Ёсць словы, аднойчы сказаныя табе, якія пройдуць чырвонай ніткай праз тваё жыццё. Такія словы для мяне аднойчы сказаў Леанід Галубовіч. Тое было ў нашых правінцыйных Івацэвічах, на ўгодках Міколы Купрэева – з гэтай нагоды да нас завіталі сталічныя госці і з імі спадар Леанід. Вось тады я і пачуў ад яго скрушнае: “Як жа далёка вы тут ад літаратурнага працэсу”. Тады мне хацелася паспрачацца, а вось з гадамі я разумею ўсё больш важкасць слоў, у якіх быў бязлітасны прысуд правінцыі: быць адарванымі… Ну, дзякуй Богу, сёння сеціва дае нешта, але колькасць тых літаратурных мерапрыемстваў, якія я прапусціў, нязменна кідаюць каменьчыкі на чашу вагаў Леаніда Галубовіча…
Мне б вельмі хацелася пабыць на прэзентацыі кнігі Анатоля Івашчанкі “Анаталогія”.
Баюся, я мог бы сказаць на ёй нешта такое, што б выклікала ці даравальныя ўсмешкі, ці няўцямнасць, ці нават пакручванне пальцамі ля скроні. Але я чытач. І дазвольце мне выказвацца пра кнігі менавіта як чытачу і толькі як чытачу.
А паколькі я чытач, то я маю права на сваё прачытанне, на сваё разуменне, на свой водгук, праўда ж?
Таму… таму сёння хачу прапанаваць вам сваю прамову, з якой бы я абавязкова выступіў на прэзентацыі першай кнігі прозы Анатоля Івашчанкі, калі б там пабыў і калі б мне далі слова…
Дык вось… пачынаю, і прашу яшчэ прабачэння ў тых, каго мае словы прымусяць згадаць пра незвычайны шырока дыяпазон, скажам мякка, чытацкіх фантазій.
У маёй адносна невялікай хатняй бібліятэцы сучаснай беларускай літаратуры нямала кніжак, пазначаных ці то серыяй “Дэбют”, ці то “Першая кніжка пісьменніка”. Прызнаюся, гэтыя кнігі “Мастацкай літаратуры” я разгортваў з чаканнем адкрыцця – і тое атрымліваў. Ці то Алена Брава – “Каменданцкі час для ластавак”, ці то Барыс Пятровіч “Сон між пачвар”, ці то Юрась Нераток – “Закуцце”.
Не кідайцеся камянямі, але сёння – не ўчора. І сёння першая кніжка празаіка ўспрымаецца з відавочнай асцярогай. Як той казаў, на малацэ апячэшся – будзеш на ваду дзьмуць. Апякаўся. Не раз.
Таму, кажу шчыра, кнігу Анатоля Івашчанкі “Анаталогія” адкрываў з асцярогай. І першае апавяданне, якое яшчэ не паспеў забыць пасля публікацыі ў перыядычным друку, не выклікала асаблівых эмоцый. Другое, трэцяе…
Шаноўная публіка!
Я не ведаю, як пісаў і як піша паважаны аўтар, у сэнсе ў галаву яго не зазіраў, са сваёй тэхналогіяй ён са мной не дзяліўся. І ці планаваў ён свой першы зборнік менавіта такім, якім ён атрымаўся. Але я зразумеў дакладна адно: яго апавяданні, кожнае паасобку – гэта… Вось хацеў напісаць – цагліны. Не, ніяк не цагліны.
Прабачце за наступнае адхіленне. Некалі вельмі гучна заявіла пра сябе фірма “Забудова”. І вось у нашай адной вялікай вёсцы пачалі ўзводзіць ажно тры дамы па праектах гэтай фірмы. Скажу па сакрэце, гэтыя дамы і да сёння – цуд вясковай архітэктуры, зручнасці і ўтульнасці жытла. Але ж, халера… Пачалі, значыць, будаваць. Узвялі па праекце фундамент. Прывозяць блокі – ну, звычайныя, сілікатныя такія. Разгружаюць іх будаўнікі і думаюць: што за дурніца, усе быццам аднолькавыя, а тут трапіцца нейкі нестандартны, другі, трэці. Разгубіліся. Пачалі класці, спачатку без раствору. І тут… ну, гульня ў кубікі! Усе блокі, лічы, розныя. Прыязджае майстар з той “Забудовы” і кажа: “Мужыкі! Блокі класці па спецыяльнай схеме. Кожны павінен быць на сваім месцы – і тады без праблемаў, без перамычак дом складзецца…
Кожны блок быў асаблівым. Ён павінен быў стаць туды, куды павінен. І толькі.
Дык вось, кожнае апавяданне, эсэ ў кнізе Анатоля Івашчанкі стаіць там і толькі там, дзе яно адыгрывае ролю таго самага блоку “забудовы”. Яго тэксты, кожны з якіх паасобку мо і не мае для каго вялікай адзнакі, у суме раптам пачынаюць гучаць зусім па-іншаму.
Івашчанка пабудаваў свой дом.
Выключны.
Дарэчы, шаноўная публіка! Вас не здзівіла назва – “Анаталогія”? Памылка ж. Ёсць анталогія. То бок збор асаблівага з нечага. Праўда ж, дзіўна – першая кніга празаіка і назва чуецца “анталогія”. Як кажуць, не вяжацца. Але чытаем уважлівей – АНАТАлогія. Тут і разумей як хочаш. Анатоль – аўтар. То мо гэта вывучэнне Анатоля самім сябе?
Ці гэта нешта зусім нам і невядомае?
Окей, Гугл – і мы маем нечаканае. Аказваецца, “аната” – японскі іерогліф. Займеннік “ты”. Тут жа адзначаецца, што ў японцаў тых асабовых займеннікаў – як у нас сінонімаў да “ісці”. Але “аната” – гэтае тое “ты”, якое выкарыстоўваецца ў выключна даверлівых, інтымных стасунках. Вось калі японец захоча сказаць “Я кахаю цябе”, дык там прагучыць “аната”.
“Вывучэнне цябе”, дзе “ты” – маё боства, – можа, гэтак расшыфроўваецца назва кнігі?
Мне адзінае пытанне і хацелася б Анатолю Івашчанку задаць: я маю рацыю? І вось думаю: а не адкажа адназначна. Пачне нешта там прыдумляць, аўтары – яны такія…
Але, прабачце, вернемся да самой кнігі, калі пералезлі ўжо цераз плот назвы…
Як мы чытаем кнігі апавяданняў? Ды з сярэдзіны, з канца, дзе адкрыецца. Ці глядзіш змест, выбіраеш прываблівую назву… Прагортваеш, чытаеш тое, за што зачапілася вока.
Кнігу “Анаталогія” нельга так чытаць. Зараз я скажу дзіўныя для большасці словы, ды што там – амаль блюзнерскія, але ж я чытач, то даруйце… А скажу так: ведаю яшчэ адну кнігу, якую трэба для поўнага разумення, для ўсведамлення ісціны, што ляжыць у ёй, чытаць менавіта так, як яна і напісаная, хай сабе і асобнымі гісторыямі, ад пачатку і да канца. Вы ж зразумелі, пра якую я кнігу? Так, пра Біблію.
Цяпер кідайцеся камянямі, але мае словы такія: Анатоль Івашчанка адкрыў новую веру і стварыў новую рэлігію.
Вось я трымаю ў руках танюсенькую кнігу, напісаную не тысячы гадоў таму, не сабраную сотнямі аўтараў, не кампіляцыю вераванняў. Трымаю новае рэлігійнае вучэнне.
Вельмі ж напышліва?
Глядзім, да прыкладу, Стары Запавет. Вось: “Песняй песняў”. А чым заканчваецца кніга Анатоля Івашчанкі? Хіба не песняй з усіх песняў – дзіцячымі выслоўямі, якімі любуешся, бы самымі каштоўнымі дыяментамі?
Але, шаноўныя сябры, элементарна нельга праводзіць аналогіі, параўноўваць катэхізіс веры Анатоля Івашчанкі і Запаветы. Гэта, без крыўды і абразы хрысціянства, як цягнуць жабіную скурку на дарослую вабную жанчыну. Памер не той, пабудова не тая…
Пачнём з пачатку.
Першае апавяданне ў кнізе: “Пах волі”. Тут – асэнсаванне і доказ таго, што кожны чалавек надзелены воляй. Але адначасова воля – гэта і нейкая адказнасць за нешта. Воля – існасць чалавека, кажа Івашчанка. Але калі ты ёй валодаеш праз яе асэнсаванне – валодай АБАВЯЗКАМІ. У волі ёсць пах – непрыемны і кіслы. Пах абавязкаў. Як у кахання можа быць пах цёплага поту. Той момант, які можа быць, але пра які не кажуць, які падсвядома прымаюць у рэальнасці, як абавязковую непазбежнасць.
Маем: першы пастулат веры Івашчанкі – чалавек з’яўляецца з воляй. Івашчанка пачынае сваё вучэнне менавіта з гэтай кропкі: чалавек нараджаецца не рабом.
Другое апавяданне: “Гледачы”. Тое пра свет вакол. Ты можаш быць гледачом, судзельнікам, пасіўным супраціўнікам (кшталту – буду нараджаць і выхоўваць). Бо ў цябе ёсць воля! Выбірай і жыві.
“Сын палка” – той жа свет вакол, але раптам у цябе з’яўляецца новая роля – барацьбіта, змагара, актыўнага праціўніка. Хочаш? Паспытай!
Аповед пра насельнікаў і прывідаў крамы “Рыба” быццам бы выпадае з шэрагу, але хіба тое не экскурс у гісторыю: адкуль карані прараслі? Хочацца ўсё ж шукаць аналогіі з Бібліяй, дык гэта будуць “Царствы”.
А далей ідзе “Save”. І там… Давайце пашукаем аналогію, мы ж любім заўсёды нешта з нечым параўноўваць, значыць, і тут… Дзе паралель?
Ды ёсць. Кніга Ёва. Тая адчайная да немагчымасці, прасякнутая болем і атрутай няверы. І ў канцы якой узняты сцяг веры. Ніхто цябе не прымусіць узняць сцяг: ні веды, ні перакананні. Пакуль ты не саспееш. Калі, канечне, захочаш спець.
Фантастычны “Апавяшчальнік” зноў папярэджвае нас наконт таго, што супрацьстаіць нашай веры, нашаму змаганню. Будзем? Ці па рублі і на гастраном?
“Флейта дажджу” – бадай, самы складаны, заблытаны твор. І, падазраю, адзін з любімых у аўтара. Так і павінна быць. Бо гэта пра найскладанейшы ўнутраны свет чалавека. Яшчэ шырэй гэты вектар разгортвае наступная “Казюлька”.
“Чароўная крэйдачка” з першага погляду падаецца дзіцячай казкай, але яна цалкам лагічна завяршае першую частку кнігі. Бо яна – пра магчымасць змен.
Абагульнім першую частку.
Біблія пачынаецца з Бога, з таго, што чалавек – прах з праху. І толькі ў Новым Запавеце з’яўляецца тое, што завецца воляй чалавека. Івашчанка пачынае свой катэхізіс з таго, што кожны чалавек – гэта абалонка волі. Далей аўтар кажа пра свет вакол, пра магчымыя ролі ў ім чалавека, пра разуменне волі як галоўнай рухальнай сілы, пра існаванне ў самім чалавеку мноства сусветаў.
І вось цяпер, у другой частцы, адкрываецца галоўная ісціна: кожны з нас, надзелены воляй і ведамі, можа пабудаваць свой Сусвет. Найважнейшы момант: не імкнуцца змяніць свет вакол – а стварыць свой.
Бо надыходзіць момант, калі ты разумееш, што без твайго Сусвету нічога вакол не існуе – усё толькі дэкарацыя. Твой сусвет мусіць нарадзіцца. А дагэтуль няма ні цябе, ні Яе. Ні Яго. Сусвет твой нараджаецца з кахання. І з таго, што ёсць у табе. Першыя чатыры эсэ з другой часткі – менавіта пра тое, што ў нас унутры закладзеныя ўсе магчымыя цаглінкі для будаўніцтва. Унутры кожнага з нас і маленькая здрада, і вялікая подласць, і выбуховая жарсць, і непагасная любоў. І толькі мы выбіраем, з чаго будаваць.
…Івашчанка пісаў да сваёй жонкі. Пра тое, як яму было без яе. Ён пісаў пра каханне – і ні разочку не сказаў “кахаю”. Ён пісаў пра бессэнсоўнасць свайго існавання без Яе – і ні слова пра сэнс. А я чытаў пра стварэнне Сусвету. Фізікі сцвярджаюць – ён пачаўся з адзінай кропкі.
Анатоль Івашчанка паказаў, як ствараецца сусвет – яго сусвет. Не, не яго – Іх сусвет. Сусвет пачынаецца з адзінага слова. І тое слова — “Кахаю”. Кропка, якая ўзрываецца і стварае ўсё вакол цябе.
Я не ведаю, хто галоўны Бог у гэтай рэлігіі, хто вярхоўны жрэц. Нельга, насамрэч, шукаць у рэлігіі Анатоля Івашчанкі традыцый і абрадаў: хто каму служыць і як, хто галоўны і які кошт свечак у яго храме, бо, паўтаруся, нельга апрануць жанчыну ў жабіную скурку…
Мяне можна б было абвінаваціць у залішняй фантазіі, але спытайцеся ў сябе і знайдзіце адказы ў другой частцы кнігі: у што галоўнае верыць аўтар? У прыход у Іх Сусвет дзіцяці. Помніце пра Слова, якое было ад пачатку ў Бога? А Івашчанка кажа, што тройчы бачыў пачатак слоў – і тыя словы былі ў яго дзяцей, перапрашаю – у Іх дзяцей.
Нічога больш жыццесцвярджальнага і шчымліва-шчырага я даўно не чытаў. Нішто не давала мне столькі светлага пачуцця ад адкрыцця чужога шчасця, якое заснавана на новай веры, дзе адзіны бог – сям’я, каханая жонка, любыя дзеці – усе разам, Іх Сусвет.
Такія вось простыя словы – пачні з сябе – раптам набылі самы сапраўдны, прадметны сэнс. Пабудуй свой сусвет на аснове любові і адданасці. Не агітуй за нейкі агульны, а пабудуй свой – і падзяліся радасцю ад яго стварэння.
Усё, шаноўнае спадарства, дзякуй вам за цярпенне, заканчваю. Засталося дадаць літаральна колькі сказаў. Што тычыцца непасрэдна самога тэксту: вобразнасць, стылёвасць, мастацкасць – на самым высокім узроўні. Сапраўднае ўменне валодаць словам – калі самі словы, мова быццам губляюць сваё першапачатковае прызначэнне інструмента, а становяцца самім тварэннем. Івашчанка можа быць іранічным, насмешлівым, сур’ёзным, пераканаўчым і пры ўсім – ён ведае Нешта і дзеліцца з намі тым Нешта – з тымі, хто хоча таксама ведаць.
Дарэчы, у кнізе ёсць пра сумненні аўтара: “Хто ты такі, каб пасля ўсяго напісанага да цябе, спрабаваць яшчэ штось дадаць?” Дарэмна сумняваўся Анатоль. Яму ёсць што сказаць, і ён сказаў.
Ну, і выкажуся яшчэ, каб не падумалі, што я зусім бяззубы у адносінах да гэтай кнігі. Не, магу і куснуць і маю, за што. Ёсць у Анатоля Івашчанкі моманты, якія лічу пройгрышнымі, бо зніжаюць мастацкую, літаратурную вартасць асобных твораў. Гэта вельмі шчыльная прывязка некаторых тэкстаў да месца і гістарычных падзей праз завуаляванасць аповеду. Да прыкладу, тая ж “Чароўная крэйдачка”. Цалкам зразумець гэтую казку, пабачыць шматлікія намёкі ў ёй, прачытаць тое, што напісана між радкоў, мажліва чалавеку дасведчанаму ў грамадскім жыцці краіны, які, што называецца, у тэме. Праз гэта сам тэкст набывае ў пэўнай меры, скажам так, газетнае гучанне, нясе пафас палітычнага памфлету і разам з гэтым часава-залежную каштоўнасць. І, на жаль, староннім чалавекам наўрад ці будзе зразумелы… Упэўнены, і сам аўтар пра тое ведае)
І ўсё ж, шаноўнае спадарства, гэта цудоўна, што ў нас з’явілася такая кніга, добра, што ёсць прапаведнік новай (і, на мой погляд, самай жыццесцвярджальнай) веры, светла і радасна ад таго, што ёсць людзі, якія жывуць у такой веры і такой верай.
Dixi!
Валеры Гапееў