“Я не паэта, о, крый мяне, Божа…” – напачатку сваёй творчасці так сціпла і асцярожна гаварыў пра сябе народны паэт Беларусі Янка Купала. Чаму размова пачалася з творчасці гэтай геніяльнай асобы? На першы і другі выступы Веры Буланда, якія адбыліся 11 красавіка 2013 года ў Самахвалавіцкай сярэдняй школе, сабраліся вучні 8-9 класаў. На ўроках беларускай літаратуры гэтымі днямі якраз вывучаецца творчасць народнага песняра Беларусі. І таму па ўзаемнай дамоўленасці з выхаванцамі была праведзена літаратурная віктарына па творчасці Янкі Купалы. Больш смелыя вучні чыталі вершы паэта, апладысменты атрымаў вучань 9а класа Уладзіслаў Бобрыкаў за мастацкае выкананне верша “Явар і каліна”. Узгадалі нават мелодыю песні на вядомыя словы. А таксама агучана імя паэта Эдуарда Акуліна з яго славутай песняй “Янка Купала”.
Вера Буланда, вядома, чытала свае вершы, адзін з якіх якраз на тэму паэзіі, трыялет:
Мая прафесія – Паэт,
Надзелена я гэтым правам!
Бо дзеля людскасці, не славы
Мая прафесія – Паэт,
І не для радаснай забавы,
Як часам лічыць белы свет.
Мая прафесія – Паэт,
Надзелена я гэтым правам!
А калі ісці за смелым выказваннем Янкі Купалы аб прызванні паэта, то хочацца за ім паўтараць:
З цэлым народам гутарку весці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцця –
Гэткай шукаю цэлы век чэсці,
Гэта адно мне падпорай жыцця.
У Самахвалавіцкай школе, як і ў кожнай іншай, выявіліся паэты, якія пакуль што спрабуюць сваё пяро на рускай мове. Таму размова ішла яшчэ і пра тое, што нам, беларусам ад нараджэння, лепш пісаць па-беларуску, на мове, якая дадзена нам у спадчыну “спакон вякоў”, на якой пісаў Максім Багдановіч і Якуб Колас, зараз пішуць цудоўныя творы Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Васіль Жуковіч, Уладзімір Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Скобла і шмат таленавітых паэтаў і пісьменнікаў.
Пераможцы ў віктарыне па творчасці Янкі Купалы атрымалі ад грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” паштоўкі, дыскі з мультыплікацыяй “Будзьма беларусамі!” і торбачкі – на доўгую памяць аб цікавай сустрэчы.
Аўтар: Вера Буланда