І было сонца, і была яшчэ не кранутая восеньскім сумам лістота, і была дарога..., піша Людміла Рублеўская для «Звязды».
Спрадвечная беларуская дарога, якая шчымілася праз каржакаватае кустоўе і слізгала шэрай змяёй між высокіх ліп і таполяў, збочвала да балачавін і караскалася на пагоркі, дзе, схаваная ў траве, чырванела цэгла падмуркаў...
Шыльда на абочыне змусіла прыпыніцца: Іванск.
Ні разу тут не апыналіся... Хоць па Лепельшчыне ўжо прыстойна паездзілі. Ці не ад Івана якога назва? Тым больш была тут у 1564-м бойка з войскамі Івана Грознага.
Але Адам Мальдзіс сцвярджае, што Еванск (так раней называўся той Іванск) сустракаецца ў летапісах куды раней за шаснаццатае стагоддзе... Магчыма, назва пайшла ад манастыра святога Іаана, які нейкі час тут уладарыў? І раскопкі сведчаць, што людзі тут сяліліся ці не ў далетапісную эпоху...
Але прывялі нас сюды не каменны ці бронзавы век, а часы куды пазнейшыя, хаця і аддзеленыя ад нас стагоддзямі... Калі паўстала тут сядзіба паноў Валадковічаў, якую набыў у 1774 годзе крайчы менскага ваяводства Тадэвуш Валадковіч.
Першае, што пабачылі на месцы, дзе квітнела тая сядзіба, — гатычны слуп з буслянкай.
Дакладней, не слуп, а агрызак сцяны. Цэгла змрочна шчэрыцца на пустэльныя краявіды, наверсе весела шчоўкае дзюбамі бусліная сям’я. Госці тут нячастыя, таму птахі не вельмі прыветныя, але і не надта пужлівыя...
Абыходзім па высокай траве паселішча даўгалыгіх беларускіх сімвалаў, зладжанае на аскалёпку некалі шыкоўнага палаца.
Перад намі адзіны ацалелы будынак — флігель. Магчыма, менавіта яго гаспадары збудавалі для зладжання там сталовай і скарбніцы?
А гаспадары ж былі якія! Дзеля аднаго іх прозвішча варта прыехаць. Валадковічы... Мала які род налічвае столькі асоб з, так скажам, неардынарным характарам... Трохі пашукаеш — адразу процьма фактаў. Вось у 1739 годзе войт менскі Станіслаў Бужынскі па запатрабаванні менскіх месцічаў вінаваціць Андрэя Валадковіча, плябана Менскага, Тэклю Валадковічаўну, старэйшую за ўсіх менскіх базыліянак, Лявона Валадковіча, стольніка Менскага, Міхала, старасту Гаенскага і яшчэ шмат іх родзічаў, што не плацяць гарадскіх падаткаў. І, што вы думаеце, заплацілі? Не тае натуры паны.
Адзін з Валадковічаў, вядомы па мянушцы Генрых Прыгажунчык, быў удзельнікам паўстання Касцюшкі, потым стаў ад’ютантам Напалеона, камандаваў палком, заснаваў галіну роду ў Францыі. Ягонае імя выбітае на Трыумфальнай арцы ў Парыжы. Другі, удзельнік паўстання 1831 года, стаў паслом Францыі ў Швецыі, загадаў выразаць пасля смерці сабе сэрца і пахаваць у радавой усыпальніцы ў Іванску.
Але найбольш вядомы з роду, бадай што, Міхал Валадковіч, сябар Пане Каханку.
У паэме «Пан Тадэвуш» Адам Міцкевіч так распавядае пра Міхала вуснамі свайго героя, вознага Протаса, якому не пашчасціла прывезці судовую позву гэтаму буяшу:
Ці як пасля таго
другі ўжо чорт зяркаты,
Перад якім дрыжэлі шляхта
і магнаты
На сейміках і нават суддзі
з Трыбунала,
Пан Валадковіч здзекаваўся,
і нямала.
Ён позву на шматкі парваў,
схапіўшы з ножнаў
Рапіру, размахнуўся —
тут абмерці можна — і крыкнуў:
«Альбо ты з’ясі сваю паперу,
Альбо я зараз жа ссяку
тваю мазджэру!»
Прыйшлося для прыліку есці,
бо з кіямі
Стаялі гайдукі ў дзвярах,
а за плячамі
Акно расчыненае. Возны, як у пельку,
Шугель у палісаднічак —
ды ў канапельку.
Ці не праўда, каларытны персанаж? А ён яшчэ і не адзін такі быў — брат Юзаф адрозніваўся гэткім жа буйным норавам. Адам Мальдзіс так пісаў аб гэтых братах: «Безумоўна, гэта былі людзі неардынарныя, вынаходлівыя, энергічныя. Але іх энергія ішла яўна не ў той бок. Яны сталі ахвярай той жа самай «шляхецкай вольнасці», якая іх нарадзіла, якой яны верай і праўдай служылі».
Пісьменнік Ігнацы Ходзька ў аповесці «Успаміны квестара» піша пра Міхала, што той «палюбіў сабе часта напівацца ў дугу. Тады ён станавіўся такім вар’ятам, што трэба было альбо яму дапамагаць, альбо ўцякаць... Не раз лятаў уночы як шалёны, з голаю шабляю па палях, па балотах, па могілках ды выклікаў упыроў і д’яблаў на двубой...» А гэта таму, што Пане Каханку, патрон Міхала, любіў расказваць пра сябе неверагодныя гісторыі: то з русалкай зблытаўся, і ад гэтага селядцы нарадзіліся, то з нячысцікам у двубой уступіў і перамог... Як жа верны сябра Валадковіч мог не паспрабаваць паўтарыць ягоны подзвіг?
Скончыў буяш кепска — стаўся прывідам Мінскай ратушы. Пасля асаблівых выбрыкаў яго арыштавалі і расстралялі ў сутарэннях той ратушы. Вось як апісвае Ходзька сцэну арышту:
«Ледзь зачыніў за сабой Валадковіч дзверы, як пачаўся там шалёны шум, потым звон шабляў, урэшце нечакана адчыніліся дзверы і крыкнулі: «Варта! Варта!»
Мы ўбачылі нашага пана, прыпёртага да сцяны; у яго адабралі шаблю, а ён тузаўся з усімі і стараўся дабрацца да дзвярэй...
— Крымінал! — крычалі з усіх бакоў. Кроў цякла з рукі пана Длускага, лідскага дэпутата, а горш за ўсё — адсечаны кавалак рукі крыцыфіксу срэбранага Пана Езуса ляжаў на стале.
Схапіў Краеўскі са сваімі Валадковіча, але з цяжкасцю, бо гэта быў чалавек малады, моцны і рашучы... Пасек бы і жаўнераў, каб Швыкоўскі, дэпутат і слаўны асілак, не вырваў у яго з рук шаблю. Калі ўжо яго схапілі абвалаю і вялі ці то неслі гвалтам, дык ён рукамі ўпёрся ў дзвярах, аж вушакі зрушыў, і са злосці пеніўся і хрыпеў, пагражаючы д’ябламі так, што вушы сохлі...»
Дарэчы, Пане Каханку да канца жыцця сумаваў па верным сябруку і сцвярджаў, што яго прывід з’яўляецца да яго начамі.
Наколькі я зразумела, гэтая сядзіба ў Іванску належала пляменніку Міхала Валадковіча, Вінцэнту, сыну яго брата Юзафа. Апошнім жа гаспадаром быў унук таго Вінцэнта, яго цёзка, які з’ехаў адсюль у 1918-м.
Ідзём па высокай траве — палын, крапіва... Не верыцца, што меўся тут вялікі пейзажны парк з ліпавай алеяй і экзатычнымі кветкамі, а дарожкі былі пасыпаныя бітай чырвонай цэглай.
Флігель уяўляе з сябе двухпавярховы будынак з такой цэглы, якая ад часу пацямнела, а месцамі й пазелянела. Дзесьці яна сутыкаецца з белай сілікатнай, якой спрабавалі залатаць прагалы. Вокны і дзверы часткова пазабіваныя... Але трапіць унутр можна. Па сценах відаць, як мянялі планіроўку, — цямнеюць сляды ад лесвічных пралётаў, закладзеныя колішнія дзверы... Няма і перакрыцця другога паверха. Па адной з версій, жыла тут прыслуга і хатнія настаўнікі. Па другой — была вялізная сталовая зала, упрыгожаная радавымі партрэтамі... А яшчэ арачныя сутарэнні. Можна пабачыць іх і сёння — вядома, не такія прасторныя, як калісь, назапасілася смяцця і глею... Але пазелянелая цэгла складаецца ў дасканалыя зводы.
І вось тут пачынаецца вялікая таямніца, якую спрабаваў разблытаць Адам Мальдзіс. Я прачытала ў розных крыніцах, што ў скляпеннях пабудаванага побач з аднапавярховым сядзібным домам флігеля Валадковічы захоўвалі свае рэліквіі. Не вельмі ўпэўненая, што менавіта ў гэтым будынку... Але гаворка пра неверагодныя багацці, але не золата і срэбра (хаця і гэтага хапала). Была тут частка архіваў полацкіх езуітаў, перапіска кароннага падканцлера Гераніма Радзеёўскага з каралём Янам Казімірам і, уявіце сабе, лісты Марыны Мнішак і яе мужа Дзмітрыя Самазванца, некалькі лістоў Барбары Радзівіл, аўтографы караля Жыгімонта Аўгуста, наданні і прывілеі Стэфана Баторыя, ліст князя Мікалая Радзівіла Сіроткі... Перад Першай Сусветнай вайной з гэтымі дакументамі працаваў знакаміты кракаўскі гісторык Ян Дамброўскі.
Адам Мальдзіс, які апантана шукаў вывезеныя з Беларусі калекцыі, натрапіў на след іванскіх скарбаў, пра што быў змешчаны артыкул у газеце «Советская Белоруссия». На пошукі слыннага навукоўца падштурхнуў нарыс мясцовага настаўніка Віктара Грыбко, які даследаваў шмат крыніц. Напрыклад, у дзённікавых запісах мастацтвазнаўцы Ялавецкага, якія цудам захаваліся ў яго дачкі ў Іспаніі, маюцца апісанні сямейных скарбаў Валадковічаў. Шмат дэталяў: партрэты змяшчаліся ў сталовай, абабітай дубовымі дошкамі, у зборы кніг былі старадрукі з камплектам звода законаў Volumіna Legum, у адной з залаў захоўвалася парцаляна, у другой — зброя, упрыгожаная каштоўнымі камянямі, куфры са срэбнымі вясельнымі сервізамі, залатыя падсвечнікі, багатая калекцыя слуцкіх паясоў... Калекцыі папаўняліся яшчэ і тым, што апошні ўладальнік, Вікенцій Валадковіч, раскопваў курганы і месцы бітваў і здабываў адтуль панцыры, шаблі, гарматныя ядры ды іншыя рэліквіі.
Дык куды ўсе гэтыя калекцыі падзеліся? Пошукі прывялі да высновы, што зборы Валадковічаў разам з фондамі Віцебскага абласнога музея на пачатку Вялікай Айчыннай вайны былі вывезеныя ў Саратаў. А яшчэ ў часы Грамадзянскай вайны знойдзена частка архіва Полацкай езуіцкай акадэміі ў цэхгаўзе Сімбірска, і верагодна, гэта таксама з Іванска
Дарэчы, Мальдзіс звярнуў увагу, што да таго, як стаць уладаннем Валадковічаў, Іванск належаў Полацкай езуіцкай калегіі, што тлумачыць, як да Валадковічаў трапілі езуіцкія архівы.
На захаваных фрагментах тынкоўкі ў пустэльным доме Валадковічаў наведвальнікі накрэмзалі сваіх роспісаў... Дзіўлюся жаданню суайчыннікаў увекавечыць сябе такім чынам. Добра, тут проста дом — а падобныя надпісы знаходзіш і на сценах капліц, радавых усыпальніц... Злавесна гучыць у падобных месцах: «Тут быў Пеця з Магілёва.
Праз пазбаўленыя шыб аконныя праёмы флігеля бачныя па той бок рэчкі рэшткі гаспадарчых пабудоў з такой жа чырвонай цэглы... Што ж, гаспадарка мелася добра наладжаная.
Дарэчы, жыхары бліжніх вёсак стагоддзе таму былі ўпэўненыя, што паны Валадковічы — неадменна вупыры. Да гэтай жа высновы прыйшоў бы і сучасны тынейджа, нагледзеўшыся блабастараў пра вампіраў.
Справа ў тым, што пры Вінцэнту Валадковічу-малодшым сям’я вяла незвычайны лад жыцця. Валадковічы ўдзень спалі, а ноччу актыўна займаліся справамі.
Клаліся спаць а 10-й раніцы, прачыталіся а 16-й, абедалі а шостай вечара, і давай шчыраваць... Пострах у месцічаў абвастраўся яшчэ ад таго, што Валадковічы першымі ў акрузе правялі электралінію і тэлеграф, і да раніцы ў вокнах іх палацагарэла святло.
Вінцэнт Валадковіч, адзін з найбагацейшых прадпрымальнікаў краю, аб’язджаў ноччу свае шматлікія прадпрыемствы — дарэчы, заснаваная ім папяровая фабрыка ў Чашніках дзейнічае і дасюль пад назвай «Чырвоная зорка», і, кажуць, там працуе набытая заснавальнікам у 1912 годзе машына фірмы «Мантэль». Не закрыўся і спіртавы завод...
Праўда, у кожнага медаля заўсёды ёсць і другі бок... У дарэвалюцыйным часопісе «Писчебумажник» вось што пісалі пра ўмовы працы на той фабрыцы: «Самы дужы вясковы хлопец, адпрацаваўшы два-тры месяцы ў адбельвальных ролах, дзе брудная ануча адбельваецца расчыннем хлорнай і сернай кіслаты, робіцца худым і амаль жоўтым. Амаль усе гэтыя рабочыя пакутуюць ад задушлівага кашлю, некаторыя перхаюць крывёй».
Калі пан Вінцэнт з’язджаў у 1918-м, прыхапіў з сабой табун коней — разводзіў іх, так што можна ўявіць, як гойсаюць вараныя па берагах Улы, ганяюць на іпадроме, які таксама быў тут... А на вялізных чоўнах-лайбах па гэтай рэчцы адвозілі выгадаваных тут быкоў ажно ў Рыгу.
Нічога не засталося і на месцы радавога склепа Валадковічаў — таго самага, дзе было пахаванае сэрца Генрыха Прыгажунчыка, ад’ютанта Напалеона.
Мы з’язджаем з сядзібы, нас праводзяць раздражнёным клёкатам буслы, што пасяліліся на рэштках палаца дзіўных паноў Валадковічаў. А цень аднаго з іх нас чакае ў родным Мінску, у ратушы.