатаграфаваліся на памяць на ганку музея.