Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Бліжэйшым часам даследуем Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці на наяўнасць гістарычных ды архітэктурных аб’ектаў. Сёння нас чакае трэцяя частка маршруту: Артычанка — Быцень — Любішчыцы — Івацэвічы — Шыбельная гара — Косава — Марачоўшчына — Бусеж — Альба — Бялавічы — Няхачава. Наведаем дзве цікавыя вёсачкі старажытнай Слонімшчыны, сёння Івацэвіцкага раёна Бусяж і Альба. Тут нас чакаюць сцежкі высакародных ліцьвінаў, шляхі манахаў-картэзіянцаў, унікальны твор беларускай школы іканапісу, мураваныя і драўляныя храмы ды шмат іншых цікавостак.
Фота: www.360cities.net
Бусяж
Наступным нашым прыпынкам у Івацэвіцкім раёне прапануем зрабіць вёску Бусяж, якая ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах як маёнтак роду Юндзілаў ажно ў 1556 годзе ў сувязі з судовай спрэчкай Мікалая Юндзіла і Лаўрына Аравіцкага з нагоды ўкрыцця другім збеглых ад гаспадара маёнтка сялянаў. З 1645 года маёнтак належаў ужо прадстаўнікам двух выбітных шляхецкіх родаў Юндзілам і Мялешкам.
Фота: spadchyna.info
Менавіта тут, у Бусяжы, паводле меркавання шматлікіх даследчыкаў, і нарадзіўся каля 1552 года знакаміты маршалак слонімскі Ян Мялешка. Мялешка вядомы тым, што быў першым фундатарам Свята-Успенскага Жыровіцкага ўніяцкага кляштара — аднога з асноўных цэнтраў грэка-каталіцтва на тэрыторыі Беларусі.
Жыровічы, 1879
Сёння імя Мялешкі ўзгадваецца ў сувязі з захаваным да нашых дзён ажно з XVII стагоддзя помнікам старажытнай літаратуры, напісаным старажытнай беларускай мовай, пад назвай «Прамова Мялешкі». Твор напісаны ў форме прамовы на сойме 1589 года Яна Мялешкі, належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатырычных твораў аратарскай прозы, з’яўляецца ўзорам патрыятычнай беларускай літаратуры. У прамове бадай упершыню з усіх захаваных да нашых дзён помнікаў пісьменства закранаецца тэма пагрозы страты месцічамі сістэмы ўласных традыцыйных каштоўнасцей: маральных, эстэтычных, грамадскіх, дзяржаўных, палітычных.
Шляхта XVII стагоддзя
Увесь твор прасякнуты духам кансерватызму ды патрыятызму, інтэнцыямі да вяртання тагачаснага грамадства да старасвеччыны, калі, паводле меркавання аўтара, панавалі шчырасць, адкрытасць, разважлівасць, не было месца балбатні і палітыканству, падману і дэмагогіі. Праз ухваленне мінуўшчыны, нават яе ідэалізацыю, аўтар сцвярджаў, што праўда, сумленнасць і ахвярнасць дзеля Бацькаўшчыны — найвышэйшыя каштоўнасці, нязменныя ідэалы. Аўтар усхваляў перыяд княжання Жыгімонта Старога як «залаты час» Літвы. Тут жа аўтар закранае тэму адказнасці шляхты за парадак рэчаў у дзяржаве, асуджае паланізацыю краю. Упершыню «Прамова Мялешкі» была выдадзена Юльянам Урсынам Нямцэвічам у 1822 годзе ў перакладзе на польскую мову, а ў 2011 годзе на «трасянцы» ў перакладзе пісьменніцы Анкі Упалы.
Жыровічы, 1916
Памёр Ян Мялешка тут жа, у Бусяжы. Дзе пахаваны, даныя не дакладныя: шэраг даследчыкаў мяркуе, што ў сутарэннях уніяцкай царквы, фундаванай уласна Мялежкам у Бусяжы, іншыя навукоўцы ўпэўнены, што парэшткі ягоныя перавезлі ў Жыровіцкі кляштар. Мялешка меў дачку Багдану, якая была бяздзетнай і перажыла яго ўсяго на пяць гадоў. Такім чынам згасла галіна знакамітага роду старадаўняй Літвы.
Казімір Ян Павел Сапега
У 1648 годзе маёнтак Бусяж цалкам выкупіў сын знакамітара канцлера ВКЛ Льва Сапегі падканцлер Казімір Сапега. Казімір быў вельмі адукаваным чалавекам, вучыўся ў найлепшых еўрапейскіх універсітэтах, абараніў некалькі навуковых ступеняў па палітыцы і інжынерыі, ведаў сем замежных моваў, ён жа пасля вяртання на радзіму распачаў на Беларусі будаўніцтва храмаў, навучальных установаў, а Бусяж падараваў у вечнае карыстанне аднаму з самых аскетычных каталіцкіх ордэнаў, які паходзіў ад 1084 года з Бургундыі, манахам-картэзіянцам. Праз тое ад сярэдзіны XVII стагоддзя па сярэдзіну ХІХ стагоддзя гісторыя маёнтка Бусяж непарыўна звязана з дзейнасцю ордэна картузаў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
У 1773 годзе картузы распачалі ў Бусяжы будаўніцтва новага мураванага храма на месцы былой грэка-каталіцкай царквы, узведзенай яшчэ Янам Мялешкам. Ён мусіў стаць цэнтральным храмам запланаванага тут новага кляштара картэзіянцаў. Але пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, калі землі сучаснай Беларусі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, новая ўлада абвінаваціла манахаў-картэзіянцаў у падтрымцы вызвольнага паўстання Тадэвуша Касцюшкі, пасля ў падтрыманні Лістападаўскага паўстання, праз што маёмасць манахаў была сканфіскавана на карысць дзяржавы, ордэн скасаваны, а храм перададзены праваслаўным вернікам.
Фота: spadchyna.info
Фота: spadchyna.info
Праваслаўныя пачалі перабудову храма, каб наблізіць ягоны выгляд да праваслаўнай архітэктуры: была дабудавана званіца, але ж познебарочны будынак самога храма мы можам пабачыць у амаль аўтэнтычным выглядзе і сёння. У сённяшняй Свята-Успенскай царкве яшчэ да сярэдзіны ХХ стагоддзя захоўваўся цудадзейны абраз «Пакроў маці Божай» 1797 года, але яго забралі ў Нацыянальны мастацкі музей, дзе ён выстаўляецца як узор беларускай школы іканапісу. А ў храме ў Бусяжы месціцца ягоная фотакопія.
Фота: pressreader.com
Фота: spadchyna.info
Альба
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Далей прапануем рушыць у вёску Альба, вядомую ў пісьмовых крыніцах з XVII стагоддзя, дзе захаваўся старажытны храм, які першапачаткова будаваўся як грэка-каталіцкі, а зараз з’яўляецца праваслаўнай Свята-Юр’еўскай царквой. Царква ў вёсцы Альба — помнік народнага дойлідства, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: fotobel.by
Фота: ivatsevichy.by
У ведамасці царквы за 1931 год як дата пабудовы храма пазначаны 1692 год. Паводле іншых пісьмовых крыніцаў, царква ў вёсцы Альба пабудаваная ў 1790 годзе на сродкі мясцовых парафіянаў. Вядома, што ў 1904 годзе храм быў перабудаваны на праваслаўны лад, у 1908 годзе да царквы была дабудаваная званіца.
Фота: ivatsevichy.by
Фота: ivatsevichy.by
У 1962 годзе царква была зліквідавана савецкімі ўладамі ды будынак пачаў занепадаць. Унутранае ўбранства было разрабавана амаль цалкам, вітражы разбітыя, абразы скрадзеныя. Сёння з аўтэнтычнага аздаблення царквы засталася толькі царская брама, але абразы ўжо на ёй новыя, замоўленыя па аднаўленні царквы ў 1990-я, фрагменты вітражоў і ікона ХІХ стагоддзя «Маці Божая Адзігітрыя».
Фота: ivatsevichy.by
Фота: ivatsevichy.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, Budzma.org