Сёння ў нашай традыцыйнай вандроўцы выбіраемся да маляўнічага сядзібна-паркавага ансамбля роду Козел-Паклеўскіх, што месціцца ў вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Будынак сядзібы захаваўся да нашага часу ажно з ХІХ стагоддзя, сёння якасна адрэстаўраваны і чакае наведнікаў. Тут пабачым маштабны прыклад архітэктуры гістарызму, дзе захаваліся ўнутраныя аздабленні пакояў у розных стылях: гатычным, барочным, ракако, прагуляемся па прысядзібнаму парку ды наведаем мемарыял на месцы дзіцячага канцлагеру.
Палац Козел-Паклеўскіх у Чырвоным Беразе. Фота: traveling.by
Гісторыя сядзібна-паркавага ансамбля Козел-Паклеўскіх
Гісторыя архітэктурнага комплекса пачалася на правым беразе ракі Добысна напрыканцы ХІХ стагоддзя, а дакладней у 1890-1893 гг., калі генерал-лейтэнант Міхаіл Сямёнавіч Гатоўскі з жонкай Марыяй-Юзэфай вырашылі пабудаваць ва ўласным маёнтку палац. Шыкоўны сядзібна-паркавы ансамбль атрымала ў пасаг іх дачка Марыя, што пабралася шлюбам з Вінцэнтам Козел-Паклеўскім.
Будынак быў узведзены паводле праекта архітэктара Віктара Шротэра, выпускніка Берлінскай і Пецярбургскай акадэміяў мастацтва. Шротэр-аўтар праекта Кіеўскага опернага тэатра, Марыінскага тэатра і іншых вядомых установаў.
Палац Козел-Паклеўскіх у Чырвоным Беразе. Фота: traveling.by
Палац належаў Козел-Паклеўскім пакуль не прыйшла савецкая ўлада. Ёсць звесткі, што на пачатку мінулага стагоддзя мясцовыя сяляне ўзнялі своеасаблівае паўстанне супраць уладальнікаў маёнтка, але яно атрымала паразу. За саветамі Козел-Паклеўскія ўцяклі ў Польшчу, будынак быў нацыяналізаваны ды разрабаваны. Але ацалеў дзякуючы таму, што з 1920 года сядзібу пачалі выкарыстоўваць пад патрэбы сельскагаспадарчых курсаў. У гэты час у палацы быў праведзены касметычны рамонт, адноўлены мармуровы камін, печы ў пакоях, вокны, дзверы, падлога.
З 1941 года тут працаваў нямецкі вайсковы шпіталь. Пасля вайны ў колішняй сядзібе размясціўся аграрны тэхнікум. Пазней студэнты пераехалі ў іншыя карпусы па суседстве і прыйшоў час аднаўлення сядзібы. Рэстаўрацыя палаца Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе пачалася ў 1996 годзе і скончылася толькі ў 2015-м.
Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе, брама. Фота: 34travel.me
Паводле мясцовай легенды, палац уратавалі гаргулі, а таксама хімеры, кажаны ды павукі, якімі дэкараваны будынак. Маўляў, гэтыя пачвары былі настолькі брыдкімі, што ніякі вораг не наважыўся разбурыць сядзібу. Так яно ці інакш, дакладна сказаць немагчыма, але, калі вы аматар падобных гісторый, паразмаўляйце з месцічамі. Яны распавядуць шмат цікавага з гісторыі Краснага Берага.
Аздабленне палаца Гатоўскіх у Чырвоным Беразе. Фота: bestbelarus.by
Знешне будынак — прыклад архітэктуры гістарызму, які спалучае ў сабе элементы готыкі, рэнесансу, ампіру і мадэрну. І ўнутры сядзіба выглядае як своеасаблівы падручнік па гісторыі разнастайных архітэктурных стыляў, тут іх можна сустрэць больш за дзесяць: гатычны, раманскі, барока, ракако, класіцызм і іншыя. І кожны з 36 пакояў не падобны адзін да аднога.
Аздоба заляў часткова захавалася: сцены, разьбяныя і распісаныя столі, паркет, кафля на падлозе.
Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе ўнутры. Фота: 34travel.me
Парк вакол палаца
Навокал палаца быў закладзены пейзажна-рэгулярны парк у англійскім стылі. Дзеля яго стварэння быў запрошаны ландшафтны дызайнер Францыск Шаніёр з Варшавы, які ствараў сярод іншага каралеўскі парк.
Парк часткова захаваўся і мае статус прыроднага помніка рэспубліканскага значэння. Тут можна сустрэць некалькі відаў экзотаў, рэшткі колішняй паркавай воднай сістэмы, якая сілкавалася з рэчкі Добасна, ды кавалкі брукаванкі на старадаўніх сцежках.
Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе, парк. Фота: 34travel.me
Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе, брама. Фота: 34travel.me
Музей і прысядзібная тэрыторыя
Музей у сядзібным доме працуе без выходных 3 8:00 да 17:00. Квіткі для дарослых каштуюць 8р., дзецям і студэнтам па 4 і 5р. адпаведна. Экскурсійнае абслугоўванне для груп да 25 чалавек — 25р., экскурсія па парку і прысядзібнай тэрыторыі — 25р.
Актуальную інфармацыю пра выставы, што адбываюцца ў музеі, паслугі, кошты і іншае можна даведацца тут.
Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе ўнутры. Фота: 34travel.me
На прысядзібнай тэрыторыі таксама ёсць што паглядзець: захавалася аўтэнтычная агароджа, узведзеная адначасова з сядзібай, аздобленая брамай у неагатычным стылі з дзьвюма спічастымі аб’ёмнымі вежамі.
Яшчэ ацалела некалькі гаспадарчых пабудоваў: бровар, стайні, сховішча. Будынкі таксама, як і сядзіба, сумяшчаюць у сабе цікавыя архітэктурныя рашэнні. Цалкам захаваўся прысядзібны флігель, выкананы ў падобным да сядзібы стылі.
Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе, бровар. Фота: 34travel.me
Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе, флігель. Фота: 34travel.me
Мемарыял на месцы дзіцячага канцлагеру
Па-мастацку прыгожы, кранальны мемарыялна месцы дзіцячага канцлагеру створаны ў Красным Беразе ў 2006 годзе па праекце архітэктара Леаніда Левіна. Тут ў 1944 годзе быў абсталяваны пункт збору дзяцей з навакольных раёнаў дзеля таго, каб накіроўваць далей на працу ў Нямеччыну. Некаторых выкарыстоўвалі ў якасці донараў крыві для параненых нямецкіх жаўнераў.
Мемарыял на месцы дзіцячага канцлагеру Красны Бераг. Фота: 34travel.me
Мемарыял на месцы дзіцячага канцлагеру Красны Бераг. Фота: planetabelarus.by
На ўваходзе ў мемарыял сустракае фігура дзяўчынкі, што намагаецца схавацца ад усіх перажытых жахаў. Комплекс складаецца з некалькіх частак: апусцелага школьнага класа, дзе на дошцы размешчаны тэкст ліста Каці Сусанінай да свайго бацькі, за ім папяровы карабель, на якім можна пабачыць выпадковыя імёны дзяцей, якія сімвалічна ўвасабляюць лёсы ўсіх пацярпелых падчас вайны.
Далей можна пабачыць 24 вітражы і скульптуры жывёлаў, створаныя на падставе пасляваенных дзіцячых малюнкаў з архіваў франтавога мастака, які праз мастацтва спрабаваў ацаліць сваіх выхаванцаў ад перажытых жахаў. Сярод малюнкаў аўтар мемарыялу знайшоў і свой накід.
Вакол комплексу расце яблыневы сад як сімвал таго, што жыццё працягваецца.
Мемарыял на месцы дзіцячага канцлагеру Красны Бераг. Фота: planetabelarus.by
Наведванне мемарыяла неарганізаванымі групамі бескаштоўнае, але найлепш пра сімвалізм дадзенага месца распавядуць мясцовыя экскурсаводы.
Для арганізаваных груп экскурсійнае абслугоўванне будзе каштаваць 4р, дзецям і студэнтам 2 і 3 р. адпаведна, групам да 25 чалавек — 20р.
Мемарыял на месцы дзіцячага канцлагеру Красны Бераг. Фота: planetabelarus.by
Дзе паесці
У Красным Беразе няма ўстановаў грамадскага харчавання, хіба банкетная зала не пад патрэбы індывідуальных турыстаў. Ёсць некалькі крамаў, якія працуюць да 18-20 гадзін. За 10 км. на паўночны захад у вёсцы Новы Востраў ёсць аднайменнае кафэ для аматараў прыдарожнага сэрвісу і сталоўскай ежы. Тут жа побач і крама з дзіцячымі цацкамі са Жлобіна ўсіх магчымых формаў і памераў для аматараў нетрывіяльных мясцовых сувеніраў.
Дзе заночыць
Гатэль «Ола»
Непасрэдна ў Красным Беразе пакуль няма дзе спыніцца, можна даехаць да Жлобіна, дзе як мінімум 3 гатэлі. Таксама за 30 км. у вёсцы Вялікія Бортнікі знаходзіцца гасцініца «Ола» (вул. Рагачоўская, 15) на 20 месцаў. Двухмясцовы нумар тут будзе каштаваць ад 26 р. з чалавека. Нумары маюць свежы рамонт, душ і ўсё неабходнае для камфортнага адпачынку.
База адпачынку «Дзебаркадзер»
Калі працягнеце сваю вандроўку ў бок Магілёўшчыны, можна спыніцца ў Рагачове. Калі звычайная гасцініца не пасуе, а хочацца пераночыць бліжэй да прыроды, можна спыніцца літаральна на Дняпры на борце Дзебаркадзера — адзінага ў Беларусі карабля-гатэля, пра які мы рапавядалі тут.
Карабель-гатэль. Фота: people.onliner.by
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Ад Альманскіх балотаў да агурковай сталіцы: 10 нагодаў павандраваць па Століншчыне