Ведаеш беларускую мову — ідзеш у ВНУ

04.06.2021 Адукацыя

Удзельнікі праекта «Першыя» ад А1 з розных гарадоў нашай краіны зрабілі праект «Беларуская мова, як шлях да паступлення». Галоўнай яго ідэяй з’яўляецца распаўсюджванне беларускай мовы, у першую чаргу, сярод абітурыентаў, перадае Новы Час.


ctno_1.jpg
Ілюстрацыйнае фота gp.by

Мы жадаем, каб беларуская мова стала больш папулярнай сярод абітурыентаў. Наш праект закліканы распавесці людзям, што беларуская мова — цікавая, а калі здаваць яе на ЦТ, шанцы паступлення ў ВНУ становяцца вышэй, — распавяла адна з членаў каманды Ірына Срэбняк.

У праекце ўдзельнічаюць сем чалавек, усе яны навучаюцца ў школе, акрамя ментара Аляксандра. Раней рабяты не ведалі адзін аднаго, пазнаёміліся на этапе падрыхтоўкі да прэзентацыі сваёй ідэі. Каманда была прадстаўніком кірунку «Культура».

Школьнікі кажуць, што настаўнікі цалкам падтрымалі іх і дапамагалі з рэалізацыяй праекта.

У межах сваёй ініцыятывы рабяты правялі даследаванні, у якіх высветлілі суадносіны вучняў, якія здаюць беларускую і рускую мовы, адсотак вучняў стобальнікаў, чаму абітурыенты здаюць рускую або беларускую мову і прывялі прыклады, чаму беларускую мову лягчэй здаваць.

суадносіны.jpg

Дарэчы, даследаванні яны праводзілі цалкам самастойна: рабілі апытанкі ў інстаграме, глядзелі статыстыку за мінулыя гады. Зрабілі дыяграмы, у якіх наглядна паказалі вынікі сваёй працы.

photo_2021_06_04_11_44_34.jpg

Таксама рабяты заснавалі старонку ў інстаграме і канал у тэлеграме, дзе яны публікуюць правіла беларускай мовы, зрабілі адмысловыя буклеты.

Мы стварылі буклет з пералікам асноўных фактаў і некаторых правілаў, якія істотна адрозніваюцца ад рускай мовы і дэманструюць, наколькі лягчэй здаваць беларускую. Буклеты мы распаўсюджваем абсалютна бясплатна, і вы можаце замовіць іх і раздаць сваім вучням або аднакласнікам, і такім чынам папулярызаваць беларускую мову, якая дазволіць вам і вашым сябрам мець большыя шанцы да паступлення, чым тым, хто яшчэ здае рускую.

Дарэчы, у паўсядзённым жыцці, кажуць удзельнікі праекта, яны не заўсёды размаўляюць па-беларуску, але стараюцца. На пытанне, што трэба зрабіць для пашырэння ўжывання роднай мовы, рабяты адказваюць проста: «Каб беларуская мова была больш распаўсюджана, трэба, каб людзі жадалі размаўляць на ёй, каб людзям яна падабалася і каб людзі яе любілі».  

Падтрымаць ініцыятыву можна падпіскай на Instagram і Telegram.

Новы Час