Вайна з гістарычным муралам і таямнічае знікненне стэндаў пра Элізу Ажэшку. Што адбываецца ў Гродне?

7 верасня ў Гродне адкрылі гіганцкі гістарычны мурал. Яго аўтары, натхніўшыся гравюрамі старажытных майстроў, стварылі манументальнае гістарычнае палатно — адно з найвялікшых у краіне. Мурал складаецца з 12 арак, у кожнай з якой — сцэны з гісторыі колішняй каралеўскай сталіцы. А ўжо сёння стала вядома, што новая славутасць абурыла прапагандыстаў.


Mural.jpg
Фота са старонкі Леаніда Шчаглова ў інстаграме

Спачатку на тэму «выказаўся» Рыгор Азаронак, згадаўшы пасланне Лукашэнкі, у якім той казаў пра «сярэднявечных алігархаў, якія сваё багацце нажывалі на гарбе народа, які сеяў, араў, будаваў».

«Дапамажыце мне, тупому, лапатнаму, неаб’ектыўнаму прапагандысту, знайсці тое, пра што сказаў прэзідэнт, на новым гіганцкім мурале ў Гродне», — цытуе прапагандыста «Наша Ніва».

Думку Азаронка падхапілі і «Жоўтыя злівы». Аўтары праўладнага тэлеграм-канала прапанавалі размясціць на мурале са старажытнымі выявамі савецкага салдата:

«Вось паноў бачым, шляхту бачым, жаўнераў бачым, а савецкага воіна-вызваліцеля чамусьці няма. Ці гісторыя горада скончылася адразу пасля Сапег-Радзівілаў?»

Mural-Hrodna.jpg
Фота са старонкі Леаніда Шчаглова ў інстаграме  

Не застаўся ў баку і яшчэ адзін лукашэнкаўскі эксперт — Аляксей Дзерман, які паглядзеў на сітуацыю з «кадравай» перспектывы:

«Відавочна, што нам не хапае якасных мастакоў, музыкаў, артыстаў, якія могуць адлюстраваць нешта іншае, чым чарговае поўзанне перад польскай шляхтай».

А дзе таблічкі пра Элізу Ажэшку?

Акрамя таго, сёння ў Гродне зніклі турыстычныя стэнды пра жыццё Элізы Ажэшкі. На гэта звярнула ўвагу выданне Hrodna.life.

Турыстычныя таблічкі з інфармацыяй пра пісьменніцу паставілі на гродзенскіх вуліцах летам 2021 года. Іх адкрыццё прымеркавалі да 180-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы, а сам праект фінансаваўся Еўрасаюзам.

Azheshka.jpg

Усяго ў горадзе было 10 такіх стэндаў — каля доміка і помніка пісьменніцы, каля Бернардынскага касцёла, у якім Ажэшка вянчалася са Станіславам Нагорскім. Стаяла таблічка і ў Румлёўскім парку, дзе быў маёнтак сям’і, а таксама на старых каталіцкіх могілках, дзе пісьменніца пахаваная.

Паводле крыніц Hrodna.life, таблічкі прыбралі не на рамонт: назад яны могуць не вярнуцца.

Eliza-Azheshka.jpg
Фота: nastgaz.by

Нагадаем, Эліза Ажэшка — найвыдатнейшая пісьменніца, якая пісала па-польску, але жыццём і творчасцю была шчыльна звязана з Беларуссю. Мяркуючы па агульнай тэндэнцыі, у сітуацыі з таблічкамі мог спрацаваць менавіта «польскі» фактар.

Каліноўскі ў Гродна — таксама персона нон грата

У звязку з сённяшнім падзеямі згадваецца і «кейс Каліноўскага». У ліпені стала вядома, што Кастусь Каліноўскі знік са спісу знакавых персон для Гродна. Адбылося гэта па чарговым даносе так званай інфаказачкі, прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай.

Kastius-Kalinouski.jpg
Кастусь Каліноўскі

Адыёзная камуністка тады дзякавала Гродзенскаму гарвыканкаму за тое, што прыбралі «польскага тэрарыста» і «мярзотнага масавага забойцу праваслаўнага насельніцтва Беларусі» з ліку знакавых для горада асоб.

Бондарава таксама бярэ на сябе адказнасць і за знікненне 20 ліпеня мемарыяльнага знаку ў гонар паўстанцаў 1863-64 гадоў на чыгуначным вакзале Гродна. Улады замянілі яго на шыльду ў гонар камуністаў-падпольшчыкаў.

Як бачым, вайна з беларускай спадчынай, развязаная пасля 2020 года, не спыняецца.

Чытайце яшчэ: Чаму варта шанаваць Каліноўскага? Разбураем міфы, створаныя прапагандай