Вандроўка па беларускіх мясцінах Рыгі. Частка ІІ

У міжваенны перыяд жыццё беларусаў у Латвіі было згуртавана вакол адукацыйнай ды культурніцкай дзейнасці. На афіцыйным узроўні з 1921 года ў суседняй краіне дзейнічаў Беларускі аддзел міністэрства асветы. Дзякуючы гэтай акалічнасці была магчымасць легальна ствараць беларускамоўныя школы для мясцовых беларусаў, дзе выхоўвалася новае пакаленне з актыўнай нацыянальнай пазіцыяй. У Рызе захавалася шмат будынкаў, дзе беларуская моладзь вучылася, ладзіла свае вечарыны, займалася выдавецкай дзейнасцю. Сёння прапануем прайсціся па вуліцах Старой Рыгі ды наведаць гэтыя адрасы. Ці проста атрымаць эстэтычную асалоду ад сузірання выкшталцоных формаў мадэрновых будынкаў сталіцы Латвіі.


Сённяшні маршрут склалі дзякуючы інтэрактыўнай мапе беларускіх мясцiн Рыгі, якую падрыхтаваў сябра Асацыяцыi беларусаў Латвіі «Суполка» Дзянic Давыдаў.

Першую частку маршрута чытайце па спасылцы.

ryha-panarama.jpg
Панарама Рыгі. Фота: bogdanjanczuraphotography.com

budynak-belaruskaga-adzelu-ministehrstva-asvety-latvii.jpg
Будынак Беларускага аддзела Мiнiстэрства асветы Латвii. Фота: Фэйсбук-старонка «Беларусы ў Рызе»

Беларускі аддзел міністэрства асветы Латвіі (Krišjāņa Valdemāra iela, 38)

Пачнем сённяшнюю вандроўку з будынка, дзе размяшчаўся Беларускi аддзел Мiнiстэрства асветы Латвii. У верасні 1921 года ў беларускіх культурніцкіх ды грамадскіх дзеячаў атрымалася стварыць пры Міністэрстве асветы Латвіі свой Беларускі аддзел для кіравання беларускімі навучальнымі ўстановамі. Адбылося гэта пры непасрэднай падтрымцы славутага латвійскага паэта Яна Райніса, які моцна спрыяў прасоўванню беларускіх інтарэсаў у Латвіі на афіцыйным узроўні, бо на той час з’яўляўся дэпутатам Латвійскага сейма.

Гэта была значная падзея, дзякуючы якой беларусы мелі магчымасць легальна вучыцца, ствараць беларускія школы, а вучні атрымліваць адукацыю ў беларускіх навучальных установах, што сталася значным унёскам у падтрымку нацыянальных інтарэсаў беларусаў, якія жылі на тэрыторыі Латвіі.

budynak-belaruskaga-adzelu-ministehrstva-asvety-latvii.jpg
Тут месціўся Беларускi аддзел Мiнiстэрства асветы Латвii з 1921 года. Фота: citify.eu

18 кастрычніка 1921 года на пасаду кіраўніка Беларускага аддзела міністэрства асветы Латвіі быў прызначаны Сяргей Пятровіч Сахараў — беларускі грамадскі і культурны дзеяч, этнограф, фалькларыст, царкоўны гісторык, публіцыст, педагог, даследчык беларускай дуды. Ад пачатку ўмовы існавання ўстановы былі не надта спрыяльнымі — мізэрны штат з двух супрацоўнікаў і мінімальны бюджэт. Але ўжо за кароткі тэрмін дзейнасці Беларускага аддзела з 1921 па 1922 гг. было адчынена 50 беларускіх школ і дзве дзяржаўныя беларускія гімназіі, наладжаны аднагадовыя настаўніцкія курсы, створана сялянска-гаспадарчая школа, выдадзены з дапамогай Алесі Смоліч лемантар «Зорка», адрэдагаваны і адаптаваны ёй для навучання дзяцей беларусаў у Латвіі.

liemantar-zorka.jpg
Лемантар «Зорка», 1918 год выдання. Фота: dkmf.by

budynak-belaruskaga-adzelu-ministehrstva-asvety-latvii.jpg
Тут месціўся Беларускi аддзел Мiнiстэрства асветы Латвii з 1921 года

Першая беларуская пачатковая школа ў Рызе (Latgales iela, 168)

У гэтым будынку (стары адрас вул. Маскоўская, 140б) знаходзiлася 1-я Рыжская гарадская беларуская пачатковая школа. З 20 лiстапада 1923 г. пры падтрымцы Беларускага аддзела Мiнiстэрства асветы ў памяшканні школы былі дадаткова арганізаваныя курсы падрыхтоўкi беларускiх настаўнiкаў. У 1933 годзе ў гэты будынак перамясцілася беларуская вячэрняя гiмназiя.

pershaya-belaruskaya-pachatkovaya-shkola.jpg
Першая беларуская пачатковая школа. Фота: photos.wikimapia.org

rasklad.png
Расклад урокаў на 1924/1925 навучальны год у беларускай пачатковай школе

Беларуская вячэрняя гімназія ў Рызе (Grēcinieku iela, 28)

У пачатку 1929/30 навучальнага года ў гэтым будынку адчыніла дзверы Беларуская вячэрняя гiмназiя.

tavarystva-belaruskih-nastaunikau.jpg
Будынак колішняй Беларускай вячэрняй гімназіі

Таварыства беларускіх настаўнікаў (Merķeļa iela, 3)

У памяшканні № 5 будынка па вуліцы Меркеля, 3 размяшчалася бюро Таварыства беларускіх настаўнікаў Латвіі. Статут арганізацыі быў зацверджаны 2 верасня 1925 года. Сёння ў будынку месціцца некалькі гандлёвых установаў і жылыя кватэры.

budynak-kolishnyaj-belaruskaj-vyachehrnyaj-gimnazii.jpg
У гэтым будынку месцілася Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі

Другая беларуская пачатковая школа ў Рызе (Sīmaņa iela, 14)

Далей рушым да будынка Другой беларускай пачатковай школы ў Рызе. На яе базе таксама былi арганізаваны вечаровая школа для дарослых i дадатковыя заняткі з электратэхнiчным ухілам. У гэтым будынку Беларускае тэатральнае таварыства ў Латвii, створанае 25 сакавіка 1928 года, прадставіла сваю пастаноўку спектакля «Паўлінка».

druhaja-belaruskaya-pachatkovaya-shkola.jpg
Другая беларуская пачатковая школа. Фота: mapio.net

paulinka-abviestka.jpg
Абвестка аб спектаклі па п’есе Янкі Купалы «Паўлінка»

Латвійскі Нацыянальны тэатр (Kronvalda bulvāris, 2)

Значная роля ў развіцці нацыянальна-культурнай беларускай аўтаноміі ў складзе Латвіі надзялялася і пазашкольнай асвеце. З гэтай мэтай ствараліся агульнаадукацыйныя гурткі, чыталіся лекцыі па беларускай гісторыі і культуры, ладзіліся канцэрты, вечарыны ды тэатральныя пастаноўкі паводле твораў беларускіх пісьменнікаў.

Значная падзея для беларускага тэатра адбылася 10 сакавіка 1924 года, калі пры падтрымцы латвійскага паэта Яна Райніса на сцэне Латвійскага нацыянальнага тэатра тэатральны гурток Дзвінскай беларускай гімназіі пад кіраўніцтвам Паўліны Мядзёлкі прадставіў на беларускай мове пастаноўку спектакля «Паўлінка» паводле п’есы Янкi Купалы.

9 latvijski-nacyyanalny-tehatar.jpg
Латвійскі Нацыянальны тэатр. Фота: postimees.ee

latvijski-nacyyanalny-tehatar.jpg
Латвійскі Нацыянальны тэатр унутры. Фота: sta.lv

Таварыства Беларускага тэатра ў Латвіі (Dzirnavu iela, 66)

У памяшканні № 25 будынка на Млыновай, 66 месцілася Таварыства беларускага тэатра. Першы сход арганізацыі адбыўся 25 сакавіка 1927 года. Таварыства ўзнікла з першай і другой драматычных дружын Ігната Дварчаніна і Язэпа Камаржынскага, драматычных гурткоў пры Дзвінскай і Люцынскай беларускіх гімназіях, таварыстваў «Рунь» і «Беларуская хата», Першага беларускага народнага тэатра ў Рызе.

byuro-tavarystva-belaruskaga-tehatru.jpg
Будынак колішняга Таварыства беларускага тэатра. Фота: wikipedia.org

Рэдакцыя першай газеты латвійскіх беларусаў «Голас беларуса» (Mārstaļu iela, 19)

У гэтым будынку знаходзiлася рэдакцыя першай газеты латвiйскiх беларусаў — «Голас Беларуса», якая выдавалася ў 1925–1929 гг. Свет пабачыў 61 нумар — гэта найбольшая колькасць з беларускіх перыядычных выданняў Латвіі. Друкавалася ў тыпаграфіі Е. Левіна па адрасе Dzirnavu iela, 36.

rehdakcyya-golas-belarusa.jpg
Будынак колішняй рэдакцыі першай газеты латвійскіх беларусаў «Голас беларуса». Фота: wikipedia.org

Дадзены будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння і ў 2013 годзе быў ашчадна адрэстаўраваны. У ім захаваліся ранейшае выкшталцонае аздабленне інтэр’еру: лесвіца, плітка на падлозе, вітражы на вокнах, роспіс сценаў. Сёння будынак здаецца пад некалькі офісаў дзяржаўных установаў.

rehdakcyya-golas-belarusa.jpgУ будынку колішняй рэдакцыі першай газеты латвійскіх беларусаў «Голас беларуса». Фота: restaurators.lv

Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (Mārstaļu iela, 2/4)

Пачаткам гуртавання беларускай моладзі ў Латвіі можна лічыць стварэнне 25 красавіка 1928 г. Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (ТБМЛ). Актыў арганізацыі складаўся са студэнтаў, выхаванцаў беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў. У склад першай управы ўваходзілі: Пятро Журкоўскі (старшыня), Ніна Пінская (сакратар), Казімір Мяжэцкі, Пятро Мірановіч і Міхась Калінін.

pyatro-zhurkouski.jpg
Пятро Журкоўскі

ТБМЛ як культурна-асветніцкая арганізацыя мела права ствараць і ўтрымліваць бібліятэкі і чытальні, клубы, музеі, ажыццяўляць этнаграфічныя экспедыцыі. Яшчэ Таварыства магло арганізоўваць хоры, аркестры, драматычныя і скаўцкія гурткі. Статут арганізацыі прадугледжваў магчымасць правядзення публічных лекцый, прысвечаных навуковым, грамадска-палітычным, эстэтычным і філасофскім праблемам.

kastus-yazavitau-i-nina-pinskaya.jpg
Кастусь Езавітаў і Ніна Пінская

Сядзіба галоўнай управы арганізацыі месцілася ў Рызе ў будынку 1-й Рыжскай беларускай пачатковай школы. А ў дадзеным будынку па вул. Канюшаннай 2/4 у памяшканнi школы танцаў Марціна Каўліна Таварыства беларускай моладзі Латвіі ладзіла свае тэатральныя і іншыя культурніцкія імпрэзы.

budynak-kolishnyaj-shkoly-tanca-marcina-kaulina.jpg
Будынак колішняй школы танцаў Марціна Каўліна

Язэп Вараніцкі, Budzma.org