Віцебск і яго асобы

17.03.2021 Краіна

17 сакавіка адзначаецца гадавіна атрымання Віцебскам герба. З гэтай нагоды «Будзьма!» вырашыла звярнуцца да мінуўшчыны і прыгадаць цікавыя факты з гісторыі горада, некаторыя з якіх могуць аказацца для многіх нечаканымі.

Альгерд і ВКЛ

Віцебск — адзін з самых буйных гарадоў сучаснай Беларусі і надзвычай адметны як для гісторыі краіны, так і для гісторыі культуры. Першая згадка пра Віцебск адносіцца да 1021 года ў сувязі з пераходам горада ад вялікага князя кіеўскага Яраслава да полацкага князя Брачыслава. Ужо з 1101 года горад стаў цэнтрам Віцебскага княства. Пасля смерці апошняга віцебскага князя княства атрымаў (як спадчыну жонкі) Альгерд. Так з 1321 года горад стаў часткай Вялікага Княства Літоўскага.

Цягам сваёй гісторыі горад не аднойчы цярпеў і руйнаваўся, але нягледзячы на гэта, заставаўся адным з найбуйнейшых і найбольш значных. Так, у 1441 годзе Віцебск згадваецца сярод найбуйнейшых гарадоў ВКЛ, а ў 1597 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі (а таксама кароль шведскі) Жыгімонт Ваза надаў Віцебску герб і магдэбургскае права. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 года Віцебск далучыла да сябе Расійская імперыя, а магдэбургскае права было скасаванае Кацярынай ІІ.

Напалеон і Малевіч

Цікава адзначыць, што менавіта ў Віцебску ў 1898 годзе французскі прыватнік пусціў першы ў Беларусі трамвай (апярэдзіўшы расійскія Маскву і Санкт-Пецярбург). Тут жа ў 1898 годзе адбыўся першы кінапаказ.

З гісторыяй Віцебска звязана шмат знакамітых імёнаў. Перш за ўсё, гэта ўніяцкі святар Іасафат Кунцэвіч, якога забілі жыхары горада (і праз што часова былі пазбаўленыя магдэбургскага права). Сярод найбольш гучных асобаў, можна згадаць французскага імператара. Так, у Віцебску дагэтуль захаваўся Губернатарскі палац, у якім некалькі тыдняў жыў імператар Напалеон Банапарт і дзе прыняў рашэнне ісці на Маскву. Адметна, што ў гэтым палацы Напалеон таксама пампезна адсвяткаваў свой 43-і дзень нараджэння.

У Віцебску жыў і працаваў знакаміты расійскі хірург Карл Гібенталь, які першым прапанаваў выкарыстоўваць у медыцыне гіпсавую павязку і апрабаваў яе менавіта тут. Вядомы фатограф (і сябра Рэпіна) Сігізмунд Юркоўскі падчас жыцця ў Віцебску ў 1867 годзе адкрыў фотаатэлье і пакінуў калекцыю здымкаў горада.

Адной з найбольш адметных сфер для гісторыі горада стала мастацтва. Сярод найбольш славутых мастакоў, дзякуючы якім горад ператварыўся ў буйны культурніцкі цэнтр, можна згадаць сусветнавядомага ўраджэнца Віцебска Марка Шагала, ягонага настаўніка Юдаля Пэна, які адкрыў тут мастацкую школу у 1898 годзе, і Казіміра Малевіча, які кіраваў у Віцебску Народнай мастацкай вучэльняй (якую ўзначальваў Шагал). Менавіта гэты горад падараваў свету авангардную мастацкую супольнасць УНОВИС, якая паўплывала на сусветны мастацкі авангард.

З гісторыяй Віцебска звязаныя не толькі мастакі, але і пісьменнікі. Так, у розныя часы горад наведвалі Аляксандр Пушкін, Мікалай Гогаль, Тарас Шаўчэнка, Іван Бунін, Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны. Тут нарадзіўся пісьменнік Лазар Лагін — аўтар славутага твора «Стары Хатабыч», а да Другой сусветнай вайны ў Віцебску навучаўся Васіль Быкаў. Акрамя таго, у Віцебску жылі, вучыліся, працавалі філосаф Міхаіл Бахцін, скульптары Заір Азгур і Андрэй Бембель.

Спадчына

Не толькі войны і час знішчалі архітэктурныя помнікі горада. Шмат значных гістарычных будынкаў зруйнавалі камуністы ў ХХ стагоддзі (замак Х стагоддзя, шэраг храмаў і касцёлаў XIV–XVIII стагоддзяў ды іншае). Але нягледзячы на гэта, некаторыя значныя помнікі захаваліся ў Віцебску дагэтуль. Сярод іх — адноўленая Свята-Васкрасенская царква і Свята-Казанская царква XVIII стагоддзя, адноўленая Свята-Дабравешчанская царква XII стагоддзя, Губернатарскі палац XVIII стагоддзя ды шэраг іншых рэлігійных і свецкіх помнікаў архітэктуры ХІХ стагоддзя. Асобнае месца ў спадчыне горада займае гарадская ратуша, пабудаваная ў XVIII стагоддзі.

Кірыл Стаселька, budzma.org