Неяк пару гадоў таму, на чарговыя ўгодкі развалу СССР, сядзеў я з таварышам у бары. Сустрэча нашая ніяк не была звязаная з гэтай падзеяй, але не закрануць яе мы не маглі. І тут раптам сябар кажа: “Ведаеш, а СССР – гэта ж насамрэч такі сабе вялікі сацыяльны эксперымент, які, калі б праканаў, быў бы цяпер паўсюль”.
Словы ягоныя мне запомніліся таму, што насамрэч так шмат у чым і было. Савецкі Саюз – гэта першая ў свеце дзяржава чацвёртага саслоўя, рабочых і сялянаў. Прынамсі так дэкларавалася з афіцыйных трыбунаў. Гэта першая дзяржава, дзе была рэалізаваная дыктатура пралетарыяту, а сам пралетарыят быў абвешчаны пануючым класам. Што праўда, кіравалі “гегемонам” зусім не рабочыя і тым больш не сяляне.
Трэба аддаць належнае: тэарэтыкі камуністычнай ідэалогіі стварылі прыгожую ідэю, якая здолела цвёрда засесці ў галовах. Сутнасць яе не новая: ва ўсе часы існавалі людзі, якія былі незадаволеныя пануючымі эканамічнымі зносінамі і размеркаваннем прыбыткаў. Але ў гэтым выпадку новым быў падыход: не проста скінуць эксплуататараў, каб вызваліць прыгнечаных, але і перавярнуць свет дагары нагамі. Можна смела сказаць, што Карлу Марксу вельмі пашэнціла з Леніным – вось дзе быў сапраўды таленавіты вучань-практык. Каб не Ільіч, то Маркса цяпер хутчэй за ўсё забылі б: быў бы яшчэ адзін нейкі мысляр, які пісаў нейкія там незразумелыя кнігі.
Пэўны час пасля ажыццяўлення Кастрычніцкай рэвалюцыі камуністы ўсё яшчэ спадзяваліся, што ім усё ж удасца з раскладзенага вогнішча грамадзянскай вайны раздзьмуць пажар сусветнай рэвалюцыі. То бок землі былой Расійскай імперыі імі разглядаліся выключна як пляцоўка для падрыхтоўкі будучага наступу ва ўсе бакі. Менавіта таму топавыя бальшавікі так віртуозна мянялі сваю палітыку, не зважаючы на ўласныя прынцыпы. Вось вам такі факт: пасля ўвядзення НЭП многія камсамольцы лічылі сябе падманутымі ўладамі, а схільны да дэпрэсіі Мікалай Астроўскі спрабаваў нават скончыць жыццё самагубствам праз гэта. Гэта ўжо значна пазней ён напіша свой знакаміты раман “Так гартавалася сталь” і стане вядомым савецкім пісьменнікам.
Гэтак жа хутка, як у палітыцы або эканоміцы, мянялі свае падыходы бальшавікі і ў культуры. Ленін, як бы дзіўна гэта ні гучала, быў вельмі кансерватыўным чалавекам у пытаннях мастацтва. Яму, як і многім ягоным паплечнікам, авангардныя напрамкі былі, мякка кажучы, незразумелымі. Але і справы да іх не было ніякай – трэба было рабіць рэвалюцыю. Можа быць, менавіта таму і ўдалося прагучаць розным авангардыстам – Маякоўскаму са сваімі футурыстамі ды іншым.
Прадказальна, што на змену гэтай яскравай рэвалюцыйнай эпосе прыходзіць час рэакцыі. Уладзімір Уладзіміравіч пачаў разумець гэта, як сапраўдны футурыст, вельмі рана. На дварэ стаяў яшчэ ўсяго 1926 год, а ён ужо напісаў сваю знакамітую “Размову з фінінспектарам пра паэзію”, дзе фактычна прадказаў усё, што адбылося з новай савецкай культурай у будучыні. (Верш гэты, дарэчы, вельмі крута пераклаў на беларускую мову і таленавіта асучасніў Віталь Рыжкоў для новага альбома Змітра Вайцюшкевіча “Люблю” на вершы Маякоўскага)
Культура 30-х была ў духу свайго часу. Даўно ўжо адмовіліся ад ідэі сусветнай рэвалюцыі і перайшлі да пабудовы камунізму ў адной асобна ўзятай краіне. Адбыўся рэзкі паварот да класіцызму, а ўсё авангарднае было вынішчанае або выціснутае на маргінэс. Пачынае паступова афармляцца культ новых герояў. Прычым рабілі іх даступнымі і зразумелымі, часам нават камічнымі. Згадаць хаця б Чапаева (1934). Тут бачым імператыў – маўляў, не пераймайцеся высокімі матэрыямі, а проста змагайцеся з класавымі ворагамі. Відаць, такім чынам і гадавалася свая школа адсутнасці любых прынцыпаў.
Атмасфера гвалту і нянавісці да тых самых ворагаў падтрымлівалася з самага верху і транслявалася ў надзвычай простых формах. Згадаем хаця б фрагмент з фільма “Ленін у Кастрычніку” (1937) з “очень толковым письмом”:
За рэакцыяй чакана надышла эпоха застою, а потым і наогул стагнацыі. Штучна створаная атмасфера герметычнасці фармавала такія ўмовы, пры якіх вытрымаць канкурэнцыю з Захадам у часе халоднай вайны было ўжо проста немагчыма. Заходні лад жыцця стаў мэйнстрымным. Жалезная заслона ўсё яшчэ была, але саветчына крок за крокам паступова саступала пазіцыі, бо не магла прапанаваць сапраўднай альтэрнатывы. Ці варта згадваць, што ў 1968 годзе з Мінску прайшоў першы біт-фестываль?
Старэйшыя таварышы распавядалі, што ў канцы савецкай эпохі ніхто ўжо не верыў ва ўзнёслыя камуністычныя ідэалы, якіх наеліся за ўсе гэтыя гады дастаткова. Плакат са Шварцэнэгерам і самаробная качалка ў сутарэннях вельмі хутка замянілі піянерскі гальштук. Зрэшты, камсамольскім значкам тады нельга было перамагчы кока-колу, як цяпер ім жа нельга перамагчы Facebook. А каб паглядзець на легендарную ўжо амерыканскую выставу, а яшчэ лепей – атрымаць значак з амерыканскім сцяжком, выстройваліся велізарныя чэргі.
У Ягора Летава быў такі цікавы праект пад назвай “Камунізм”, большасць альбомаў у межах якога была запісаная ў 1989 годзе. Ствараў яго Летам разам з аднадумцамі хутчэй для сябе. Наўрад ці яны думалі, што альбомы пад гэтай шыльдай стануць сапраўдным архівам паваеннай савецкай культуры. Прычым як афіцыёзнай, пафаснай, так і простай дваровай. Слухаеш тыя рупліва сабраныя і запісаныя песні хрушчоўскай і брэжнеўскай эпохі, і робіцца зразумела, якімі абяцанкамі-цацанкамі пра светлае заўтра ўлады кармілі народ. І што ён, савецкі народ, з гэтай нагоды думаў, чым адказваў.
У межах “Камунізму” пабачыў свет і альбом “Ленениана” – забаўны такі арт-калаж, створаны з розных нарэзак, з пласцінак і кіно. Аўтары, самі таго не разумеючы, вельмі добра папрацавалі: у гадзінным альбоме на фактычным матэрыяле ў іх атрымалася цудоўна паказаць усю абсурднасць савецкай прапаганды. Ленін у альбоме паказаны не проста карыкатурным, або камічным – ён проста нейкая сюррэалістычная істота. Максім Семеляк, вядомы расійскі музычны журналіст, так выказваўся пра гэты альбом:
“Созданную по мотивам соответствующего кинематографа «Лениниану» можно с полным на то основанием обозвать и соц-артом, и spoken word, и пландерфоникой, и еще сколь угодно представительно, но по сути это любительский радиотеатр. Это, пожалуй, единственный альбом «Коммунизма», который не вызывает ничего, кроме смеха — причем не абсурдистского, а вполне гайдаевского. «Лениниана» — памятник той эпохе, когда сам факт записи на плёнку чего бы то ни было, а также дальнейшей с этой плёнкой манипуляции вызывал смешанные чувства — на грани восторга, катарсиса и недоумения — причем не столько у слушателей, сколько у создателей. С тех пор всё сотни раз поменялось, политическая составляющая (равно как и собственно концептуальная) давно не представляется актуальной, однако альбому это пошло только на пользу: та же фраза «А у соседей сейчас нельзя достать план Петрограда?» до сих представляется гомерически смешной, а ленинский голос Бориса Щукина уже сам по себе сокровище”.
Забаўна, але пры гэтым для многіх сучасных расійскіх рэваншыстаў Летаў – гэта аўтарытэт. Зрэшты, як і Сяргей Курохін, які ўжо ў 90-я назваў Леніна ў адной з перадачаў грыбам. Любяць яны згадаць і вучонага Льва Гумілёва, сына паэта Мікалая Гумілёва, які прыклаў не толькі тытанічныя высілкі для развіцця еўразійства, але і фактычна прадказаў распад СССР, дакладна акрэсліўшы яго прычыны. Пра гэта проста цяпер не любяць гаварыць.
У выніку мы прыйшлі да таго, з чаго пачыналі: камунізм так і не быў пабудаваны, эксплуатацыя чалавека чалавекам нікуды не знікла, а пра нейкую сацыяльную роўнасць наогул не выпадае гаварыць. Вялікі сацыяльны эксперымент скончыўся тым, з чаго і пачаўся: галечай, галотай, войнамі, нянавісцю і няпэўнасцю ў заўтрашнім дні для простых людзей.
Канстанцін Касяк, budzma.by