9 ліпеня спаўняецца 75 гадоў Уладзіміру Някляеву. З гэтай нагоды «Будзьма!» віншуе яго і ўспамінае шматгранную дзейнасць беларускага пісьменніка, палітыка і грамадскага дзеяча.
Нарыльск і Беларускае тэлебачанне
Дзяцінства Уладзіміра Някляева прыпала адразу на пасляваенныя гады (нарадзіўся ў Смаргоні ў 1946 г.) і прайшло ў вёсцы Крэва, дзе бацька працаваў старшынёй сельсавета. Пасля заканчэння школы малады чалавек паступіў у Мінскі тэхнікум сувязі, а потым быў накіраваны на адпрацоўку ў Расію: Уладзівасток, Нарыльск і Тайшэт. Мусіць, і далейшае жыццё не надта адрознівалася б ад іншых савецкіх грамадзян, калі б не рашэнне звязаць свае планы з літаратурай.
Так, праз тры гады пасля вяртання на радзіму Уладзімір паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, дзе вучыўся завочна і адначасова працягваў працу радыёмеханіка ў гарадскім тэлевізійным атэлье. Але разам з тым, што было яшчэ больш адметным за савецкімі часамі, малады чалавек здолеў паступіць і на аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве.
Новая адукацыя не толькі адкрыла літаратурныя перспектывы, але і дала магчымасць зрабіць кар’еру у сферы журналістыкі, якой Уладзімір Някляеў прысвяціў амаль трыццаць гадоў, і ў сукупнасці з асабістымі якасцямі ў будучыні прывяла да поспеху: кар’ернага, творчага і матэрыяльнага.
Адразу па заканчэнні навучання Уладзімір працаваў у газеце «Знамя юности» (дзе неўзабаве таксама стварыў аддзел сатыры і гумару), хутка стаў рэдактарам бюлетэня «Тэатральны Мінск», а пазней — галоўным рэдактарам часопіса «Крыніца» і штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Адметна, што Уладзімір Някляеў спрычыніўся і да дзейнасці на тэлебачанні. Так, амаль дзесяць гадоў ён прапрацаваў на Беларускім тэлебачанні ў якасці старшага рэдактара галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм.
Быкаў, Дарафеева і «нобелеўка»
Творчая і рэдактарская дзейнасць звяла Уладзіміра Някляева з многімі іншымі выбітнымі пісьменнікамі, з якімі ён не толькі абменьваўся досведам, але і сябраваў: Уладзімірам Караткевічам, Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Васілём Быкавам і іншымі. Многія са старэйшых калег адзначалі ягоны творчы талент. Так, Пімен Панчанка пісаў: «Помніце, я заўсёды верыў і веру і ўсюды сцвярджаю, што Вы — адзіны па-сапраўднаму таленавіты, арыгінальны і патэнцыяльна вялікі паэт».
Рыгор Барадулін адзначаў:
«Адкрыты, як абсяг, замроены, як далягляд, заглыблены, як час... Інтэлектуал і багемшчык, эпікурэец і аратай на ўдзірванелых загонах нашае паэзіі. Наватар і дасведчаны традыцыяналіст, артыст перад аўдыторыяй і роспачны дапытнік сам з сабою... Радок Някляева, голас Някляева, манеру жыць і тварыць не зблытаеш ні з кім».
А Генадзь Бураўкін увогуле лічыў яго адным з найлепшых еўрапейскіх творцаў. Сярод іншых літаратурных адзнак варта згадаць беларускую прэмію імя Ежы Гедройця, а таксама намінацыю на Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2011 годзе.
Літаратурная творчасць Някляева пашырылася нават на музычную сферу. Так, ён стаў аўтарам шэрагу песень для вядомых беларускіх гуртоў і выканаўцаў. Мае вялікую гісторыю супрацы з Раінчыкам і Ханком, пісаў тэксты для «Песняроў», «Верасоў», «Сяброў» і нават Агурбаш з Дарафеевай.
Акрамя ўсяго іншага, у літаратурнай сферы Уладзімір Някляеў выявіў сябе і ў якасці менеджара. У 1998 годзе ён узначаліў Саюз беларускіх пісьменнікаў, а ў 2005-м — беларускі ПЭН-цэнтр (адным з заснавальнікаў якога выступіў раней). Менавіта ў часы кіравання Саюзам пісьменнікаў пачаўся яго канфлікт з Аляксандрам Лукашэнкам, які ў далейшым працягнуўся палітычнай эміграцыяй Някляева.
Кандыдат у прэзідэнты
Імаверна, палітычная іміграцыя стала адной з прычын, якія падштурхнулі Уладзіміра Някляева да больш актыўнай дзейнасці і ў палітычнай прасторы. Варта адзначыць, што раней пісьменнік быў даверанай асобай Васіля Быкава і Алеся Адамовіча на выбарах народных дэпутатаў СССР, сам удзельнічаў у парламенцкіх выбарах. Але ў 2000-х гадах пачаўся цалкам новы этап, калі Някляеў выступіў у ролі паўнавартаснага сістэмнага палітыка.
У 2010 годзе Уладзімір Някляеў стаў галоўным заснавальнікам (сярод заснавальнікаў таксама ёсць Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін) кампаніі «Гавары праўду», што непасрэдна папярэднічала прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. На выбарах 2010 года каманда Някляева здолела сабраць неабходную колькасць подпісаў, і ён быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты. У вечар галасавання ўлады арганізавалі напад, Някляеў быў моцна збіты, а потым арыштаваны і зняволены ў СІЗА КДБ.
Пазней Уладзімір Някляеў удзельнічаў у іншых палітычных праектах, супрацоўнічаў з Міколам Статкевічам, заснаваў рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», але ў апошнія гады ўсё ж адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці і працягвае пісаць. Дарэчы, неўзабаве мусіць выйсці яго новая кніга пра смерць Янкі Купалы.
Кірыл Стаселька, budzma.by