Вера Буланда выступіла ў в. Іканы

Нягледзячы на тое, што ў Іканах ужо зачынена школа, няма дзіцячага садка, па ганебнай нядбайнасці згарэў музей Вялікай Айчыннай вайны, які не адно дзесяцігоддзе ўбіраў у сябе новыя імёны герояў, іх узнагароды і рэчы, аднаўляў экспазіцыі, Дом культуры прадаўжае з няпростымі намаганнямі несці культуру ў масы. Апантаныя людзі рознага ўзросту і прафесій збіраюцца тут на рэпетыцыі п’ес, канцэртных праграм, народных абрадаў. Часта выязджаюць са сваімі выступленнямі ў суседнія вёскі. Вельмі любяць літаратуру, самі чытаюць і другіх заахвочваюць. Тамара Іванаўна Гапоненка, напрыклад, мясцовы страхавы агент, перш чым наладзіць сустрэчу з паэтам ці пісьменнікам, спачатку ператворыць мясцовы клуб у хату-чытальню, распавядзе шмат пра аўтара, а тады ўжо і запрашае ў сваю, хоць і не вельмі мнагалюдную, аўдыторыю.

Так як у памяшканні былі малыя дзеткі (унукі прыехалі да бабулек у госці), спачатку прачытала казку “Пра Дуб і Дзядоўнік” – гэта мая мара, каб тата застаўся жыць, проста ператварыўся ў Дуб, каб зімой прыйсці ў хату, і нібыта мы, яго чацвёра дзяцей, пазналі свой Дуб:

– Наш татка родны, хто той злыдзень,
Што так цябе зачараваў?
І дзень каторы, месяц, тыдзень,
Як шчасце нашае украў. –
Пыталіся так шчыра дзеці,
Што ў бацькі слёзы пацяклі
(А многа слёзаў нам не сцерці,
То слёзы ўсіх бацькоў былі,
Якіх калісьці пахавалі,
Забілі, знішчылі, змялі,
Як самай жорсткай чорнай хваляй
З гаротнай роднае зямлі).
Чытаючы вершы на розныя тэмы, мы загаварылі ізноў пра бацькоў, маці
Ласкавым позіркам матулі
Пад вейкі зазірае сонца,
Нібы мяне на Мсціж вярнулі,
І так хачу, каб сон быў моцным.

І так жадаю зноў прачнуцца
Ад дотыку далоні маці,
Абняцца з ёй, ёй усміхнуцца,
І босаю прайсці па хаце.

І разам потым завіхацца
Ля печы, у двары і ў пуньцы.
О, як бы слухала я маці,
Калі б не ў снах дамоў вярнуцца.

І… пра Радзіму. Якраз дарэчы прыгадаўся верш Валярыны Куставай з часопіса “Дзеяслоў” №51, 2/11
Зямлю, што чужыніцца родных дзяцей,
Мы, любячы, называем Радзімай.
Дзяўчыну, што здраджвае найчасцей,
У нашых сненнях мроім адзінай.

Жыццё – толькі марнасць? – дзеля жыцця.
Маршрутам адвечным: ад краю да краю.
Мы, людзі боскага ліцця,
Блукаем…
Вось і пра жыццё, пра сэнс жыцця чаму не пагаварыць вершамі:

Слаўныя дні маладосці ў мінулае канулі –
Што шкадаваць? Каб магчымасць хоць хвілю вярнуць,
Самыя лепшыя на чыставік мы экзамены
Светлай старонкай жыццёвай маглі б разгарнуць…

Напрыканцы сустрэчы ізноў жа Тамара Гапоненка чытала байкі Міхася Мазурэнкі, за артыстычнае выкананне атрымала ад кампаніі “Будзьма беларусамі” прыз.