У перакладзе на беларускую мову выйшаў раман «Вецер з Усходу, Вецер з Захаду» амерыканскай пісьменніцы, лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Пэрл Бак. Упершыню гэтая кніга выйшла ў 1930 годзе па-ангельску, а праз 95 год Пэрл Бак загучала па-беларуску ў выкшталцоным перакладзе Кацярыны Несцеровіч у выдавецтве Gutenberg.
Галоўная гераіня рамана — Квэй-лан — не змагарка і не рэвалюцыянерка. Яна —жанчына, якая вучыцца разважаць і разумець саму сябе. Квэй-лан нарадзілася ў Кітаі, дзе традыцыі моцныя, як каменныя сцены. Яна вучылася слухацца, захоўваць сямейны гонар, быць годнай дачкой і жонкай. Але муж, які атрымаў заходнюю адукацыю, паказаў ёй, што можна жыць інакш — не руйнуючы мінулае, а спалучаючы найлепшае з традыцый і прынцыпаў здаровага розуму.
Пэрл Бак хоць і была народжанай амерыканкай, у кітайскім коле лічыцца за сваю. Яна змагла прыглядзецца да прыхаванай кітайскай культуры праз свае заходнія акуляры. У цэнтры твора Бак сапраўды два ветры. Той што з Захада прыносіць у традыцыйную кітайскую сям’ю такія інавацыі як раўнапраўе палоў і сутыкаецца з моцным шквалам з Усходу. Тая самая метафізічная традыцыя мае ў рамане зайздрасную для нас моцу.
Аповед у кніжцы вядзецца ад імя кітайскай жанчыны, якая назірае за тым, як гэтыя два ветры змешваюцца. З аднаго боку, мы назіраем як каханне разбурае межы і шаблоны заданыя нам культурай, а з іншага, якая важная роля лакальнай культуры ў жыцці і як цяжка без яе выжыць.
Звычаі і традыцыі, апісаныя ў кнізе, часам шакуюць. Але вось што галоўнае: у чытача, наўрад ці ўзнікне ўспрыманне гэтых людзей, у першую чаргу жанчын, як няшчасных, затурканых. Яны не нэндзы, яны не ахвяры, пры ўсім, што быццам і ахвяры. Галоўная гераіня — спадкаемца старажытных традыцый, носьбіт пэўнага культурнага коду. І вось такая сумесь урэшце нараджае кітаянку-чалавека.
З аднаго боку, як сказаў бы нехта, мы бачым закасцянеласць, даведзеную да абсурду вернасць нормам патрыярхальнасці, дзе жанчына — літаральна рэч, што жонка, што наложніца. З другога боку, бачна не проста адданасць культуры краіны, але недзе непрамоўленым застаецца, быццам за тонкай кісяёй шоўку, гонар за Кітай, за ягоную гісторыю і культуру.
Цікавасць кнігі трымаецца на шчырасці аповеду, які замешаны на пачуццях жанчыны, ды вось толькі тут пачуцці не тыя «выключна жаночыя», якія інерцыйна чакаюцца. Галоўная гераіня ў сваіх лістах паўстае і жонкай, і дачкой, і нявесткай, і сястрой, і сяброўкай, і маці.
Роля жанчыны ў рамане — другая важная яго частка. Пэрл Бак не выказвае свайго меркавання. Магчыма, жанчына — проста набор культурных абавязкаў. Можа, сапраўды, падзел жаночага і мужчынскага — вынік тысячы гадоў маральных догмаў. Але ці сапраўды гэта простая дэлюзія і няма ніякага натуральнага парадку рэчаў? А калі тады гэтая дэлюзія паўстала і галоўнае чаму?
Але цэнтр, ядро раману — гэта каханне. Каханне галоўнай гераіні вызваляе яе ад хтанічнасці традыцыйнага парадку, каханне яе брата перагортвае жыццё сям’і з ног на галаву.
Напэўна ў сучасныя часы такі раман мог бы і ня выйсці зза класічнага «каланіяльнага» погляду на чужынскую культуру, у якім пэўныя рэцэнзенты ўбачылі і троп пра «noble sauvage» і арыенталізм. Але такія кнігі чытаць усё роўна важна, каб не забываць якіх пунктаў гледжання мы прытрымліваліся 100 гадоў назад і якім быў сусвет хоць нават і праз заходнюю оптыку.
Паводле прэс-рэліза